Беларускія трамваі могуць хутка з’явіцца на вуліцах Новасібірска

Эканомная мадэрнізацыя

Сумеснае беларуска-расійскае прадпрыемства па зборцы і рамонце трамваяў можа быць створана ў Новасібірску. Пра гэта паведамляе інфармагенцтва Sputnik.

Па словах главы камісіі па гарадской гаспадарцы Новасібірска Ігара Кудзіна, у гэтым сібірскім горадзе склалася крытычная сітуацыя на прадпрыемстве “Горэлектротранспорт”: кампанія мае вялізную крэдыторскую запазычанасць.

Для выйсця са складанага становішча гарадскія ўлады прапануюць мадэрнізаваць увесь трамвайны парк. З’явілася і прапанова аб стварэнні сумеснага прадпрыемства з мінскім “Белкамунмашам”.

На нядаўняй сесіі гарсавета мэр Новасібірска Анатоль Локаць заявіў: “У нас больш за 140 трамваяў, знос значнай колькасці з іх складае звыш 50 працэнтаў. Што мы прапануем? Узяць стары трамвай, разабраць яго, пакінуць толькі частку, якая не падвяргаецца зносу, у асноўным гэта — рама. Да яе дадаць новы рысор, новую падвеску, новы кузаў з Беларусі”.

Такая вытворчасць, на думку Анатоля Локаця, дазволіць сэканоміць да 50 працэнтаў ад сённяшняй рынкавай цаны трамваяў. Чакаецца, што трамваі, вырабленыя сумесна расійскімі ды  беларускімі спецыялістамі, будуць мець сертыфікат якасці на 15 гадоў.

Новасібірск летась у верасні атрымаў дзесяць спісаных у Маскве трамваяў 1990-х гадоў выпуску. А беларускі бок прапанаваў стварыць у горадзе пляцоўку па іх рамонце. Плануецца, што ў першы год кампанія мадэрнізуе для горада 12 трамваяў за 200 мільёнаў расійскіх рублёў.

Аб’яднанне “Белкамунмаш”, вытворца грамадскага электратранспарту, створана ў 1973 годзе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter