Дзе хаваюцца шэдэўры?

Альбом Надзеі Высоцкай “Сакральны жывапіс Беларусі XV—XVII стагоддзяў” быў прызнаны адным з лепшых сярод дванаццаці тысяч найменняў кніжнай прадукцыі мінулага года.

“Гэта кніга — вынік працы амаль усяго майго жыцця. Больш за пяцьдзесят гадоў я выношвала ў сэрцы ідэю, збірала матэрыялы, імкнулася прывесці атрыманую інфармацыю ў сістэму. Жыла гэтай справай... Арганізавала каля васьмідзесяці экспедыцый. Часам людзі, рызыкуючы нават уласным жыццём, выратоўвалі сакральныя творы. Толькі ўявіце: мы знаходзілі шэдэўры рэлігійнага мастацтва ў паўразбураных будынках, глухіх падвалах, цёмных склепах і закінутых галубятнях. Колькі было такіх сітуацый: старанна аглядваем старое гарышча, нарэшце ўдалечыні заўважаем ікону. І вось адзін з нас радасна накіроўваецца да нечакана знойдзенага скарбу, але струхнелая падлога па-здрадніцку “ўцякае” з-пад ног...” —  расказвае пра нялёгкі шлях стварэння кнігі аўтар-складальнік, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Надзея Высоцкая.
У выданні змешчаны фатаграфіі экспанатаў, якія паходзяць з культавых калекцый Беларусі і Расіі. Гэта помнікі з музейных калекцый, алтарныя карціны, абразы, алтары, іканастасы... І вялікая колькасць раней невядомых твораў. Дарэчы, аналіз старажытнага беларускага мастацтва, зроблены Надзеяй Высоцкай, адкрывае новыя шляхі для даследчыкаў. І не толькі айчынных. Альбом прадстаўляе неабходную інфармацыю для дасканальнага раскрыцця і выяўлення асаблівасцей развіцця мастацкіх культур Заходняй і Усходняй Еўропы. Гэта выданне стала першым поўным каталогам твораў сакральнага жывапісу Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter