Ивьевский КСУП "Субботники", которым четвертый год руководит Сергей Бажин, за это время из отстающего хозяйства района вышел в лидеры

Дырэктар КСУП «Суботнікі» Іўеўскага раёна Сяргей Бажын: «Адзін раз не стрымаеш абяцання, веры майму слову не будзе»

Да іўеўскага КСУП «Суботнікі» з мэтай аптымізацыі некалькі гадоў таму далучылі дзве заняпалыя гаспадаркі. Сельгаспрадпрыемства, на палях і фермах якога занята звыш 300 працаўнікоў, па вытворчасці малака, ялавічыны, збожжавых уступае ў раёне толькі калектыву філіяла «Азот Агра». На рацэ Гаўя дзейнічае ўласная гідраэнергетычная ўстаноўка «Жэмыслаўская».


Чацвёрты год гаспадарку ўзначальвае выпускнік Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага ўніверсітэта Сяргей БАЖЫН. Дзякуючы прадуманай стратэгіі развіцця і зладжанай дзейнасці калектыву нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства.

Перспектыву сельгаспрадпрыемства малады кіраўнік бачыць у далейшым развіцці жывёлагадоўлі. Галіна дае большую частку прыбытку. Стратэгічная лінія — штогадовае прыбаўленне ў вытворчасці малака.

Дырэктар іўеўскага КСУП «Суботнікі» Сяргей Бажын — прадстаўнік новага пакалення. За чытары гады ён паступова вывеў гаспадарку са стану санацыі. Новыя працоўныя месцы створаны ў адрамантаваных цяпліцах, што на ўскрайку аграгарадка Камянчане. Планаў у маладога кіраўніка шмат, як і варыянтаў для здзяйснення задуманага.

На легкавіку дырэктара праехалі па вуліцах цэнтральнай сядзібы гаспадаркі — аграгарадка Суботнікі, забудаваных мурамі і драўлянымі дамамі, двухпавярховымі катэджамі. За кронамі дрэў узвышаецца сярэдняя школа. Непадалёку ад яе — дзіцячы сад. За аколіцай на пагорку — жывёлагадоўчыя памяшканні малочна-таварнага комплексу.

— Пабудавалі яго перад маім прызначэннем, — узгадвае дырэктар Сяргей Бажын. — Кароў дояць на сучаснай устаноўцы «Вестфалія». Дойны статак размешчаны яшчэ на трох малочна-таварных фермах. Звыш 15 тон малака адпраўляем штодзённа для перапрацоўкі на Лідскі малочна-кансервавы камбінат «Мілк». Яго рэалізацыя дае значны прыбытак.

З галоўнымі спецыялістамі вышукваем варыянты папаўнення казны. Побач з аграгарадком Камянчане захаваліся карпусы цяпліц і кацельня. Але ўсё прыйшло ў заняпад. Былая тутэйшая гаспадарка спецыялізавалася на вырошчванні гародніны. Мне раілі знесці занядбаныя каркасы. Прааналізавалі ўсё і вырашылі аднавіць агародніцтва. Адбудоўваем цяпліцы. Пашыраем плошчы пад гародніну на адкрытым грунце. Прадукцыю рэалізуем у трох магазінах, якія акрылі ў вёсцы Цэнтральнай, аграгарадках Суботнікі і Ліпнішкі. Людзі задаволеныя, і выручка ёсць. Для працаўнікоў гаспадаркі існуе скідка на харчовыя тавары. Там можна набыць камбікорм для жывёлы і птушкі. На цэнтральнай сядзібе ў Суботніках плануем да новага года адкрыць кафэ. Размесціцца яно ў памяшканні былой участковай бальніцы.

— Сяргей Міхайлавіч, вы інжынер па сельгасмашынах, пэўна, душа больш ляжыць да гэтай справы?

— Душа душою, а я ў адказе за ўсю вытворчасць. Унікаю ва ўсе працэсы. Безумоўна, тое, што тычыцца машынна-трактарнага парку, для мяне прасцей. Па гуку вызначаю спраўнасць тэхнікі. Менавіта з навядзення парадку на машынным двары пачаў дырэктарства. Большасць агрэгатаў свой рэсурс выпрацавалі. Перад выхадам у поле механізатары ўсе сельгасмашыны да вінціка перабралі.

— Кіраўніку не абысціся без зладжанай каманды. Як размяркоўваеце абавязкі?

— Кожны спецыяліст адказвае за даручаны ўчастак. Кагосьці парадай падтрымліваю, іншаму падстаўляю плячо. Што ні чалавек, то асаблівы характар. І я не святы. Не знайшлі агульнай мовы з галоўным ветурачом. Не хацеў ён наводзіць парадак на фермах, і яго замяніў выпускнік Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Вячаслаў Вершаль.

Імкнуся заўжды выконваць абяцанне. Бывае, пад чэснае слова пастаўляюць запчасткі ці нешта іншае для вытворчага працэсу. Разу­мею, што варта адзін раз не стрымаць абяцанне, і веры майму слову не будзе.

— Як вам удалося згуртаваць калектыў?

— Не спаў начамі: меркаваў, як паступіць, што зрабіць, каб зацікавіць людзей працаваць. Прыеду позна на ферму: жывёла галодная, без падсцілкі. Падымаю галоўных спецыялістаў, і выпраўляем сітуацыю. Альбо калі ў дождж сянаж у траншэі не накрыты. Ноччу тэлефанаваў адказным работнікам, і наводзілі парадак. Прывучаў да дысцыпліны. На пачатку дырэктарства пасля пяці вечара ўсе беглі дамоў. Цяпер такога няма. Пакуль усё не даведзена да ладу, ніхто працоўнае месца не пакідае. Мо і жорстка падыходзіў да людзей, але дабіўся парадку.

З-за нізкіх заробкаў механізатары і жывёлаводы звальняліся. Ледзьве перажылі крытычны момант. Угаворваў пенсіянераў працаваць на тэхніцы і на жывёлагадоўчых фермах. Праз паўгода, як стала расці зарплата, людзі пачалі вяртацца.

— За чатыры гады кіраўніцтва адчулі сябе гаспадаром?

— Як справы пайшлі, людзі сталі паважаць. Тут я пачынаў галоўным інжынерам і калектыў ведаю. Не крыўдую, калі старэйшыя да мяне звяртаюцца на «ты». Важна было пераламіць калектыў на эфектыўную працу. Галоўныя спецыялісты мяне падтрымалі. Падначаленыя ведаюць мае патрабаванні. Лёгкіх шляхоў не шукаю. Не заўжды атрымліваецца, як хочаш. Але ўсё ж адладзілі вытворчы працэс. Упершыню намалацілі амаль 11 000 тон зерня, што на 3000 тон больш леташняга. Сярэдняя ўраджайнасць перавысіла 30 цэнтнераў з гектара. Кожны гектар цукровых буракоў даў амаль па 400 цэнтнераў караняплодаў.

— Як вызначаеце сутнасць сваёй працы?

— Аддавацца даручанай справе. І ніяк інакш.

— Што для вас як кіраўніка складанае?

— Пакараць чалавека. Заўжды хвалююся, каб не перагнуць палку. Бываюць розныя сітуацыі. Настройваешся пакараць за нейкую правіннасць, а чалавек даводзіць, што не вінаваты. Разважаеш: як быць? Рашэнне прымаю не адразу...

Сам вырас без бацькі. Лета праводзіў у дзядулі і бабулі ў шчучынскай вёсцы Шынкаўцы. Яны трымалі карову, каня, коз, авечак, хатніх птушак. Разам даглядалі гэту вялікую гаспадарку. Мы з жонкай Галінай імкнуліся працай выхоўваць сыноў. Аляксей скончыў сталічны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Служыць па кантракце ў Ваеннай акадэміі. Яўген — студэнт гэтага ж універсітэта.

— Сяргей Міхайлавіч, вы адчуваеце сваю запатрабаванасць у тутэйшых?

— Да мяне ідуць раіцца. Звярнулася жанчына: муж выпівае і атрымлівае штрафы. Папрасіла зацікавіць яго працай. Стаў шукаць варыянты, каб дапамагчы сям’і справіцца з выпівохай. За гады кіраўніцтва добра вывучыў калектыў. У нас моцны касцяк механізатараў.

— Якія ў вас задумкі на перспектыву дзейнасці гаспадаркі?

— Наша сельгаспрадпрыемства шматпрофільнае. Але няма перапрацоўчага звяна. Настроены адкрыць цэх па перапрацоўцы гародніны. У планах адкрыццё хлебапякарні, вытворчасці сыра. Усё гэта дасць дадатковы прыбытак. У магілёўскай гаспадарцы «Радзіма» знаёміўся з вытворчасцю рапсавага алею. Мы гэту культуру вырошчвалі на 350 гектарах, а сёлета пасеялі на 100 гектараў больш. Калі ўзначаліў гаспадарку, ураджайнасць рапсу была мізернай. Самастойна азнаёміўся з тэхналогіяй яго вырошчвання. Маладому галоўнаму аграному Раману Грачову параіў таксама гэта зрабіць. Вазіў яго па палях, каб уцягнуўся ў работу. Вынікі ў раслінаводстве радуюць. Ураджайнасць збожжавых перавысіла 30 цэнтнераў з гектара, рапсу — 35.

І ў жывёлагадоўлі станоўчыя зрухі. Рэканструюем фермы. У вёсцы Нацкавічы пуставалі памяшканні для ўтрымання жывёлы. Навялі парадак і паставілі на адкорм амаль 200 бычкоў.

Будзем абнаўляць машынна-трактарны парк. Тэхніка круглы год задзейнічана, і неабходны сродкі на падтрыманне яе ў належным стане. Набылі некалькі МТЗ. У нас восем энерганасычаных трактароў. Усе асноўныя сельгасработы выконваем своечасова і нават сусе­дзям дапамагаем. У жніво на кожны зернеўборачны камбайн прыпадала па 400 гектараў збожжавых — самая высокая нагрузка ў раёне. Старшыня Іўеўскага райвыканкама Аляксандр Булак хваляваўся, што не справімся. Механізатары не падвялі. На раённых «Дажынках» неаднаразова адзначаліся перадавікі Віталь Ёдзь і Аляксандр Трубіцкі. Моладзь папаўняе калектыў.

— За гады кіраўніцтва гаспадаркай што не ўдалося здзейсніць?

— Пераадолець пяцітысячны рубеж па надоях малака... Але ўпэўнена да яго набліжаемся. Гарантыя павышэння прадукцыйнасці дойнага статка — назапашана ўдосталь кармоў. Набылі перасовачны млын для вытворчасці камбікармоў.

Да любой задумы стаўлюся сур’ёзна. Вырашылі стварыць музей гаспадаркі. Сабралі арыгінальныя дакументы, хранікальныя фотаздымкі. Адрамантуем будынак былой канторы ў аграгарадку Камянчане і там размесцім экспазіцыю. Адгукнуліся старажылы. Намеснік па ідэалогіі Ірына Авіжа запісвае іх успаміны.

— Ці бываюць моманты, калі сваёй дзейнасцю незадаволены?

— Бывае, нешта не атрымліваецца. Я не самаед, але прычыну ў першую чаргу шукаю ў сабе.

— Што б вы параілі маладым кіраўнікам?

— Пачынаць з самадысцыпліны. Важна загарэцца справай. Ніякія фінансавыя падтрымкі не дапамогуць, калі няма іскрынкі ў вачах. Даручанай справай трэба жыць, адчуваць яе сэрцам.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter