Кто меняет урбанистические пейзажи на сельские?

Дзе праца, там і дом

Фота аўтара
Што чакае перасяленцаў на новым месцы? Карэспандэнт «НГ» шукала адказ на гэта пытанне разам з маладой сям’ёй, якая рызыкнула пераехаць у аграгарадок Астроўшчына на Полаччыне.

Вечар нядзелі. Акуратная вуліца з аднолькавымі калгаснымі домікамі, пабудаванымі па праграме аднаўлення і развіцця вёскі. Разабрацца, дзе мяне чакаюць, нескладана. У адным з двароў ласкавы ветрык гушкае арэлі і ў траве ляжаць цацкі — значыць, сюды. Не памылілася: насустрач выходзіць хударлявы гаспадар Дзмітрый, за ім выбягаюць два сыны — чатырохгадовы Мацвей і гадавалы Ягор. У хату маніць салодкі водар пірагоў, якія напякла жонка трактарыста Вераніка. 

Спірыдонавы ў Астроўшчыне з лета 2017-га. Дагэтуль маладая сям’я жыла ў Глыбокім на здымнай кватэры. 

— Пра ўніверсітэты і працу ў офісе я ніколі не марыў. Не маё гэта, — адразу прызнаецца Дзіма. — Заўсёды ведаў, што буду працаваць рукамі. Пасля школы без ваганняў падаў дакументы ў Глыбоцкі прафліцэй. Спачатку адпрацоўваў размеркаванне на вёсцы, пасля ўладкаваўся ў райцэнтры на камбікормавы завод. Заробкі, мякка кажучы, не радавалі — плацілі мінімалку. Пры гэтым дзве трэція сумы прыходзілася аддаваць на здыманне кватэры. А жыць на што? Карміць сям’ю? На падыходзе якраз быў другі сын. Звольніўся. А калі ад знаёмых даведаліся, што ў Астроўшчыне патрабуюцца трактарысты ды яшчэ і жыллё амаль бясплатна даюць, вырашылі ехаць. 

— Дом — галоўная прычына пераезду. Рэальна глядзім на сітуацыю: самі набыць ці пабудаваць жыллё не зможам, — падключаецца да размовы Вераніка. — Дарэчы, мы самі з вясковых. Жылі ў суседніх дамах і вучыліся ў адным класе ў Лучайках (Глыбоцкі раён). Астроўшчына — месца даволі жывое, калі параўноўваць яе з нашай вёскай, куды нават аўтобусы не кожны дзень ходзяць. 

Пра праграму садзейнічання ў перасяленні беспрацоўных Спірыдонавы нават не чулі. Таму, калі даведаліся пра «пад’ёмныя» (на той момант — каля 1500 рублёў), вельмі ўзрадаваліся. Адразу пусцілі грошы ў ход — набылі мэблю і заняліся рамонтам. 

— Калі б мы разам выходзілі на працу ў вёсцы, то сума была б удвая большая. Але я ў дэкрэце, таму выплаты не прадугледжаны, — тлумачыць Вераніка. 

Перад тым як канчаткова пераехаць, Дзіма і Вераніка некалькі тыдняў займаліся добраўпарадкаваннем новага жылля. Ездзілі з Глыбокага ў Астроўшчыну кожны дзень — чысцілі і мылі, клеілі і фарбавалі. Да рамонту падцягнулі ўсю сям’ю — бабуль, братоў і сясцёр. 

— Цешча прыехала і казала: «Ох, якія «добрыя» людзі жылі, нават абоі абадралі перад выездам». Мы не сталі яе пужаць, бо ніхто іх тут і не клеіў. Кім былі папярэднія жыльцы, не ведаем. Але хату дужа запусцілі. З-за іх жа ў нас няма інтэрнэту: яго адключылі за нявыплату. Абяцаюць вярнуць, але пакуль сувязь са знешнім светам у нас толькі праз інтэрнэт у мабільных тэлефонах, — расказвае Дзіма. 

Ён гаворыць, што прыехалі сюды, бо тут жыве іх добры знаёмы: 

— Сказаў так: будзеш працаваць — заробіш грошай, а будзеш лайдачыць — толку не будзе. Не падмануў. Летам рэальна можна атрымаць суму, роўную сярэднім заробкам у сталіцы. За перавыкананне нормы далі 750 кілаграмаў збожжа — нядрэнны бонус. Але зімой, калі тэхніка на рамонце і палі пад снегам, усе жывуць на тую ж самую мінімалку. Праца ў сельскай гаспадарцы па змоўчанні лёгкай не бывае. Асабліва ў час сяўбы і ўборкі. Але і тут ёсць свае нюансы. Напрыклад, калі выконваеш калектыўную задачу (дзе працэс залежыць не толькі ад цябе, але і ад таго, хто падвозіць удабрэнне ці збожжа), то дадому можаш прыйсці раней. Аднак аплачваюцца такія змены менш. 

Летась Дзіма кінуў сабе выклік — «узяць тысячу». Разам з памочнікам Пятром Дыдко яны першымі сярод маладых камбайнёраў Полаччыны намалацілі 1001 тонну збожжа.

— І я, і я ездзіў на камбайне! — з гонарам падключаецца да дарослай размовы маленькі Мацвей.

— У поле яго, вядома, не браў. Але па вёсцы ў кабіне правёз некалькі разоў, — тлумачыць малады тата з усмешкай. 

— Гэта была адзіная магчымасць для сына правесці час разам з бацькам. На працу Дзіма сыходзіў, калі мы яшчэ спалі, а вяртаўся, калі ўжо спалі. Так усё лета і прайшло. З іншага боку, дома асабліва не засумуеш — агарод і хатнія клопаты, — расказвае Вераніка. — Вырвацца з вёскі ўдаецца нячаста. Несумненны плюс — асабісты аўтамабіль, на ім можна хутка падскочыць на Глыбоччыну. На грамадскім транспарце трэба тры перасадкі рабіць. У Полацк ездзім толькі калі вельмі трэба ў краму, паліклініку ці дакументы аформіць. Пра водпуск за межамі вобласці нават не марым! Добра, што на Віцебшчыне хапае азёр, куды ў любы момант можна паехаць купацца ці на рыбалку.

— У Астроўшчыне моладзь ёсць, адзін аднаго ведаем. Але нельга сказаць, што сябруем сем’ямі. Таму на выхадных звычайна вязём дзяцей у госці да бабуль, — кажа Дзіма. 

На новым месцы маладая сям’я завяла парсючкоў. 

— Але надоўга нас не хапіла, — усміхаючыся, прызнаецца Вераніка. — Праблема нават не ў тым, што цяжка даглядаць. Мы да іх прызвычаіліся, рэзаць было шкада. Калі ясі мяса ці сала ў бацькоў, то да іх свіней абсалютна абыякавы. Свая ж скацінка, якую кармілі і чысцілі, — зусім іншая справа. Таму парсючкоў больш заводзіць дакладна не будзем. Можа, кур прыдбаем. Я часта пяку торты і пірагі, яйкі патрэбны ў вялікай колькасці. 

Дарэчы, муж і дзеці Веранікіну выпечку вельмі любяць. 

— Яна на святы такія кандытарскія шэдэўры робіць! Пакупныя нават побач не стаяць, — хваліцца Дзіма. — Праўда, на продаж выпякаць адмаўляецца. Кажа, што гэта без душы, яна так не можа. 

Тым не менш карцінка сельскай ідыліі мае і зваротны бок. Вераніка пакуль у дэкрэце, праз год паўстане пытанне з працай і для яе. Па адукацыі дзяўчына бухгалтар, але вакансій па спецыяльнасці ў Астроўшчыне пакуль не прадбачыцца. 

— Ездзіць на працу за 30 кіламетраў у Полацк — не варыянт. Дзеці маленькія, нехта ж павінен будзе іх з садка і школы забіраць. А жыць толькі на Дзіміну зарплату — таксама не выхад. 

Маладыя паспелі пажыць у горадзе і прызвычаіцца да тамтэйшага ладу жыцця, калі ніхто ні на каго лішняй увагі не звяртае. А вёска ёсць вёска. Тут усё навідавоку: нешта не так зробіш, і мясцовы люд абавязкова пачне цябе вучыць як трэба. Яно быццам і добра, старэйшае пакаленне хоча дапамагчы. Але часта выбірае непадыходзячую стратэгію і толькі робіць горш. Дробязі жыцця, можа сказаць нехта. Але ці бываюць у жыцці дробязі?

Спірыдонавы кажуць, што пакуль не ведаюць, ці застануцца ў Астроўшчыне назусім. 

— Што будзе далей — час пакажа. Наперадзе лета — гарачая пара для хлебаробаў. Тут не разважаць, працаваць трэба! — зазначае на развітанне Дзіма. 

МЕРКАВАННЕ

Вадзім Тарасевіч, старшыня Астроўшчынскага сельсавета:

— Аграгарадок у нас невялікі. Усяго 258 жыхароў. Аднак тут ёсць крамы, бібліятэка, Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт. Непадалёк знаходзіцца маляўнічая сядзіба Рымскіх-Корсакавых. Школа, на жаль, зачынілася яшчэ ў 2013-м. Дзяцей падвозяць на аўтобусе ў Шпакоўшчыну. Працуе сельскагаспадарчае прадпрыемства «Астроўшчына». 

Падтрымка перасяленцаў — добрая ідэя, у якой ёсць вялікая перспектыва. Чаго таіць? Я сам пераехаў у Астроўшчыну 7 гадоў таму са Случчыны. І цяперашні дырэктар нашага сельгаспрадпрыемства Аляксандр Ярахновіч не з тутэйшых. Прыйшоў сюды ў 2010-м, спачатку абжыўся сам, пасля і бацькоў з Глыбоччыны перавёз. Праблема ў тым, што некаторыя вёскі дажываюць свой век, бо там наўпрост няма працы. А ў нас ёсць. І працоўныя месцы, і інфраструктура. Таму міласці просім!

Соф’я Арсеньева

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter