Даўгаўпілскія беларусы запалілі “Перабродскую зорку”ў Мёрскім раёне Віцебшчыны, а потым гасцявалі ў Браславе

Дзе зоры глядзяцца ў азёры

Даўгаўпілскія беларусы запалілі “Перабродскую зорку”ў Мёрскім раёне Віцебшчыны, а потым гасцявалі ў Браславе


Даўгаўпілскі “Лянок” гастраляваў па Віцебшчыне

Не стамляемся адкрываць для сябе ўсё новыя прыгожыя мясціны роднай Бацькаўшчыны. У сярэдзіне ліпеня, на вяршыні лета пашчасціла творчым гуртам з Даўгаўпілса пабываць у Пераброддзі. Маляўнічая вёска — на беразе дзіўнай прыгажосці возера. Там ладзіўся юбілейны, Х фэст народнай творчасці “Перабродская зорка”. З даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры па запрашэнні аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мёрскага райвыканкама паехалі два калектывы: танцавальны “Лянок” (кіраўніца Яніна Юзэфовіч) і вакальны сеньёраў “Спадчына” (кіраўніца Вера Сухарава).

Фэст быў з размахам: выступалі артысты з Мёрскага раёна, Браслава, Шаркаўшчыны, Пастаў, Верхнядзвінска. І мы цудоўна ўпісаліся ў святочную праграму. Быў, напрыклад, амаль гадзінны канцэрт даўгаўпілскіх артыстаў. Захапленне, авацыі гледачоў — так здорава бачыць і чуць! Нам падпявалі, з намі падтанцоўвалі, нават карагод вадзілі: гэта “інтэрактыў” такі ад “Лянка”. Вядучая праграмы, метадыст ЦБК Марыя Памецька павіншавала арганізатараў, творчыя гурты і гасцей фэсту са святам, хораша пажадала ўсім творчага натхнення, цудоўнаму краю — росквіту, і падарункі ўручыла.

Пасля канцэрту, прагулкі па вёсцы, смачнага абеду ў кафэ на беразе возера гасцей-даўгаўпілсцаў павезлі ў Браслаўскі музей традыцыйных культур. Ён — пры возеры, у былым млыне: помніку архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Дырэктар музея Эла Зінкевіч расказала шмат цікавага пра экспазіцыі, прысвечаныя ткацтву, пляценню, мясцовым разьбярам. Пабачылі мы прыстасаванні для апрацоўкі лёну, воўны, працы з глінай, бачылі творы мастакоў, народных майстроў. А колькі цікавага ў традыцыях, звычаях жыхароў Браслаўшчыны! У знак падзякі гурт “Спадчына” выканаў песню “Мірта”.

Заснавальніца таварыства “Уздым” Яўгенія Гуляева перадала ў фонд музея рэліквіі бацькі, ветэрана Другой сусветнай вайны Вячаслава Ігнатавіча Ардынскага: ордэны, медалі, ваенны білет, фотаздымкі, іншыя каштоўныя дакументы. Будзе ў музеі таксама й апісанне гісторыі жыцця гэтага вельмі таленавітага чалавека, які быў выдатным кавалём, пчаляром, сталяром і музыкам. Ён цудоўна граў на баяне, гармоніку, сам зрабіў скрыпку.

Паездка стала магчымаю дзякуючы Пагадненням аб супрацоўніцтве паміж ЦБК ды аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мёрскага і Браслаўскага райвыканкамаў. Гэта наша падказка актывістам іншых суполак замежжа: не палянуйцеся афіцыйна аформіць патрэбныя дакументы. Мы ўдзячны за сардэчны прыём намесніцы старшыні Мёрскага райвыканкама Таццяне Стальмачонак, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандру Тронькіну, старшыні сельскага савета Пераброддзя Віктару Дзеравянчыку, а таксама арганізатарам, удзельнікам і гасцям фэсту. Наш паклон за выдатную экскурсію кіраўніцы Браслаўскага музейнага аб’яднання Надзеі Дударонак, дырэктарцы Браслаўскага музея традыцыйных культур Эле Зінкевіч, а за візавую падтрымку — Генконсулу Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзіміру Клімаву.

Марыяна Міхалевіч, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 31 (3487), чацвер, 18 ЖНІЎНЯ, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter