За два года вывел из состояния банкротства ОАО «Дворецкий» Лунинецкого района директор Иван Сидун

Дырэктар ААТ «Дварэцкі» Іван Сідун: «Люблю прыпыніцца каля поля і слухаць шэпт спелых каласоў»

Рост прадукцыйнасці працы, як і варты заробак, забяспечваецца перш за ўсё ў гаспадарках з трывалай матэрыяльна-тэхнічнай базай, дзе абавязкова выконваюцца тэхналагічныя рэгламенты і справай займаюцца прафесіяналы. Так лічыць дырэктар ААТ «Дварэцкі» Лунінецкага раёна Іван СІДУН. Шэсць гадоў таму сельгаспрадпрыемства было ў працэдуры санацыі, на ўратаванне калектыву ад банкруцтва выконваючым дырэктарам прызначылі Івана Сцяпанавіча. Разам з антыкрызісным кіраўніком Іванам Грыцкевічам стаўку зрабілі на жывёлагадоўлю. Навялі парадак на фермах і мехдварах, актыўна ўзяліся за нарыхтоўку кармоў для грамадскага статка. Складаней за ўсё было псіхалагічна настроіць людзей на плённую працу, прывучыць да абсалютнага выканання тэхналагічнай дысцыпліны. Справы сталі наладжвацца, першыя вытворчыя поспехі дазволілі павысіць заробкі. За два гады гаспадарка выйшла з працэдуры банкруцтва і паступова набірае тэмпы.

Вырас Іван Сідун у сялянскай сям’і. З малых гадоў дапамагаў бацьку даглядаць калгасных коней, захапіўся імі. І гэта вырашыла далейшы лёс юнака. Вытрымаў уступныя экзамены і стаў вучыцца на ветфельчара ў Ляхавіцкім саўгасе-тэхнікуме. Праз чатыры гады атрымаў дыплом з адзнакай, а пасля на выдатна скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Выпуск-1976 увайшоў у гісторыю ВНУ рэкорднай колькасцю выдатнікаў: у кожнага восьмага дыплом з адзнакаю. Вытворчую дзейнасць малады спецыяліст пачаў у лунінецкім саўгасе «Авангард», дзе добра праявіў сябе. Потым быў намеснікам начальніка райсельгасхарча, больш дзесяці гадоў узначальваў пабудаваны на абноўленых землях Палесся саўгас «ХХV з’езд КПСС». Без адрыву ад вытворчасці атрымаў у сталіцы вышэйшую юрыдычную адукацыю.


Лунінецкі аграгарадок Дварэц — клубнічная сталіца: тут амаль кожны агарод засаджаны салодкай ягадай. Плантацыі патрабуюць пастаяннага догляду, таму вяскоўцы сем’ямі ўвіхаюцца на загонах: для тутэйшых гэта сапраўдны бізнес. Дзякуючы стараннай працы жывуць палешукі заможна, паспяваюць упраўляцца на прысядзібных участках і па хатняй гаспадарцы.

У былыя гады дварэцкі калгас славіўся высокімі вытворчымі паказчыкамі. Мне, як журналісту, даводзілася бываць тут і расказваць пра справы калектыву. Свінагадоўчы комплекс быў адным з найбольш буйных у рэгіёне. Дварэц у ліку першых у раёне атрымаў статус аграгарадка. Забудаваныя дыхтоўнымі дамамі шырокія вуліцы перасякаюць ажыўленую аўтатрасу, што вядзе з Брэста на Гомель. У зеляніне дрэў і газонаў патанае цэнтральная частка, дзе ўзвышаецца трохпавярховая сярэдняя школа, побач дзіцячы садок, урачэбная лабараторыя, пошта, магазіны. На сялянскіх па­дворках чысціня і парадак. Усё ладна і ў вытворчай зоне гаспадаркі. Заасфальтаваная дарога вядзе да машынна-трактарнага парка, аздобленага кветнікамі. Роўнымі радамі выстраіліся агрэгаты.

— Глебаапрацоўчая тэхніка гатова да пераворвання ржышча, — акідвае позіркам машынны двор дырэктар ААТ «Дварэцкі» Іван Сідун. — Як толькі ачысцім ад саломы плошчы, адразу пачнём падрыхтоўку іх пад азімую сяўбу. Пасля завяршэння ўборкі азімага ячменю абмалацілі насеннікі шматгадовых траў і збіраліся выходзіць на хлебную ніву. Пусцілі камбайны ў загон, але прыпынілі работу на некалькі дзён, каб падсохла збажына. Зараз усе сем камбайнаў  задзейнічаны. На двух ЗСК даводзім зерне да неабходнай кандыцыі. Механізатары ў нас вопытныя: не аднойчы на раённым свяце-кірмашы «Дажынкі» дыпломы пераможцаў атрымлівалі Уладзімір Грыцкевіч, Аляксандр Козун, Канстанцін Шабан і іншыя перадавікі. Старанна працуюць на прэсаванні саломы, іншых палявых работах трактарысты Юрый і Аляксандр Калянковічы, Сяргей Асовіч, за імі кантроль не патрэбны.

— Маладыя вяскоўцы папаўняюць калектыў?

— Сярэдні ўзрост працаўнікоў звыш сарака гадоў. Занята на вытворчасці і старэйшае пакаленне. Непадалёку ад нашых палёў вытворчая база Лунінецкага дзяржагракаледжа, дзе рыхтуюць спецыялістаў аграрнага напрамку. У нашу гаспадарку накіроўваюцца выпускнікі, але застаюцца адзінкі. Маладыя кадры нам патрэбны, каб у перспектыве было каму працягваць нялёгкую, але такую важную справу на зямлі. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў гаспадарку і выконвае абавязкі галоўнага інжынера выпускнік Беларускага дзяржагратэхуніверсітэта Максім Касовіч. Калектыў жывёлаводаў папоўніў і ветфельчар Лявонцій Бараноўскі.
У сельскіх школах трэба больш увагі надаваць знаёмству старшакласнікаў з аграрнымі прафесіямі, каб у іх загараўся інтарэс да працы на зямлі. Вясковыя выпускнікі імкнуцца ў горад. А каму працягваць справу бацькоў? Праблему замацавання кадраў аграпрамысловага комплексу трэба разглядаць на дзяржаўным узроўні. Правільнае рашэнне прыняў Прэзідэнт па мэтавай падрыхтоўцы аграрных спецыялістаў. На тэлебачанні, радыё і ў газетах часцей расказваць пра жыццё і справы хлебаробаў. 
Немалаважную ролю адыгрывае ўзровень зарплаты. У нашай гаспадарцы сярэднямесячны заробак перавышае 1200 рублёў. Да канца года ёсць усе падставы, што будзе больш. Клапоцімся пра калектыў. Як і пра мадэрнізацыю вытворчасці. Дзякуючы сучасным машынам там, дзе неабходна было пускаць у поле па некалькі трактароў, цяпер адзін магутны спраўляецца. Адначасова вырашаецца і кадравая праблема. Выручае мадэрнізацыя і ў жывёлагадоўчых памяшканнях. Як прыняў кіраванне ААТ «Дварэцкі», мяне здзівілі нізкі ўзровень культуры земляробства, утрыманне жывёлы на фермах. Увесь маладняк перавялі на глыбокую падсцілку. Пагутарыў са спецыялістамі — прынялі рашэнне давесці надой ад кожнай каровы да 7000 кілаграмаў, заняліся мадэрнізацыяй МТФ. З фінансавай падтрымкай Лунінецкага малочнага завода завяршаем будаўніцтва другой чаргі МТК «Дварэц» на 750 рагуль. Яго праектны кошт — каля дзесяці мільёнаў рублёў. Частку будаўнічых работ выконвае наша брыгада (гэта зніжае затраты). Новае абсталяванне дазваляе атрымліваць малако вышэйшай якасці. З больш як 20 тон прадукту, што штодзённа пастаўляецца для перапрацоўкі на Лунінецкі малочны завод, амаль 70 працэнтаў рэалізуем класам экст­ра. Рэнтабельнасць вытворчасці — 65 працэнтаў.

Дзякуючы эфектыўнай рабоце жывёлагадоўчай галіны ўдалося за кароткі тэрмін выйсці са стану банкруцтва. За 2022-і ад кожнай з 1192 кароў атрымана звыш 6500 кілаграмаў малака. А на перадавой МТФ «Язвінкі» гадавы надой на карову перавысіў 8200 кілаграмаў. Летась агульная выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі дасягнула амаль пятнаццаці мільёнаў рублёў, значную частку якой накіроўваем на пагашэнне крэдыторскай запазычанасці. Пастаяннага фінансавання патрабуе і вытворчы працэс на палях і фермах.

— І на падтрыманне сацыяльна-бытавой сферы неабходны сродкі. Жыллём працаўнікі забяспечаны?

— У нас цэны на яго невысокія. Больш выгадна купіць дом, падрыхтаваць яго да засялення, чым будаваць новы. Так і робім. Аграгарадок і ўсе навакольныя вёскі газіфікаваныя, праведзены водаправод, створаны ўвесь комплекс сацыяльна-бытавых умоў.

— Шосты год вы ў гаспадарцы. Што зараз найбольш хвалюе?

— Будаўнікі не паспелі яшчэ адрамантаваць усе старыя жывё­лагадоўчыя аб’екты. На ўскрайку аграгарадка прывялі ў парадак некалькі пабудоў для адкорму бычкоў,  гадуем цялушак для папаўнення дойнага статка на новым МТК.

Занепакоены зніжэннем закупачных цэн на малако, а кошт набытых сродкаў вытворчасці, наадварот, няспынна расце. Турбуюся, што з-за вялікай запазычанасці па банкаўскіх крэдытах, якія раней браліся на будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу, пазбаўлены магчымасці карыстацца лізінгам па набыцці тэхнікі. Стрымлівае тое, што пакуль нас у раёне адносяць да катэгорыі нізкарэнтабельных гаспадарак. Вымушаны праз камерцыйныя структуры купляць машыны і агрэгаты за ўласныя сродкі, а адпускаюць іх нам пад высокі крэдытны працэнт. Вышукваем магчымасці абнаўляць тэхнічны арсенал. За апошнія гады набылі некалькі трактароў МТЗ, магутны «Кіравец», корманарыхтоўчы КВК-600 і два збожжаўборачныя камбайны «Гомсельмаша». Сёлета за сродкі дзяржбюджэту атрымалі яшчэ адзін такі. За ўласныя грошы абнавілі пасяўную і глебаапрацоўчую тэхніку. Дзякуючы сучасным машынам увесь комплекс палявых работ праводзім аператыўна.

— Другое паўгоддзе адлічвае аб’яўлены на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння. Чым ён адметны для вас?

— Плённа працуем. Стварэнне не павінна абмяжоўвацца адным годам.
Трэба кожнаму імкнуцца рабіць усё, каб атрымаць пэўны вынік, каб мацнела краіна. У свеце склалася надзвычай напружаная сітуацыя, як ніколі важна кансалідацыя грамадства. У канцы чэрвеня ладзіліся абласныя зборы па тэрытарыяльнай абароне, вакол адміністрацыйнага будынка, што ў цэнтры аграгарадка Дварэц, праводзіліся заняткі народнага апалчэння, паставілі блок-пасты. Удзельнікам вучэнняў выдалі зброю. Як вядома, народнае апалчэнне складаецца ў трывожны час з асоб, якія па розных прычынах не належаць мабілізацыі ў войска. Напрыклад, такія атрады мужна дзейнічалі ў гады Вялікай Айчыннай, калі вораг падбіраўся да Масквы.
Шмат пакут прынесла вайна і маім родным. Над дзедавым хутарам, што каля польскай мяжы ў Белавежжы, чэрвеньскім нядзельным днём на ўсход бесперапынна ляцелі варожыя самалёты. Усё навокал грымела і палала. Акупанты вывозілі моладзь у рабства, паспыталі гэтай няволі і мае бацькі. Тата Сцяпан Мацвеевіч разам з землякамі-равеснікамі трапіў у нямецкую чыгуначную пажарную службу. З двума братамі з Піншчыны дамовіліся пры першай магчымасці збегчы (насілі форму чыгуначных пажарных, таму мелі права бяс­платнага праезду на цягніках). Перад уцёкамі з сабою прыхапілі цывільную вопратку. Чыгункай дабраліся да Літвы, пераапрануліся і пакрочылі ў кірунку да Белавежжа. На адным з польскіх хутароў папрасілі хлеба. Як толькі развіталіся, мясцовыя жыхары паведамілі нямецкай паліцыі пра незнаёмцаў. Аператыўная група дагнала іх. Хлопцы кінуліся наўцёкі, аднаго з братоў гітлераўцы забілі. Бацька расказваў, што куля зачапіла галёнку, але яму з сябрам удалося ўцячы ад ворагаў. Рана была неглыбокая, хутка загаілася. Дамоў дабраўся, чым вельмі здзівіў і абрадаваў родных. Усю вайну працаваў на зямлі, упраўляўся па гас­падарцы. Летам 1944-га пасля вызвалення савецкімі войскамі нашых зямель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яго прызвалі ў армію. Два тыдні навабранцы з вызваленага Брэста ехалі на Далёкі Усход. Там камандаваў аддзяленнем артылерыйскай разведкі, перажыў напружаныя моманты ў час змагання з японскімі войскамі. Праз дзесяцігоддзі мая дачка знайшла ў інтэрнэце на сайце ваеннага архіва дакументы пра баявыя ўзнагароды сяржанта Мацвея Сідуна. Яго заслугі адзначаны медалём «За перамогу над Японіяй», ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, шматлікімі юбілейнымі медалямі. Маці таксама вывезлі разам з вясковымі дзяўчатамі, працавала на ферме ў баўара да вызвалення савецкімі войскамі. У пасляваенны час тата адшукаў на Піншчыне сябра, з якім уцякалі з нямецкага рабства. І мяне ўзяў з сабою на сустрэчу. Гэтыя ўспаміны бацькоў, як і многае з дзяцінства, захаваліся ў маім сэрцы.

— Што найбольш з маленства запомнілася?

— Турыстычны паход у Белавежскую пу­шчу. Каля нашага хутара яна мяжуе з лясным масівам, які мясцовыя называюць «плошчай». Амаль трыццаць кіламетраў пешкі, вечарамі гатавалі ежу на вогнішчы. У спецыяльных вальерах аглядалі зуброў, аленяў, дзікоў і іншых звяроў. Была і экскурсія ў краязнаўчы музей. Помняцца і цікавыя заняткі ў гуртку юнага сябра пагранічніка. Непадалёку ад нашага хутара дзяржаўная мяжа. На сустрэчы з намі прыходзілі пагранічнікі, бывалі і мы ў іх на памежнай заставе. А ці можна забыць, як з’язджаліся госці на хрысціны ці на іншыя святы! Асабліва ўрачыста мае родныя адзначалі ў канцы лета Прачыстую Прасвятой Багародзіцы. У гэты дзень некалі пастухі ва ўрочышчы Грушка ўбачылі на полі выяву Божай Маці. З тых часоў штогод тут збіраюцца паломнікі. Наш хутар з усіх бакоў акружаў густы лес. На падворку трымалі кароў, свіней, авечак, хатнюю птушку. Пачынаў хадзіць у школу за тры кіламетры ў вёску Долбізна, менавіта тады мне купілі першыя кірзавыя боты. У бацькоў нас было трое. Маці Надзея Іванаўна аднойчы паслізнулася і атрымала траўму пазваночніка, амаль год праляжала на бальнічным ложку. Бацька з працы вяртаўся позна, а ў дзеда хапала сваіх гаспадарчых спраў. Бабуля днямі збірала грыбы і ягады ў лесе. Мне выпадала глядзець за меншымі брацікамі. Кранала дзіцячае сэрца, як тата ў бальніцы плакаў, перажываў за хворую маці. Колькі радасці было, калі перабраліся ў новы дом, які дзядуля і бацька самі ўзвялі ў вёсцы Долбізна. Дзядуля многім у пасляваенны час будаваў хаты, слыў у наваколлі майстрам на ўсе рукі.

— А вас вучыў сялянскім заняткам?

— Многае ў яго спасцігалі. Цікавіўся ён нашымі марамі. Калі даведаўся, што хачу стаць ваенным урачом, падтрымаў мяне. Але, пэўна, мне было наканавана прысвяціць жыццё ветэрынарыі: перад паступленнем у Ленінградскую ваенную медыцынскую акадэмію не прайшоў медыцынскую камісію. За ўсе гады вучобы ў Віцебскім ветінстытуце экзамены здаваў толькі на пяцёркі, з навуковымі дакладамі ездзіў на канферэнцыі ў аграрныя ВНУ былога СССР. Пасля заканчэння вучобы распрацоўваў імунагенетычныя пашпарты жывёл у Беларускім інстытуце жывёлагадоўлі, пад патранажам вядомага акадэміка Харытона Сцяпанавіча Гарагляда вёў даследаванні па прымяненні раслінных прэпаратаў для адкорму свіней.

— Не шкадуеце, што памянялі навуковую дзейнасць на вытворчасць?

— Лёгкага хлеба ніколі не шукаў. Імкнуся так жыць і працаваць, каб родным не сорамна было за мяне. На ўнукаў пашчасціла: адзінаццаць іх. Самы меншы носіць імя пра­дзеда Мацвея. Вялікая радасць у нашым доме, калі ўсе збіраюцца разам. Жонка Наталля Васільеўна гатуе святочны стол. Жывём у аграгарадку Міжлессе, дзе некалі пачынаў дырэктарства ў мясцовым саўгасе. Будаваўся ён на меліяраваных землях. У той час на Палессі ўзводзілася чатырнаццаць гаспадарак. Фінансавалася будаўніцтва з саюзнага фонду, усе арганізацыйныя пытанні вырашаліся на ўзроўні кіраўніцтва вобласці. Ад раёна на такія пасяджэнні накіроўвалі мяне. За 11 гадоў дырэктарства ўдалося многае зрабіць, гэта быў мой зорны час. Прыгожы пасёлак вырас сярод былых Грычынскіх балот. У Міжлессі кінуў свой сямейны якар. Каля дома выраслі яблыні, што сам садзіў. Адсюль рукой падаць да Дварца, дзе кірую гаспадаркай. Раніцай, як толькі першыя промні сонца пачынаюць пералівацца ў росных травах, а навокал пануе цішыня, люблю прыпыніцца каля поля і паслухаць шэпт спелых каласоў. Гэта сапраўднае шчасце!  

— Які ваш жыццёвы прынцып?

— Любую справу, за якую бяруся, глыбока вывучаю, удасканальваю сваё майстэрства. Працуючы кіраўніком гаспадаркі, завочна атрымаў юрыдычную вышэйшую адукацыю, выпісваю перыядычны друк. Дзесяцігоддзямі чытаю «Сельскую газету», часопіс «Сельская гаспадарка Беларусі», спецыялізаваную літаратуру. Падтрымліваю сувязь з навукоўцамі. Сучасны аграрны кіраўнік павінен быць чалавекам эрудзіраваным, кампетэнтным у даручанай справе. Мо не ва ўсіх дэталях, але ў сутнасці важных праблем павінен разбірацца. У тых гаспадарках, дзе склаўся касцяк высокапрафесійных спецыялістаў, яму неабавязкова ведаць дробязі тэхналогіі. Справа кіраўніка — генерыраваць ідэі і каардынаваць дзейнасць падначаленых. Мой прынцып: заўжды павінны быць чыстымі сумленне, рукі і каўнер кашулі.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter