Дыялогі пра галоўнае

Барыс Батура правёў прыём грамадзян у Бярэзінскім раёне

Прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Бярэзінскім раёне правёў старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура

— З пачатку года да губернатара Мінскай вобласці ў час выязднога прыёму грамадзян звярнуліся звыш 200 чалавек. Сустрэча ў Беразіно ўжо шаснаццатая па ліку, — расказала начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінаблвыканкама Аксана Таранда і падкрэсліла, што аддзел пастаянна кантралюе выкананне даручэнняў, дадзеных Барысам Васільевічам у ходзе такіх прыёмаў.

Самыя актуальныя пытанні — будаўніцтва і крэдытаванне, праблемы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, газіфікацыя і водазабеспячэнне. Трэба адзначыць, што ў Беразіно пералічаныя тэмы таксама ўзнімаліся. А суседнічалі з імі не менш важныя. Мяркуйце самі.

...Калі сем’і маладых спецыялістаў не адзін год жывуць у інтэрнаце, а на балансе раённай ЖКГ знаходзіцца пустуючае жыллё, выйсце ў рашэнні кватэрнага пытання, безумоўна, ёсць. «Бюракратычныя перашкоды не павінны служыць апраўданнем», — адзначыў Барыс Батура і паабяцаў сям’і Ермаковых, якая выказала намер прыдбаць ва ўласнасць безгаспадарчы на гэты момант домік, садзейнічанне на ўзроўні аблвыканкама. «Разбярыцеся толькі, ці няма іншых прэтэндэнтаў з чаргавікоў на гэтую пабудову», — даручыў губернатар раённым уладам.

Зрэшты, стаўленне да маладых спецыялістаў можа і павінна быць больш прыязным. Інакш не давялося б мясцоваму ўрачу-кардыёлагу Дзмітрыю Цітову каля пяці гадоў чакаць вырашэння сваёй бытавой праблемы. Недасканаласць закона ці элементарны фармалізм? Як бы там ні было, на падрыхтоўку адпаведных дакументаў для станоўчага канчатковага выніку Барыс Васільевіч адвёў райвыканкаму ўсяго тыдзень.

Праўда, не ўсе звароты грамадзян «разруліваліся» так хутка. Жыхары вёскі Святліца прыйшлі на прыём да губернатара з просьбай дапамагчы пракласці водаправод. Расказваюць, што на іх вуліцы даўжынёй каля трох кіламетраў ёсць толькі шэсць калодзежаў, якія перыядычна патрабуюць чысткі, прычым глыбіня кожнага — каля дваццаці метраў...

Без вільгаці ў дастатку які ўраджай на прысядзібных участках? Сохнуць агароды. А з вёдрамі пенсіянеры ўжо не так спрытна, як у маладосці, упраўляюцца. Што ні кажыце: вада — праблема сацыяльная. Канешне, водаправод немалых грошай патрабуе — сумы, якая пакуль непад’ёмная для раённага бюджэту. Вяскоўцы гэта добра разумеюць, таму вестку пра даручэнне мясцовай уладзе пачаць падрыхтоўку неабходнай дакументацыі ўжо сёлета ўспрынялі, як спагаду, разуменне і свайго роду перамогу!

Абнадзеенымі выйшлі з кабінета, у якім вёў прыём грамадзян Барыс Батура, і прадстаўнікі дамоў, не прыдатных для пражывання. Паводле слоў начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алены Ляшкевіч, у райцэнтры такіх будынкаў сем. Чатыры будуць знесены яшчэ ў гэтым годзе. На рэканструкцыю астатніх патрэбны вялікія сродкі. Таму пачаць вырашылі з дахаў...

— Дахі — гэта не капітальны рамонт, — удакладніў губернатар. — Рабіце ўсё, каб непрыдатнае стала прыдатным. Людзі павінны ведаць дакладна і канкрэтна, калі ў іх з’явіцца вада, калі — газ, калі прыйдуць тынкоўшчыкі і муляры... Падрыхтуйце такія абвесткі для кожнага дома і павесьце на самых бачных месцах.

А выслухаўшы крыўду жыхароў дома № 10 па вуліцы Кастрычніцкай, у двары якога ўзводзіцца адміністрацыйны будынак ТДА «Янг—ТВ», Барыс Васільевіч яшчэ раз падкрэсліў, што з насельніцтвам абавязкова трэба лічыцца і раіцца. Няўжо ў горадзе для гэтай новабудоўлі не знайшлося больш прыдатнага месца? Не сакрэт, што перанос будынка запатрабуе кампенсацыі. Цяпер трэба ўсё грунтоўна ўзважваць...

За апошні час райцэнтр Беразіно значна папрыгажэў. І гэта не дзіва: толькі ў мінулым годзе ў яго добраўпарадкаванне было ўкладзена 70 мільярдаў рублёў. Фасады дамоў набылі сучасны выгляд, праз горад прайшла хуткасная аўтатраса М4, і ў сувязі з ёю крыху змяніўся звыклы дарожны рух.

— Гэтыя абставіны напачатку выклікалі ў некаторых грамадзян незадаволенасць, бо не з кожнай вулачкі цяпер дазволены на яе ўезд, — расказаў карэспандэнту «Р» намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Валерый Навіцкі. — Але з часам жыхары ацанілі перавагі цывілізацыі і скардзіцца перасталі. Слушную прапанову — пабудаваць падземны пераход — мы ўжо абмеркавалі, на гэта патрэбны інвестыцыі. Усё мяняецца да лепшага. Зараз у нас ёсць фізкультурна-аздараўленчы комплекс з разнастайнымі трэнажорамі, басейн, а пракладка новай цеплатрасы дасць гораду гарачую ваду не толькі ў ацяпляльны перыяд. Яшчэ адно актуальнае і надзённае пытанне напярэдадні новага навучальнага года — гатоўнасць школ і іх аптымізацыя. Наш адказ такі: колькі б гэта ні каштавала, на першым месцы павінна быць якасць адукацыі, а не эканомія...

Жыхары Бярэзінскага раёна зацікаўлена абмяркоўвалі з Барысам Батурам пытанні дапамогі вяскоўцам у вядзенні гаспадаркі і арганізацыі медабслугоўвання ў аддаленых населеных пунктах, абсталявання аўтатрасы і асфальтавання вуліц, прапановы па супрацоўніцтве ў сферы будаўніцтва і рэканструкцыі ферм... Усяго ў дзень прыёму да губернатара звярнуліся 13 чалавек.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter