Дзе навука з практыкай ва ўнісон

У Гомелі абмеркавалі праблемы радыяцыйнай медыцыны

Сучасныя праблемы радыяцыйнай медыцыны разгледзелі ў Гомелі ўдзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі

Для такога вялікага збору інтэлектуальнай эліты Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана (а ў форуме прынялі ўдзел больш за 200 вучоных, якія прадстаўляюць вядучыя медыцынскія і навукова-даследчыя ўстановы названых краін) была значная нагода.

Дзесяць гадоў таму ў горадзе над Сожам распачала работу ўстанова, дзе ўчора, 31 студзеня, адбылася канферэнцыя. Менавіта РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека неўзабаве стаў галаўной арганізацыяй па аказанні спецыялізаванай медыцынскай дапамогі насельніцтву, што пацярпела ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Тады ж, у апошні дзень снежня 2002 года, тут была ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга — паліклініка на 500 наведванняў у змену. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, які прымаў удзел у цырымоніі, тады падкрэсліў: «Навука павінна быць тут, у Гомелі. Вучоныя закліканы быць максімальна набліжанымі да тых людзей, якіх яны ўзяліся абараняць. На базе гэтага цэнтра будуць створаны ўсе ўмовы для працы вучоных і ўрачоў».

Сёння планы, якія былі агучаны кіраўніком дзяржавы, набылі рэальныя абрысы. Ужо не паддаецца сумненню: па сваім аснашчэнні і кваліфікацыі спецыялістаў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр не мае аналагаў у СНД. Тут ажыццяўляюцца не толькі дыягностыка, лячэнне і прафілактыка, але і прагназаванне рызык развіцця хвароб, якія абумоўлены ўздзеяннем негатыўных фактараў навакольнага асяроддзя, у тым ліку іанізуючага выпраменьвання. На кансультацыі да медыкаў цэнтра едуць не толькі жыхары з розных куткоў Беларусі, але і грамадзяне з краін блізкага і далёкага замежжа. РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, дзе на сур’ёзным узроўні вядзецца навуковае вывучэнне ўздзеяння малых доз радыяцыі на арганізм чалавека, выконвае і ролю аднаго з каардынатараў у рэалізацыі праграм сумеснай дзейнасці па пераадоленні чарнобыльскіх наступстваў у рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Немалы ўклад установы і ў падрыхтоўку навуковых і медыцынскіх кадраў для рэспублікі. Штогод тут абараняецца ад трох да пяці кандыдацкіх дысертацый, укараняецца ў практыку некалькі дзесяткаў новых метадаў дыягностыкі і лячэння.

Прывітанне ўдзельнікам міжнароднага навуковага форуму адрасавалі міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко, а таксама ганаровы прэзідэнт Федэральнага медыцынскага біяфізічнага цэнтра імя Бурназяна акадэмік Расійскай акадэміі медыцынскіх навук, прафесар Леанід Ільін. Спецыялісты-практыкі і вучоныя заслухалі на пленарным пасяджэнні і ў час работы секцый каля 40 дакладаў, якія раскрывалі розныя навуковыя і практычныя аспекты радыяцыйнай медыцыны, дыягностыкі і лячэння захворванняў. Напрыканцы мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне навукоўцаў і медыкаў. Па выніках канферэнцыі, запэўнілі арганізатары, будзе выпушчаны зборнік.

Самыя ж цікавыя даклады будуць змешчаны ў часопісе РНПЦ і ЭЧ «Медыка-біялагічныя праблемы жыццядзейнасці».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter