СТВ заставило петь банкира, учителя и майора милиции

Дзве зоркi, дзве светлыя аповесцi

Веснавыя «Дзве зоркі» сталі самым рэйтынгавым праектам на СТБ у гэтым годзе. Тады, нагадаем, разам з артыстамі эстрады спявалі вядучыя канала. «Чаму б  не паўтарыць гэты поспех?» — падумалі стваральнікі конкурсу і вырашылі зрабіць яшчэ адзін сезон. На гэты раз у якасці другой зоркі запрасілі людзей, зусім далёкіх ад сцэны. Сярод удзельнікаў — намеснік кіраўніка аднаго з банкаў, маёр міліцыі, настаўніца, байкер і іншыя. Карэспандэнт «Р» пабывала на здымках праекта і адзначыла самыя яркія пары.


Вольга ПЛОТНIКАВА i Кiрыл АРЦЁМЕНКА.


Іна Афанасьева і Іван Стральцоў


Многіх гэта здзівіць, але малады артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага — гэта сын заслужанай артысткі Беларусі.  І яшчэ адно дзіва: Іван і Іна ўпершыню разам выйшлі на сцэну. Афанасьева прызналася, што заўсёды хацела, каб яе сын спяваў. Але хлопчык, якога часта папракалі мамінай славай, быў катэгарычна супраць. Хаця, па версіі самога Івана, на музыцы ён паставіў крыж, каб не ганьбіць маці. Хлопец доўга шукаў свой шлях у жыцці, але нават калі вырашыў паступаць у Акадэмію мастацтваў, не звярнуўся па дапамогу да Іны. На экзамене ён упершыню спяваў перад людзьмі. І няўдала — атрымаў шасцёрку. Але дзясяткі па іншых дысцыплінах далі магчымасць паступіць у акадэмію. Яго педагог, заслужаная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік, акрамя акцёрскага майстэрства «прапісала» і вакал. Але Іван падкрэслівае, што гэты ўзровень усё роўна можна лічыць аматарскім.

Словам, калі маці прапанавала сыну паўдзельнічаць з ёй у «Дзвюх зорках», Стральцоў катэгарычна адмовіўся. Такі сумніўны піяр яму быў непатрэбны. Угаворвалі яго ўсёй грамадой: бацькі, жонка і гэтак далей. А потым раптам зразумеў, што праект СТБ — гэта выдатны шанц, каб маці з ім пазаймалася музыкай, аб чым ён даўно ўжо марыў, але баяўся прызнацца.

Іван вельмі хвалюецца, калі цяпер выходзіць на сцэну з родным чалавекам. Але ласкавыя словы маці, якія яна шэпча яму на вушка, натхняюць яго, прымушаюць сабрацца і не падвесці заслужаную артыстку.

Ларыса Грыбалёва і Мікалай Мірны



Бізнесмен і бацька вядомага тэнісіста прызнаецца, што ўжо пяць гадоў імкнецца выйсці з шоу-бізнесу, але яго сябар прадзюсар Ягор Хрусталёў час ад часу залучае яго ў розныя авантуры, і адмовіць яму ён не можа. Мікалай Мікалаевіч прызнаўся, што да гэтага часу ён дазваляў сабе спяваць толькі ў душы. Яго рэпертуар — творы з фільма «Вясна на Зарэчнай вуліцы». Не сказаць, што яго жонцы вельмі падабаюцца гэтыя спевы, але менавіта яна стала мастацкім кіраўніком дуэта Грыбалёва—Мірны. Яна ж адшуквала вольную гадзіну ў шчыльных графіках двух занятых людзей і прызначала ім месца сустрэчы. Ларыса да голасу свайго партнёра ставіцца з разуменнем: маўляў, ён і не павінен умець спяваць — у гэтым і ёсць разыначка праекта. Але Мікалай Мікалаевіч вельмі адказна адносіцца да свайго новага занятку, нават пасярод ночы прачынаецца, каб паўтарыць словы песень. 

Жанэт і Уладзімір Карачэўскі


Спявачка прызналася, што з насцярожанасцю чакала, хто ж стане яе партнёрам. А калі пачула прозвішча дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, былога намесніка міністра культуры, то адразу супакоілася. Яны ніколі не былі знаёмыя, але неаднаразова перасякаліся на розных канцэртах. На іх яна і даведалася, што кансерваторый Карачэўскі не заканчваў, але спявае няблага. «Мяне радавала, што не прыйдзецца нікога вучыць нотам, а можна будзе з лёгкасцю і задавальненнем рыхтавацца да выступленняў. Тым больш што і тэмбры ў нас супалі», — гаворыць Жанэт. 

Уладзімір Карачэўскі сапраўды даўно і няблага спявае. «Можна мяняць месца работы, пасады, але музыка заўсёды гучыць у маёй душы, таму час ад часу звяртаюся да яе, — прызнаўся Уладзімір Міхайлавіч. — Не вагаючыся прыняў запрашэнне на «Дзве зоркі». Карачэўскаму да такой ступені было лёгка і цікава працаваць над песнямі з Жанэт, што яны вырашылі пасля праекта запісаць якую-небудзь сумесную кампазіцыю.

Уладзімір Громаў і Тамара Лісіцкая


Гэты дуэт першапачаткова мае перавагу над сваімі сапернікамі. І заслужаны артыст Беларусі, і вядомая пісьменніца і радыёвядучая ўжо былі ўдзельнікамі «Дзвюх зорак», калі яны яшчэ выходзілі на канале АНТ. І абодва былі пераможцамі, толькі з рознымі партнёрамі. Што ў іх атрымаецца ў дуэце? «Я як не ўмела спяваць, так і не ўмею, — гаворыць Тамара. — Я люблю прыгоды, і ўдзел у гэтым праекце я менавіта так і пазіцыянірую». Мне прыемна, што Уладзімір, як і некалі мой былы партнёр Пётр Ялфімаў, вельмі прыязна да мяне ставіцца. Мая роля ў нашым дуэце акцёрская, і, як гаворыць журы, я добра яе выконваю».

Яна МIЛЕЎСКАЯ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter