Актывісты суполкі “Нёман” з Тальяці сталі за прылаўкі, каб падтрымаць вытворцаў беларускіх прадуктаў

Дзе хлеб, там і песня

Актывісты суполкі “Нёман” з Тальяці сталі за прылаўкі, каб падтрымаць вытворцаў беларускіх прадуктаў

Нашу суполку ведаюць у Тальяці ўжо амаль 10 гадоў. На слыху гурты “Купалiнка” і “Зорачкi” — іх часта сустрэнеш на канцэртах, фэстах, гарадскіх святах ды іншых мерапрыемствах. Аднак, жартуем мы, якімі б прыгожымі ды меладычнымі ні былі беларускія песні, ды есці хочацца заўсёды... Значыць, трэба нашу культуру ў расійскіх рэгіёнах “падмацоўваць” і якаснымі прадуктамі беларускіх вытворцаў. Спадзяемся, восеньскія недарэчнасці з абмежаваннямі па пастаўках харчавання з Беларусі на расійскі рынак хутка застануцца ў мінулым. Бо за брэнд “Зроблена ў Беларусі” галасуюць спажыўцы, у тым ліку і ў Тальяці. Нядаўна ў нас адкрылася сетка прадуктовых магазінаў, асартымент якіх — толькі з тавараў, вырабленых у Беларусі. Як вядома, цяпер Расія ўзяла курс на замяшчэнне імпартных тавараў айчыннымі. Ёсць таксама Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі, ёсць Мытны саюз паміж Беларуссю, Казахстанам і Расіяй, і таму беларускія тавары для нас — таксама не чужыя.

Удзельніца гурта “Купалінка” Таццяна Левіноўская любіць цукеркі ад беларускіх вытворцаў
Удзельніца гурта “Купалінка” Таццяна Левіноўская любіць цукеркі ад беларускіх вытворцаў

Штогод бываючы ў Беларусі, мы не па чутках ведаем пра высокую якасць беларускіх тавараў. У Тальяці з савецкіх часоў паважаюць згушчанае малако з Рагачова, а многім новым брэндам яшчэ трэба заваёўваць давер пакупніка. Вось і пайшлі мы “ў народ”, у адну з крамаў сеткі Гандлёвы дом “Беларусь”. Гутарылі з пакупнікамі. Хоць крама новая, ды ёсць у яе і пастаянныя кліенты. Адна 90-гадовая жанчына, удзельніца вайны, якая больш за 40 гадоў адпрацавала на мясцовым малаказаводзе, адкрыла для сябе “Бабушкину крынку”. Спецыяльна, казала, прыязджае па малочную прадукцыю “гэтай маркі”. У гандлёвай зале, дарэчы, можна дэгуставаць тое, што ёсць у продажы: малочную прадукцыю, сыры і тварог, мясныя вырабы, розныя віды каўбас і сардэлек, салодкія прысмакі.

Дырэктар Гандлёвага дома “Беларусь” Андрэй Уракаў казаў нам, што ўзрадаваны такой увагай тальяцінцаў да прадуктаў з Беларусі. Ён даўно ў гандлі і ведае, як няпроста бывае новым таварам заняць сваю нішу. Нас жа і пакупнікоў запэўніў, што і ў новым годзе асартымент будзе няўхільна пашырацца. З часам у сетцы магазінаў увядуць карту пастаяннага пакупніка, уладальнікі якой атрымаюць скідкі на ўвесь асартымент.

Што да мяне асабіста, то я і не сумняваюся: гандлёвую сетку “Беларусь” у Тальяці ды іншых рэгіёнах Паволжа чакае поспех. Высокая якасць беларускіх прадуктаў ужо ацэнена тымі, хто іх пакаштаваў, а “сарафаннае радыё” добрыя навіны распаўсюджвае хутка. Ды і нам — радасць: Беларусі ў нашым горадзе стала яшчэ больш.

Сяргей Шылкін, намеснік старшыні праўлення суполкі “Нёман”, г. Тальяці
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter