Дзед Мароз, ён жа Зюзя…

Колькі імёнаў у таго, хто прыносіць падарункі дзецям на навагоднія святыНа навагодніх святах, акрамя ёлкі, падарункаў і весялосці, абавязкова ёсць Дзед Мароз. Загадкавая асоба, імёны мае розныя: у ЗША гэта Санта Клаўс, у Аўстрыі — Сільвестр, у Англіі — вядомы Бацюхна Ражджаство, у Кітаі — Шэн Дань Лаожэнь. У беларускага дабрадзея дзетвары імёнаў чатыры. Ну, хто адразу адгадае — той цукерку атрымае! Адказ: у нас прыжыліся тры “міжнародныя” яго брэнды — Дзед Мароз, Санта Клаўс і Святы Мікалай. Ёсць і яшчэ адзін — нацыянальна арыентаваны язычніцкі Зюзя. Усе чацвёра — моцныя дзяды, але выглядаюць па-рознаму. Маюць розную вопратку, характары, і далёка не ўсе робяць падарункі.
Дзеда Мароза цяпер шмат дзе сустрэнешКолькі імёнаў у таго, хто прыносіць падарункі дзецям на навагоднія святы
На навагодніх святах, акрамя ёлкі, падарункаў і весялосці, абавязкова ёсць Дзед Мароз. Загадкавая асоба, імёны мае розныя: у ЗША гэта Санта Клаўс, у Аўстрыі — Сільвестр, у Англіі — вядомы Бацюхна Ражджаство, у Кітаі — Шэн Дань Лаожэнь. У беларускага дабрадзея дзетвары імёнаў чатыры. Ну, хто адразу адгадае — той цукерку атрымае! Адказ: у нас прыжыліся тры “міжнародныя” яго брэнды — Дзед Мароз, Санта Клаўс і Святы Мікалай. Ёсць і яшчэ адзін — нацыянальна арыентаваны язычніцкі Зюзя. Усе чацвёра — моцныя дзяды, але выглядаюць па-рознаму. Маюць розную вопратку, характары, і далёка не ўсе робяць падарункі.
“Зюзя на дварэ — куцця на стале”
Самым беларускім Дзедам Марозам, пэўна, можна лічыць даўным-даўно вядомага ў нашых мясцінах Зюзю. Імя яго, падказваюць даследчыкі, бярэ пачатак ад даўняга дзеяслова “зюзець”, што азначае: мерзнуць, калець ад марозу. У беларускай міфалогіі Зюзя — гэта бог зімы і марозу. Паводле паданняў, дзядок Зюзя нізенькага росту, але моцны, з белымі як снег валасамі і такой жа доўгай барадой. Носіць цёплае белае адзенне, а ходзіць, дзівак, без шапкі і выключна басанож. Пры сабе абавязкова мае жалезны кій. Характарам Зюзя гарачы і калі злуецца, то б’е кіем сваім па пнях і дрэвах так, што зямля скаланаецца. Прычыны для незадаволенасці ў яго розныя. Ён можа папярэдзіць аб набліжэнні лютай сцюжы і завеі, ці суровай зімы на наступны год. Продкі нашы адначасова і баяліся, і паважалі яго. Каб неяк задобрыць старога, дарылі яму падарункі. Так, пад час Каляд, калі рыхтавалі адмысловую абрадавую куццю, выстаўлялі яе на ноч на асобным стале і запрашалі Зюзю ў дом са словамі: “Мароз, Мароз! Хадзі куццю есці! Каб ты не марозіў ячменю, пшаніцы, гароху, чачавіцы, проса, грэчкі і ўсяго, што мне Бог судзіць пасеяць!” Калі на другі дзень мароз паслабее, то кажуць, што гэта “мароз паеў куцці і паласкавеў”. А калі зробіцца мацнейшым, значыць, куцця не спадабалася, вось і “разгневаўся марозе...”
Дарэчы, фальклорны вобраз Зюзі ўжо адноўлены-ажыўлены, і пасяліўся дзед пад Паставамі побач з вёскай Азяркі, таму і назвалі яго Зюзя Паазерскі. У яго вотчыну часта прывозяць турыстаў, якія ў карчме з задавальненнем частуюцца стравамі ад Зюзі: ім даюць чарачку, скварачку і салёны агурочак. Смачна!
Цяпер у Дзеда Мароза ў памагатых не толькі Снягурачка“У Мiколiн дзень ва ўсякай хаце пiва”
Ушанаванне святога Мікалая на беларускіх землях пачалося, мусіць, напрыканцы X стагоддзя, калі тут з’явіліся хрысціяне. Сёння, як вядома, гэтага святога лічаць гістарычным продкам і Дзеда Мароза, і Санта Клаўса.
У адрозненне ад міфічнага Зюзі святы Мікалай — рэальны чалавек са старажытналікійскага горада Патары, з сям’і набожных, шляхетных і багатых бацькоў, якія далі яму імя Мікалай, што азначае: пераможца народаў. Сваімі добрымі ўчынкамі яшчэ ў IV стагоддзі ён праславіўся, калі ў хрысціян яшчэ не было падзелу на праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў. Цяпер Міколаў дзень у каталікоў і пратэстантаў святкуецца 6-га, а ў праваслаўных 19 снежня. Але падарункі дзецям святы Мікалай не дорыць! Як пісала фалькларыстка Лія Салавей, на беларускіх землях раней наогул не было традыцыі дарыць калядныя падарункі. Таму дзецям трэба было заслужыць прысмакі пад час каледавання. Для гэтага пякліся спецыяльныя мірскія пірагі, і дзеці адпраўляліся па хатах з песнямі: выпрошваць пачастункі. Затое для дарослых Мікола быў сапраўдным святам. Напярэдадні варылі шмат бражкі ці піва. Увечары пры свечках пачынаўся абыход дамоў аднавяскоўцаў. Пры тым у кожнай хаце павінны былі наліць чарку ды выпіць з гасцямі. Вядома ж, весела ўсім было!
Адкуль прыйшоў Дзед Мароз?
Беларускі Дзед Мароз — з нашай савецкай мінуўшчыны. У аснову вобраза пакладзены славянская язычніцкая міфалогія і ўсе зімовыя багі, якім пакланяліся на Русі: Траскун, Студзянец, Марозка, Зімнік, Карачун. Спачатку чалавекалюбствам і бескарыслівасцю гэты персанаж не вызначаўся. Характар меў, мусіць, такі ж няроўны, як і беларускі Зюзя. Таму і яго даводзілася залагоджваць. З зімовага “тэрмінатара” ў добрага дзядулю, які раздорвае падарункі ўсім дзецям, ён ператварыўся толькі ў канцы 30-х гадоў XX стагоддзя. Пазней памяняўся і яго знешні выгляд. З фіялетавага футра ён пераапрануўся ў больш святочнае, чырвонае, вышыванае золатам. Ростам стаў вышэй, голасам памацнеў, і прыгожую ўнучку-спадарожніцу Снягурку сабе набыў. З 2003 года Дзед Мароз як гэткі правобраз славянскага братэрства абраў пастаяннае месца жыхарства ў Белавежскай пушчы. Так у яго свая шыкоўная сядзіба. У добрую казку адразу паверылі дзеці. Штодня на яго паштовую скрыню прыходзяць сотні лістоў ад іх. Таму беларускаму Дзеду Марозу адпачываць не прыходзіцца, працуе ён і гасцей прымае круглы год, толькі футра мяняе летам на простую світу.
Чараўнік з мяшком. Добры і шчодры
Як бачым, выбар галоўнага героя свята Новага года і Калядаў у беларусаў ёсць з каго зрабіць. Хочаш — едзь да беларускага Зюзі Паазерскага, хочаш — да Дзеда Мароза з славянскімі каранямі. А можаш святкаваць і з Санта-Клаўсам. Галоўнае: каб быў добры настрой! І хай прыносіць добры чараўнік у сваім мяху здароўе і шчасце ўсім, хай паспрыяе, каб збываліся ў Новым годзе нашы запаветныя жаданні.

Іна Ганчаровіч
На здымках:
Дзеда Мароза цяпер шмат дзе сустрэнеш
Цяпер у Дзеда Мароза ў памагатых не толькі Снягурачка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter