Мы посетили столицу Купалья — шкловский агрогородок Александрию, которая скоро соберет друзей

Два берагі адной ракі

Самае маштабнае ў Беларусі з міжнародным размахам Купалле ў дзясяты раз збярэ ўдзельнікаў і гасцей на пакатым дняпроўскім беразе ў шклоўскім аграгарадку Александрыя. Дэвіз яго: «Александрыя збірае сяброў». Першае святкаванне прайшло ў 2010 годзе. Магутная рака Днепр аб’ядноўвае тры ўсходнеславянскія народы. Па ім праходзіў знакаміты шлях «з варагаў у грэкі». У 2007-м бетонны мост злучыў рачныя берагі, на якіх вякамі стаяць старажытная Копысь і Александрыя — малая радзіма Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт падтрымаў ідэю правядзення свята ў Александрыі, якое стала сапраўдным культурным брэндам Беларусі. Днямі наш карэспандэнт пабываў у сталіцы Купалля.



Купальскае поле ў Александрыі раскінулася паміж Дняпром і сядзібамі аграгарадка. Рабочыя Магілёўскага аблдарбуда сёлета выраўнялі рэльеф, тратуарнай пліткай вымасцілі галоўную пляцоўку перад вялікай эстрадай. На 800 глядзельных месцаў пабольшала ў амфітэатры каля вялікай сцэны, і ўсяго іх цяпер 3300.

Па-святочнаму прыбраны вуліцы і падворкі аграгарадка. Дырэктар ААТ «Александрыйскае» Андрэй Кузьменка лічыць вялікім гонарам прымаць удзел у арганізацыі і правядзенні свята. Падрыхтоўка да яго стымулюе тутэйшых трымаць парадак. Для сельгаспрадпрыемства такі фэст — дадатковая магчымасць рэкламаваць сваю прадукцыю. Усё гатова да прыёму гасцей у гасцініцы «Александрыя», кафэ, бары, гандлёвых кропках.

Карэнная жыхарка Александрыі Ганна Ліх на пытанне, якое Купалле ёй больш памятна, на хвіліну задумалася і ўзгадала далёкае дзяцінства. Цяжка жылося ў тыя пасляваенныя гады. Нялёгкай была праца на зямлі. Амаль усё рабілі рукамі. Першыя сельгасмашыны паступалі ў гаспадарку. Свята Купалля давала невялікі перадых паміж касавіцай і жнівом. Усёй вёскай рыхтаваліся да яго. Як толькі на небе выплываў рагаты месяц, ля Дняпра ўспыхвала полымя. І на супрацьлеглым беразе, каля копыскай ваколіцы, палала вогнішча. Моста праз Днепр яшчэ не было. Да раніцы звінелі галасы над рачной плынню. Невялічка купальская ночка. Ахутана яна чароўнасцю.

Сямідзесяцігадовы александрыец Міхаіл Бычкоў памятае, як басаногім хлапчуком скакаў праз купальскі агонь, марыў пра папараць-кветку. Яго дзяды і прадзеды жылі на гэтай прыдняпроўскай зямлі. Цяпер дзеці і ўнукі не прапускаюць александрыйскае Купалле. Кожны год пашырае маштабы. Арганізатары — Магілёўскі аблвыканкам, Міністэрства культуры і Шклоўскі райвыканкам. Галоўнай тэмай сёлетняга святкавання, якое пройдзе 6 і 7 ліпеня, вызначана малая радзіма.

Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алег Хмялькоў задаволены тым, што сёлета значна пашырана колькасць запрошаных на свята. На пляцоўцы майстроў прадстаўнікі з Башкірыі будуць дэманстраваць арыгінальныя шалі, дагестанцы — ювелірныя вырабы, майстры з Івана-Франкоўскай вобласці Украіны — вышыванкі. Як заўсёды, прывязе свой ганчарны круг бабруйскі майстар гліны Юрый Богда. Усяго чакаецца больш за тысячу ўдзельнікаў купальскага свята з васьмі краін. Дэлегацыі краін-удзельніц прадставяць калектывы народнай творчасці і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


Упершыню для дзяцей падрыхтаваны гульнявыя атракцыёны ў этнастылі: бой мяшкамі, драўляная карусель. На працягу двух дзён будуць ладзіцца прадстаўленні ў дзіцячым цырку-шапіто, які прыедзе з Мінска. Дырэктар Александрыйскага цэнтра культуры і вольнага часу Алена Падкапаева разам з юнымі выхаванцамі падрыхтавала для гасцей арыгінальныя сувеніры, вырабленыя сваімі рукамі.

Сёлета на купальскім свяце свае брэнды прадставяць вобласці і сталіца. Удзельнікі фэсту самі выберуць «Міс Купалінку», якую чакае арыгінальны прыз.

Старшыня Шклоўскага райвыканкама Аляксандр Ціток заклапочаны арганізацыяй маштабнага фэсту. Па папярэдніх разліках, чакаецца сто тысяч гасцей. Дэталёва прадумана арганізацыя мерапрыемства. Пункты грамадскага харчавання разлічана на тры тысячы пасадачных месцаў. Больш як на кіламетр выцягнуцца прылаўкі гандляроў харчовай і прамысловай прадукцыяй.

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Васіль Акуліч адзначыў, што раніцай другога дня на галоўнай сцэне адбудзецца ўшанаванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны. 

Купальскае свята ў Александрыі — унікальны фестываль, які нагадвае пра традыцыі нашых продкаў.

З дзяцінства запала ў сэрца чароўнае летняе свята. Дарослыя нас, дзяцей, пераконвалі, што галоўнае — убачыць, як перад узыходам сонца гуляе. Ля святочнага вогнішча ў паўдрымоце слухалі расповеды пра дрэвы, якія ў гэту ноч пачынаюць хадзіць і перагаворвацца шумам свайго галля. Здзіўлялі байкі, што дар мовы атрымлівалі звяры, птушкі і травы. Страшыла нас паданне пра русалак, у якіх увасоблены душы памерлых. Быццам раз у год на Купалле яны ажываюць русалкамі і купаюцца ў чыстай вадзе.



Пад спевы ўперамежку з дзівоснымі паданнямі, перамагаючы назойлівы сон, мы ўглядаліся ў зорную высь, прагаворчаючы на палескім дыялекце: «Сёння Купалле, заўтра Йван, залатэ санейка, зайграй нам!»

Быццам пачуўшы нашы галасы, пачынала днець. Рачная плынь серабрылася асаблівым прывідным святлом. Пад першыя сонечныя промні качаліся па росных травах, скакалі праз агонь, купаліся ў рацэ. Старэйшыя дзяўчаты загадзя спляталі вянкі і пускалі па вадзе. Пад раніцу на высокім шасце дагарала абсмоленае кола — сімвал сонца.

Неаднойчы даводзілася чуць, калі на Купалле зорна, то будзе многа грыбоў, а вялікая раса — да ўраджаю агуркоў. Першыя грыбы звычайна пракідаюцца ў час калашэння жыта. У народзе іх называюць каласавікамі. Сёлета з-за спякоты не відаць было іх.

З язычніцкіх часоў славяне сустракаюць Купалле ў дзень летняга сонцастаяння. Потым свята дапоўнілася хрысціянскімі звычаямі. На нашых землях замацавалася дзве традыцыі яго святкавання: па юліянскім календары — 22—23 чэрвеня, па грыгарыянскім — у купальскую ноч з 6 на 7 ліпеня.

На мінулым тыдні, як разварушаны вулей, гудзела людской плынню прысталічная аўтэнтычная вёска Строчыцы. Госці развучвалі народныя танцы, вадзілі карагоды, забаўляліся гульнямі, частаваліся нацыянальнымі стравамі і напоямі, прыгатаванымі па эксклюзіўных рэцэптах. На беразе ракі Пціч выступілі самабытныя выканаўцы і творчыя калектывы. Кульмінацыяй быў грандыёзны канцэрт, у якім удзельнічалі беларускія, расійскія і ўкраінскія фальклорныя калектывы.

Традыцыйнае «Свята Сонца» ладзілася і ў «Дукорскім маёнтку», што ў Пухавіцкім раёне. Акрамя музыкі і спеваў, гасцей чакаў і незвычайны спектакль «Дукорскі цмок». У завяршэнне ўрачыстасці тытул Купалінкі атрымала спявачка сталічнай фальклорнай групы «Мілавіца».

Самы доўгі дзень года і самую кароткую ноч можна правесці на купальскім свяце ў старажытным Ракаве, ці на малой радзіме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Менавіта ў купальскую ноч ён нарадзіўся і з гэтым народным святам звязаў свой творчы псеўданім. Для Песняра ён стаў сімвалам пошуку шчасця беларускага народа. Па ўсталяванай традыцыі на Купалле ў Вязынцы ладзіцца Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў. Менавіта ў Вязынцы ўстаноўлены рэкорд па пляценні самага вялікага купальскага вянка Беларусі.

Купальскія вогнішчы палаюць у гэту ноч і ў легендарным памесці Агінскіх у Залессі, якое некалі называлі Паўночнымі Афінамі. У цяністым парку можна прайсці праз «купальскую ачышчальню», паскакаць праз касцёр, паспытаць на сабе рытуал ачышчэння купальскімі зёлкамі.

У віцебскім культурна-гістарычным комплексе ў свята запланаваны паказ мюзікла «Неверагоднае Купалле». Жадаючыя змогуць сфатаграфавацца ў фотазоне клубаў гістарычнай рэканструкцыі «Сярэднявечча».

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter