Рабочие достижения Вячеслава Каштальяна отмечены орденом Отечества II степени

Дырэктар іванаўскага ААТ «Агра-Моталь» Вячаслаў Каштальян: «Прэзідэнт паціснуў мне руку і сказаў, што прыедзе ў Моталь»

Паўвека таму пасля заканчэння з адзнакай сталічнага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Вячаслаў КАШТАЛЬЯН атрымаў прапанову паступіць у аспірантуру. Але ён вырашыў працаваць. Бацькі хацелі, каб вышэйшую адукацыю атрымалі і малодшыя дзеці. З дыпломам інжынера па сельгасмашынах ён вярнуўся ў родныя мясціны. За дзесяцігоддзе кіравання інжынернай службай у іванаўскім калгасе «Шлях Леніна» набыў прафесійны і арганізатарскі вопыт. Падтрымліваў малодшых братоў Уладзіміра і Міхаіла ў гады іх студэнцтва. І сястры Таісе чым мог дапамагаў. Бацькі былі давольныя. Працаваў намеснікам старшыні суседняй гаспадаркі «Кастрычнік», узначальваў калгас «Савецкі». Трыццаць чацвёрты год Вячаслаў Мікалаевіч кіруе ААТ «Агра-Моталь».

За вытворчыя дасягненні і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё сельгаспрадпрыемства ўганараваны ордэнам Айчыны другой і трэцяй ступені, званнем «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі», «Чалавек года» на Брэстчыне і «Ганаровы грамадзянін горада Іванава і Іванаўскага раёна». Дэпутат раённага Савета дэпутатаў. Занесены ў Кнігу гонару Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза.


Блакітную стужку імклівай Ясельды, быццам каралі, упрыгожваюць густа заселеныя палескія вёскі Спорава, Моталь, Хомск, Парэчча. Раней з усіх бакоў іх акружалі непраходныя балоты. Сялянам не ставала зямлі. Палешукі адпраўляліся далёка ад сваіх мясцін у заработкі. У міжваенны перыяд панскай Польшчы разам з іншымі землякамі падаўся ў невядомую Амерыку зарабіць грошай хомскі хутаранін Сямён Каштальян. Вярнуўся з-за акіяна і займеў запаветны надзел. Устроіў на ўзбярэжжы Ясельды ўласную гаспадарку. Вайна парушыла мірнае жыццё. Шмат пакут давялося перанесці за гады гітлераўскай акупацыі. Фашысцкія нелюдзі ў ліпені 1943 года спалілі амаль паўтысячы сялянскіх хат у Хомску, загубілі 1760 мірных жыхароў. Цудам застаўся некранутым ворагам хутар Сямёна Каштальяна.

Разам з іншымі гаспадарамі ў першыя пасляваенныя гады хутаранін уступіў у калгас. Сваю прагу да працы на зямлі перадаў дзецям. Пашчасціла яму дачакацца і прывучыць да сялянскага занятку ўнукаў. Часта наведваўся да дзеда на хутар старэйшы ўнук Вячаслаў. Разам травы касілі, дровы нарыхтоўвалі, агарод апрацоўвалі. У вольны час хлопчык любіў слухаць дзедавы ўспаміны пра падарожжа за акіян на параходзе, пра незвычайныя хмарачосы. Уявіць іх сабе ніяк не мог. Але так сталася, што праз дзесяцігоддзі пабываў у мясцінах, дзе некалі дзед Сымон зарабляў грошы на набыццё зямлі.

— З дэлегацыяй беларускіх аграрыяў наведвалі сельскагас­падарчую выставу ў нямецкім Гановеры, — узгадвае дырэктар ААТ «Моталь-Агра» Вячаслаў Каштальян. — Там і пазнаёміўся з прадстаўніком амерыканскай фірмы па маркетынгу жывёлагадоўчага абсталявання. Зацікавіла яно нас. Атрымаў запрашэнне азнаёміцца з дзейнасцю жывёлагадоўчых ферм штата Вісконсін. На працягу тыдня наведваў фермерскія гаспадаркі ў раёне Вялікіх Азёр. Гэты рэгіён славіцца ў свеце Мэдзісанскім універсітэтам па жывёлагадоўлі. Прыродныя ўмовы для жывёлы там абсалютна ідэнтычныя нашым. Такія ж балоты ў перамежку з дробналессем. Зацікавіла мяне работа даільных установак. Загарэўся жаданнем набыць іх для нашай гаспадаркі. У Мінсельгасхарчы Беларусі ідэю падтрымалі. Набытыя два амерыканскія агрэгаты даўно сябе акупілі і сёння дзейнічаюць на нашых малочна-таварных фермах.

— А дойны статак вялікі ў гаспадарцы?

— Паўтары тысячы кароў. Сярэднегадавы надой ад кожнай сёлета чакаецца 8500 кілаграмаў. Што­дзённа на перапрацоўку адпраўляем звыш 30 тон малака. Амаль 90 працэнтаў яго рэалізуем гатункам экстра. Малочна-таварныя фермы, а іх у нас тры, пастаянна мадэрнізуем.

— Плануеце на фермах усталяваць робатаў?

— Такой патрэбы няма. Жывёла­водаў хапае. На фермах людзі старанныя, высокапрафесійныя. Для іх створаны спрыяльныя ўмовы працы. Заработкі стабільныя і высокія. 

Рэканструюем малочна-таварную ферму на 250 кароў у вытворчай брыгадзе нумар чатыры. Увесь грамадскі статак — 5860 галоў буйной рагатай жывёлы — утрымліваем па сучаснай тэхналогіі. Створана і адпаведная кармавая база. Пасля ацёлаў цяляткам удаляем рогі: бязрогая карова не агрэсіўная, што станоўча ўплывае на яе прадукцыйнасць. Мне давялося пабываць на малочна-таварных фермах Падмаскоўя. У Ізраілі месяц вывучаў у кібуцах арганізацыю вытворчасці малака. Там не ўбачыш рагатую карову і прывязаную на ланцуг у стойле. І ў нас вольнае ўтрыманне дойнага статка. З года ў год павялічваем валавую вытворчасць малака. У 2023-м настроены ўвесь прадукт на фермах атрымліваць толькі гатункам экстра. Рэнтабельнасць яго вытворчасці перавышае 60 працэнтаў. Займаемся і гадоўляй мясной буйной рагатай жывёлы. У нас 482 мясныя каровы і 678 галоў маладняку абердзіна-ангускай і лімузінскай пароды. Зараз на племянную жывёлу гэтай пароды ў нашай краіне няма попыту, а дарма: мяса сакавітае, высакаякаснае. Спадзяюся, што час гэтай жывёлы яшчэ настане. У будучым плануем развіваць як малочную, так і мясную жывёлагадоўлю. Сёлета ў нас з 31,8 мільёна рублёў выручкі амаль палова атрымана ад рэалізацыі прадукцыі ферм.

— А як склаўся год у расліна­водстве?

— Візітная картка гаспадаркі — бульба. Вырошчваем элітныя сарты галандскай, нямецкай і беларускай селекцыі. Прычым айчынным сартам аддаём перавагу. Сёлета накапалі 13 656 тон клубняў. Захоўваем ураджай, як і гародніну, садавіну, у сучасных сховішчах. Добра родзяць на нашых не надта ўрадлівых землях морква і капуста, цыбуля і сталовыя буракі — амаль 500 цэнтнераў з гектара. Адменны ўраджай яблыкаў — каля 2500 тон сабралі з 60 гектараў. Маем гадавальнік саджанцаў. Абнаўляем імі наш сад і частку прадаём. Ад рэалізацыі ўласнай прадукцыі сёлета ўжо атрымалі на 4 мільёны больш, чым летась. У засекі засыпана 11 574 тоны збожжа і зерня кукурузы.

Дзякуючы эфектыўнай рабоце тэхнікі своечасова справіліся з усімі палявымі работамі. У нашым тэхнічным арсенале ў асноўным трактары, камбайны і іншыя агрэгаты айчыннай вытворчасці. Яны амаль не ўступаюць замежным узорам, а па некаторых пазіцыях нават пераўзыходзяць іх. Восенню пасеялі 2460 гектараў азімых збожжавых, каля 600 гектараў займае азімы рапс. Зараз, калі зямля спачывае да цёплых вясновых дзён, самы час крыху перадыхнуць перад новым вітком працоўных будняў.

— Вячаслаў Мікалаевіч, ваша адданасць даручанай справе высока ацэнена. Дазвольце павіншаваць вас з чарговай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Айчыны ІІ ступені.

— Лічу, што гэта высокая адзнака старання кожнага працаўніка нашага калектыву. Кіраўнік краіны, паціскаючы мне руку пры ўручэнні ордэна, выказаў намер наведаць гаспадарку. Для нас гэта вялікі гонар. Спадзяюся, Аляксандру Рыгоравічу будзе што цікавага ўбачыць у нашым Моталі. Дарэчы, тут захавалася сядзіба, дзе нарадзіўся і жыў першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман.

Адным з першых у раёне Моталь атрымаў статус аграгарадка. Тут створаны сучасныя ўмовы для жыцця і працы. У цэнтры — адміністрацыйна-культурны комплекс. Навучэнцы дзвюх сярэдніх школ маюць магчымасць набываць сельгаспрафесіі. Вытворчы калектыў гаспадаркі пастаянна папаўняецца моладдзю. Для яе ўзводзіцца жыллё. Сёлета наваселле справіла маладая сям'я Аляксандра і Любові Самахаўцоў. Завяршаецца будаўніцтва двух катэджаў. Сярод сельскіх населеных пунктаў па колькасці жыхароў аграгарадок уступае толькі столінскім Альшанам. А вось такога кулінарнага фестывалю, як ладзіцца тут у жніўні, больш нідзе ў Беларусі няма. Ён атрымаў статус міжнароднага і назву «Мотальскія прысмакі». Збірае фэст гасцей з розных краін. І сапраўды, стравы, якія гатуюць мясцовыя гаспадыні, толькі тут можна паспытаць: смажаныя ў печы наліснікі, агуркі «вырві вочы», сала «з кубла», зацірку, кулеш, мачанку, талакно, верашчаку, крывянку, фаршыраваную па-мотальску рыбу, блінцы з мясам...

Колькі разоў даводзілася бываць у гэтым палескім куточку, заўжды здзіўляюся нечаму новаму, незвычайнаму. Забалочаную ваколіцу каля рэчкі Ясельды пераўтварыў у мотальскую Венецыю мясцовы жыхар Мікалай Стасевіч. Пабудаваў млын, адкрыў невялікі рэстаран, пякарню, дзе гатуюць па ўласных рэцэптах печыва. Пры фінансаванні Еўрасаюза адкрыты музей хлеба, у якім экспануюцца сялянскія прылады: плугі, жорны, старадаўні інвентар палешукоў і іншыя бытавыя рэчы, што выкарыстоўваюцца пры выпяканні хлеба. А якую ўрачыстасць мотальскім святам заўжды надаваў духавы аркестр!

— Старыя музыкі сышлі, а моладзь чамусьці не пераняла гэту справу, — з жалем адзначае Вячаслаў Каштальян. — Захоўваем камплект інструментаў і думаем усё ж аднавіць славу мотальскіх музыкаў. Фінансава гатовы падтрымаць тых, хто возьмецца за гэту справу. З усёй вобласці збіралі інструменты. Чакаем падтрымкі ад раённага аддзела культуры. Да ўсяго трэба прыкласці руку. Брэндам Моталя раней былі кажухі. З краін Еўропы ехалі да нас за імі. А які хлеб выпякаюць нашы жанчыны! Сакрэт рэцэпта мотальскага хлеба беражом як зрэнку вока.

Ганарымся сваім музеем народнай творчасці, які мае статус дзяржаўнай установы. Заснаваны ён 40 гадоў таму па ініцыятыве Міністэрства культуры і нашай гаспадаркі. Ад музея ў будынку ветраку створана экспазіцыя «Млынарства ў акрузе», дзе можна пазнаёміцца з унікальнымі драўлянымі механізмамі для размолу зерня. За прапаганду і папулярызацыю народнага мастацтва і традыцыйных промыслаў музей узнагароджаны дыпломам і спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта. Захаваннем такой гістарычнай памяці займаюцца нашы сапраўдныя патрыёты.

— Што для вас значыць патрыятызм?

— Выхоўваць гэта пачуццё трэба з малых гадоў. Менавіта так заўжды было ў маёй сям'і. Ад дзядоў і прадзедаў перадаваліся звычаі, традыцыі. Працаваць на зямлі, працягваць справу бацькоў — сапраўдны патрыятызм. З дзяцінства мяне выхоўвалі, каб ва ўсім быў парадак. Гэтага патрабую ад падначаленых. На нашых фермах, мехдвары, на палях, у садзе заўжды ўсё даведзена да ладу. Парадак — аснова поспеху.

— Завяршаецца Год гістарычнай памяці. Што ён нагадаў асабіста вам?

— Вельмі многае. Дзвюх бабуль, Ганну і Марыю, зажыва спалілі фашысты ў маёй роднай вёсцы Хомск. Ад родных ведаю пра гэту трагедыю і дзецям сваім расказваю. А колькі гора і пакут прынеслі акупанты жыхарам Моталя! На чацвёрты дзень вайны ў мястэчка ўварвалася нямецкая кавалерыя. У навакольных лясах сталі арганізоўвацца партызанскія атрады. Пра гэта даведаліся акупанты, і 1 жніўня эсэсаўцы зверскі знішчылі ўсё мясцовае яўрэйскае насельніцтва і камуністаў. Ворагі лютавалі некалькі дзён. Спалілі значную частку мотальскіх сядзіб. Вясною 1944 года фашысты зноў правялі карную аперацыю ў Моталі: знішчылі амаль усіх жыхароў і дашчэнту спалілі паселішча. Тыя, каму ўдалося ўратавацца ў навакольных лясах і балотах, пасля вызвалення мясцовасці Краснай арміяй вярнуліся на папялішчы. Людзі аднаўлялі сядзібы, занава адбудоўваліся.

— Зараз неспакойна вакол нашай краіны. Вас гэта хвалюе?

— Ды яшчэ як! Перажываю за падзеі ў паўднёвых суседзяў. Зусім нядаўна мы жылі ў вялікай мірнай краіне. Хіба можна было ўявіць, што такое здарыцца. Мае два стрыечныя браты і дзве сястры ў Горлаўцы мелі ўласныя дамы. Жылі і працавалі там. Украінскія ваенныя дашчэнту разбамбілі горад. Людзі сталі вымушанымі бежанцамі. А якія жахі перанесла мая пляменніца ў час бамбёжкі ўкраінскімі ваеннымі Марыупаля! Таксама ўсё страціла. А колькі людзей загінула з-за прадажных палітыкаў. Як кажуць у народзе, лепш благі мір, чым добрая сварка.

— Па адукацыі вы інжынер-механік, а ці спатрэбілася спасцігаць іншыя сельгаспрафесіі?

— Усе гады шмат чытаю. Дасканала засвоіў нямецкую мову і выпісваю аграрныя часопісы з Германіі. У іх чэрпаю карысную інфармацыю для гаспадарчай дзейнасці. Ні на дзень не спыняю самаадукацыю. Без яе немагчыма быць сучасным кіраўніком.

— Якой бачыце перспектыву гаспадаркі?

— Вытворчасць пастаянна развіваецца, мадэрнізуецца. Пры гэтым, каб рухацца ўперад, варта ўлічваць у першую чаргу асабістыя інтарэсы. Павінен быць гаспадар. Не ўсе ад прыроды могуць быць імі, тым больш кіраўнікамі. Для гэтага патрэбны асаблівыя рысы характару і прыродная кемлівасць. Толькі дзясятая частка людзей здольная творча весці іншых за сабою і рэгуляваць адносіны. Астатняя маса інэртная, падпарадкоўваецца лідару. Асноўны наш касцяк — механізатары і жывёлаводы, на якіх трымаецца гаспадарка. Людзі зарабляюць добра, будуюцца, дзяцей выхоўваюць сабе на замену.

Трэба шукаць эфектыўныя нішы, дзе можам зарабіць. Зараз больш выгадна займацца малочнай жывёлагадоўляй. Для нашай краіны ўсталявалася трывалая магчымасць рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Гэта неабходна максімальна выкарыстоўваць. Час дыктуе неадкладна пераходзіць на найбольш складаныя тэхналогіі, смялей прымяняць біятэхналогіі, тое, што патрабуе інтэлекту.

— Вы кіруеце калектывам 33 гады. Што для вас гэта праца?

— Мой стан і сэнс жыцця. Чалавеку лепшага і не пажадаеш.

— Няхай і надалей поспех садзейнічае вам у працы і жыцці, паважаны Вячаслаў Мікалаевіч!

subbat50@mail.ru

Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter