Дым Мікалая не спужаў

Як ужо паведамляла "БН”, жыхар вёскі Сошна на Піншчыне вынес з агню немаўля. Хто ж ён, сціплы герой?

Мікалай Малашчыцкі героем сябе не лічыць. Хаця, калі б не ён, страшная бяда здарылася б у шматдзетнай сям’і суседзяў. Раніцай малады гаспадар, не дачакаўшыся дадому жонкі, паспяшаўся на працу. У хаце засталося трое малых дзяцей.

...Убачыўшы, што праз уваходныя дзверы валіць дым, Мікалай паспяшаўся ў дом. Абыходзячы напоўненыя едкай смугой памяшканні, ён намагаўся адшукаць малютку, аднак з-за густога дыму не змог гэта зрабіць. Пасля некалькіх няўдалых спроб Мікалаю нарэшце пашчасціла схапіць дзіцячы ложак і вынесці яго на кухню, дзе было не так дымна. Яшчэ праз некалькі імгненняў разам з сямімесячнай дзяўчынкай яе выратавальнік апынуўся на вуліцы. Як расказаў “БН” прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, прычыны пажару, у выніку якога дом быў моцна пашкоджаны, высвятляюцца. Мясцовыя ўлады разглядаюць магчымасць аказання дапамогі шматдзетнай сям’і. Але і да бацькоў нямала пытанняў. Галоўнае з іх — чаму яны пакінулі без нагляду дзетак?

Аляксандр КУРЭЦ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter