Дзятлы, гусі, пелікан

На вадаёмах Чэрвеньшчыны можна ўбачыць ружовага пелікана

— Кажуць, у Чэрвеньскім раёне, што вельмі дзіўна, днямі бачылі ружовага пелікана. Падкажыце, ці магла такая птушка трапіць у Беларусь? — пытае Канстанцін Вусаў, жыхар Чэрвеня.

— Ружовы пелікан і сапраўды прыляцеў, — гаворыць Сямён Левы, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны». — Жыве зараз на сажалках рыбгаспадаркі «Волма». Харчуецца, пералятаючы з вадаёма на вадаём, паводзіць сябе вельмі асцярожна. Дарэчы, у мінулым годзе пеліканаў сустракалі ў Салігорскім і Маладзечанскім раёнах. У 1981-м гэтая птушка была занесена ў Чырвоную кнігу. Там пазначалася, што ў пачатку 20-га стагоддзя пеліканы гняздзіліся на Дняпры. Цяпер жа яны для нас і сапраўды экзотыка і адносяцца да залётных відаў. Дарэчы, акрамя пеліканаў з рэдкіх птушак гэтай вясной да нас прыляцелі яшчэ і горныя гусі. Іх бачылі ў Магілёўскім і Бялыніцкім раёнах. Звычайна ж яны гняздзяцца ў Польшчы.

Адзначу таксама, што, нягледзячы на даволі цёплае надвор’е, з выраю вярнуліся далёка не ўсе птушкі. Не прыляцелі пакуль стрыжы, у маі вернуцца зялёныя пеначкі. Днямі бачылі першых гарадскіх ластавак, дзятлаў-круцігаловак і зязюль. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter