Дызель новага стагоддзя

Мінскаму маторнаму заводу адводзяць ролю стратэгічнага экспарцёра і гаранта ўнутранай прамысловай бяспекі.

Мінскаму маторнаму заводу адводзяць ролю стратэгічнага экспарцёра і гаранта ўнутранай прамысловай бяспекі.

“Нас арыентуюць на тое, каб мы павялiчвалi аб’ём вытворчасцi ў цэлым, — паведамiў карэспандэнту “НГ” гендырэктар ММЗ Мiкалай Лобач. — Але ўсё ж самая галоўная задача, якую нам ставяць Прэзiдэнт, урад, Мiнпрам, — поўнасцю задаволiць патрэбы айчынных машынабудаўнiчых прадпрыемстваў, забяспечыць iх прамысловую бяспеку”.

Дадаткова — аўтамабiльны вектар

Сорак гадоў таму ММЗ адкрывалi перш-наперш для забеспячэння патрэб Мiнскага трактарнага завода. З гэтай задачай ён спраўляецца i цяпер. Кожны трактар, якi сыходзiць з канвеера МТЗ, мае мiнскае “сэрца”. Але перабудовачны перыяд, разбурэнне Савецкага Саюза ўнеслi ў работу значныя карэктывы. Калi аб’ём зборкi беларускiх трактароў пайшоў рэзка ўнiз, ММЗ мусiў шукаць новую, дадатковую сферу прымянення сваiх сiл. Самым блiзкiм па профiлю дзейнасцi кiрункам аказаўся выпуск матораў для аўтамабiляў. “У аўтамабiльную сферу нас уцягнуў “ЗиЛ”, — расказвае М.Лобач. — Над рухавiкамi для гэтага завода папрацавалi шмат. Але калi выйшлi на высокi ўзровень якасцi i ўсе аўтамабiлебудаўнiкi зразумелi, што “ЗиЛ” аказаўся ад гэтага ў выйгрышы, яны рушылi да нас, пачалiся перамовы. Спачатку — з Паўлаўскiм аўтобусным заводам, потым — з Горкаўскiм аўтамабiльным, iншымi”. З цягам часу МТЗ узняўся на ногi, нарошчвае аб’ёмы вытворчасцi, адпаведна, растуць заказы ММЗ. Але i аўтамабiльны кiрунак на маторным заводзе паспяхова развiваецца. Адэкватна рэагуе прадпрыемства i на рост айчыннай вытворчасцi камбайнаў.

Палову — на экспарт

Па маштабах выпуску рухавiкоў ММЗ сёння перавышае ўсе iншыя аналагiчныя прадпрыемствы СССР, узятыя разам. Тым не менш са збытам праблем у мiнчан няма. Больш таго, прадпрыемства нарошчвае вытворчасць. За мяжу завод адпраўляе палову сваёй прадукцыi. Беларускiя рухавiкi выкарыстоўваюць абсалютна ўсе трактарабудаўнiкi СНД. Напрыклад, Ташкенцкi трактарны завод у свой час, калi Узбекiстан пасля распаду Саюза стаў незалежнай дзяржавай, зрабiў стаўку на выкарыстанне сiлавых агрэгатаў амерыканскай вытворчасцi. Але потым узбекi перадумалi. Цяпер практычна на 100 працэнтаў камплектуюцца з дапамогай ММЗ. На распрацоўку рухавiка спецыяльна пад патрэбы Горкаўскага аўтазавода мiнскiя спецыялiсты затрацiлi чатыры гады. Але гэта прынесла плён. Летась “ГАЗ” набыў у ММЗ каля 6 тысяч рухавiкоў, а сёлета павялiчыў заказы амаль што да 18 тысяч. Беларускiя маторабудаўнiкi падчас апошняга тэндэра, аб’яўленага нiжагародскiм заводам з прычыны выпуску новай машыны “Валдай”, перамаглi ў канкурэнтнай барацьбе вядомую кампанiю “Iveco”. “Ростсельмаш” заказаў на бягучы год у ММЗ 1200 сiлавых агрэгатаў. А гэта значыць, што амаль кожны трэцi камбайн расiйскага прадпрыемства будзе сабраны з беларускiм рухавiком. Акрамя адгрузкi прадукцыi ў краiны СНД, мiнскi завод таксама ажыццяўляе пастаўкi ў 13 дзяржаў далёкага замежжа, у тым лiку ў В’етнам, Кубу, Венгрыю, Германiю. Летась экспарт прадукцыi за межы СНД павялiчыўся, у параўнаннi з папярэднiм годам, у 1,5 раза.

Паступовае выцясненне

На беларускi рынак ММЗ сёння пастаўляе каля 50 працэнтаў сваёй прадукцыi. Патрэбы МТЗ у маторах завод забяспечвае на 100 працэнтаў, ААТ “Амкадор-Ударнiк” — таксама поўнасцю, “Гомсельмаша” — больш як напалову, МАЗа — на 20 працэнтаў. Кожнаму з гэтых прадпрыемстваў беларускiя ўлады ставяць задачу нарошчваць аб’ёмы вытворчасцi. А ММЗ даюць заданне забяспечыць прырост сваiмi рухавiкамi, пры гэтым паступова выцясняць з айчынных заводаў замежных пастаўшчыкоў камплектуючых. У мiнулым годзе МТЗ выпусцiў 35 тысяч трактароў, сёлета “замахнуўся” на 38 тысяч. “Гомсельмашу” ў бягучым годзе ММЗ паставiць 650 рухавiкоў. Ужо ў 2006—2007 гадах мiнскi маторны гатовы выцеснiць замежных пастаўшчыкоў i на 80 працэнтаў забяспечваць патрэбы камбайнабудаўнiкоў у сiлавых агрэгатах. Колькi ў такiм выпадку спатрэбiцца Гомелю матораў, мiнчане пакуль што не ведаюць. Але на 2010 год “Гомсельмаш” ужо заявiў заводу 1250 матораў. МАЗ набыў летась на ММЗ 1400 рухавiкоў. На бягучы год ён павялiчыў заказ у 2 разы. Як гавораць у кiраўнiцтве маторнага завода, iх прадпрыемства пакуль што не ўмешваецца ў пастаўкi яраслаўскiх рухавiкоў на мiнскi аўтазавод. Гэтыя кантакты маюць даўнюю гiсторыю, якая налiчвае 60 гадоў. Уся структура мазаўскiх машын “падганялася” пад яраслаўскiя маторы. Тым не менш, прагназуюць на ММЗ, iх доля ў партфелi заказаў МАЗа будзе паступова павялiчвацца. На ААТ “Лiдаграпраммаш” мiнскiя маторабудаўнiкi адправiлi летась 3 вопытныя рухавiкi для камбайна “Лiда-1300”. Распачатыя ў мiнулым годзе выпрабаваннi працягнуцца сёлета. У 2005-м плануюць накiраваць для адаптацыi яшчэ 5 матораў. Прымяненне беларускага рухавiка замест замежнага, якi выкарыстоўваўся да апошняга часу, дазволiць iстотна знiзiць цану камбайна, павысiць даступнасць машыны для айчынных сельгасвытворцаў.

Нас не дагоняць

Сёлета ММЗ у адпаведнасцi з новымi экалагiчнымi патрабаваннямi, уведзенымi ў Расii з пачатку бягучага года, поўнасцю перайшоў на выпуск рухавiкоў стандарту Еўра-2. У той жа час iдуць выпрабаваннi матораў Еўра-3. Яшчэ ў першым паўгоддзi плануецца сертыфiкацыю завяршыць, а з другога прыступiць да серыйнага выпуску невялiкiмi партыямi. Разам з гэтым на ММЗ выконваюць i заданне Прэзiдэнта распрацаваць новыя рухавiкi магутнасцю 300 i 350 конскiх сiл. Для рэалiзацыi гэтых праектаў i нарошчвання аб’ёмаў вытворчасцi на ММЗ важнае значэнне прыдаюць iнвестыцыям. Летась толькi за лiк iльгот, прадастаўленых заводу па выплаце абаротных падаткаў, прадпрыемства змагло накiраваць на развiццё вытворчасцi каля 4,2 мiльёна долараў. А ў цэлым аб’ём капiталаўкладанняў дасягнуў 14 мiльярдаў рублёў. Сёлета з розных крынiц плануюць прыцягнуць яшчэ 17 мiльярдаў. Укараняць iнавацыi, як i дагэтуль, ММЗ дапамогуць айчынныя вучоныя. — На рынку галоўнае — не спазнiцца, — тлумачыць намеснiк тэхнiчнага дырэктара УП “ММЗ” Уладзiмiр Сакалоў. — Затрымаўся на год-два — i дагнаць вельмi цяжка. А калi пяць — амаль немагчыма. Навука ў галiне маторабудавання вельмi хутка рухаецца наперад. Па яго словах, канкурэнтамi ММЗ па вытворчасцi аўтамабiльных рухавiкоў можна лiчыць КамАЗ i яраслаўскiя заводы. Аднак, каб выйсцi на ўзровень мiнчан, iм патрэбны “каласальныя капiталаўкладаннi”.

Сiла ў аб’яднаннi

Летась да ММЗ далучылi адразу 3 заводы — РУП “Гомельскi завод пускавых рухавiкоў”, РУП “Жыткавiцкi маторабудаўнiчы завод”, гродзенскае прадпрыемства “Радыёхваля”. Усе яны на той час працавалi вельмi дрэнна, мелi запазычанасць перад бюджэтам. Але з дапамогай мiнчан хутка ўзнялiся на ногi. Выконваюць цяпер заказы ММЗ, у работнiкаў выраслi заробкi. Аб’яднанне прадпрыемстваў у вялiкiя прымысловыя групы гендырэктар ММЗ Мiкалай Лобач лiчыць самай выйгрышнай стратэгiяй. Не варта, перакананы ён, i думаць пра акцыянiраванне маторнага завода. “Сiстэма акцыянiравання ў краiнах СНД дрэнна адпрацавана”, — тлумачыць ён сваю пазiцыю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter