Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Дукора: чырвоная кветка Беларусі

Дукора: турыстычная брама з відам на аграгарадок

СТАГОДДЗЕ таму ў панскім палацы мястэчка Дукора, якое выцягнулася ўздоўж высокага берага Свіслачы, адкрылася сельскагаспадарчая школа. Айчынная вайна знішчыла ўнікальны будынак, засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы і ўваходная вежа. Дукорскі маёнтак часткова адноўлены і прымае турыстаў. У розныя часы валодалі ім Шаметы, Завішы, Кезгайлы, Сапегі, Агінскія, Манюшкі, Оштарпы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Дукора апынулася ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі і стала ўладаннем сына аселага шведскага жаўнера арміі караля Карла ХII Францішка Оштарпа. Сын яго Леў пабудаваў у спадчынным маёнтку мураваны палац і бібліятэку, стварыў аркестр і прыгонны цырк з замежнымі акцёрамі. Дзейнічалі ўніяцкі Узві- жанскі, а потым і Петрапаўлаўскі праваслаўны храмы, каталіцкі касцёл, сінагога. Чатыры разы на год ладзіліся кірмашы. У цэнтры воласці — Дукоры адкрыліся мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы.

Пасля Оштарпаў маёнткам валодаў галандзец Канстанцін Гарцынг. На рацэ Свіслачы ён пабудаваў вадзяны млын. Пачаў дзейнічаць сыраробчы завод. Мясцовыя майстры адмыслова выраблялі сельгасінвентар, бочкі, цэбры, бойкі, гліняны посуд, абутак, збрую для коней, апрацоўвалі лён і воўну. Саматужна выраблены тавар карыстаўся попытам на мінскім базары.

У Першую сусветную вайну мястэчка папераменна захоплівалі кайзераўскія войскі і белапалякі. Актыўна змагаліся з ворагамі партызаны. Польская дэфензіва арыштавала народных змагароў. 17 мая 1920 года ва ўрочышчы Пушча расстралялі 16 байцоў. Мужныя змагары ўшанаваны помнікам. Калгасу далі назву “16 партызан”. Тутэйшы драматург Васіль Гарбацэвіч увекавечыў гераічных землякоў п’есай “Чырвоныя кветкі Беларусі”.

Пасля ўстанаўлення савецкай улады Дукора стала цэнтрам сельсавета Пухавіцкага раёна.

Крывавы след пакінулі ў мястэчку нямецка-фашысцкія акупанты. У пасляваенныя гады аднавіў дзейнасць калгас, які рэарганізаваны ў сельгаспрадпрыемства. Дукора — малая радзіма беларускіх дзяржаўных дзеячаў Аляксандра Чарвякова і Уладзіміра Лабанка.

ВАНДРОЎКІ па розных куточках Беларусі немагчымы без сустрэч з жыхарамі. Кожны чалавек запамінальны па-свойму. Агульнае — вялікая любоў людзей да родных мясцін. Такія разважанні ўсплывалі па шляху да пухавіцкай Дукоры. Ажыўленая аўтатраса, што вядзе са сталіцы, перасякае галоўную вуліцу аграгарадка, па якой пешшу крочыць рызыкоўна. Тратуараў няма. Ад часта праязджаючых аўтамабіляў даводзіцца ціснуцца да высокіх з металапрофілю ці бетону агароджаў. Шчыльна забудаваныя падворкі з выцягнутымі да рачной поймы агародамі з боку вуліцы нагадваюць крэпасці. Разгалістыя бярозы, таполі, клёны, вязы ўзвышаюцца над дахамі аднапавярховых дамоў. Вокны некаторых з іх умацаваны кратамі. Захаваліся ў прысадах і тыповыя драўляныя хаты з акуратнымі аканіцамі. Пракладзены газа- і водаправод. Аграгарадок напоўнены жыццём.

На цэнтральнай плошчы — адміністрацыйныя будынкі, магазіны. У зацені густога сквера — мемарыял ахвярам войн мінулага стагоддзя. Ушанавана памяць 16 дукорскіх партызан, расстраляных белапалякамі. Побач на гранітных плітах выбіты прозвішчы воінаў і партызан, што аддалі жыцці ў барацьбе за вызваленне ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.


Вокнамі на мемарыял глядзіць будынак сельвыканкама, у якім сустрэліся са старшынёю Святланай Ляшковіч. Некалькі месяцаў яна на гэтай пасадзе. Не ўсюды з амаль што сарака населеных пунктаў удалося пакуль пабываць. Пяць гадоў таму пасля далучэння Дрычынскага сельсавета да Дукорскага ён па тэрыторыі стаў найбольшым у раёне.

Побач з аграгарадком аднавіўся былы панскі маёнтак, да якога вядзе асфальтаваная грэбля са старымі вербамі паабапал. Над густымі шатамі векавых дрэў узвышаецца мураваная дукорская брама — сімвал комплексу, пабудаванага ў ХVIII стагоддзі. Такое збудаванне сведчыла пра рыцарскі дух гаспадароў.

НА пляцоўцы перад маёнткам стаялі турыстычныя аўтобусы, легкавікі. Праз расчыненую браму гасцей прымаў турыстычны аб’ект. Праходзіш праз яе, і пасля гарадскога тлуму сэрца запаўняе адчуванне гармоніі прыроды і чалавека. Народныя ўмельцы дэманструюць арыгінальныя вырабы, якія можна набыць. Падобныя раскошныя паркі даводзілася бачыць на розных кантынентах планеты. Як і ў заморскай Аўстраліі ці любой еўрапейскай краіне, у такія куточкі людзі прыязджаюць, каб наталіцца натуральнай прыгажосцю прыроды. З прыемнасцю і мы прайшліся спякотным летнім днём па цяністых алеях, пагутарылі з людзьмі.

Апрануты ў беларускую вышыванку, з брылём на галаве, вусаты мужчына заўзята чаканіў сувенірныя манеты. Імгненне, і з-пад малатка вылятаў чарговы металічны кружок. Жадаючых займець незвычайны падарунак павялічвалася. Увішны майстар прадставіўся Уладзімірам Мацулевічам. Да выхаду на пенсію настаўнічаў у Пухавіцкім раёне. Жыве ў Рудзенску і штодня прыязджае ў Дукорскі маёнтак.

Народны ўмелец Уладзімір МАЦУЛЕВІЧ

Побач віртуозна перабіраў пальцамі на дудзе малады музыка. Яго чароўныя гукі кранаюць сэрца. У перапынку паміж мелодыямі ад Міколы Дашыневіча даведаліся, што закончыў ён Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Сам кроіў і шыў свой палатняны строй. На дудзе цешыць турыстаў старадаўнімі пералівамі гукаў.

Дудар Мікалай ДАШЫНЕВІЧ

Жадаючых падсілкавацца запрашае карчма. Брэнд маёнтка — адзіны на Беларусі перавернуты дом, у якім даводзіцца хадзіць па столі. У глыбіні парку велічна раскінуў галлё чатырохвекавы дуб. Ёсць і невялікі заасад, паляна казак, вяровачны гарадок, батлейка, майстэрні рамеснікаў.

Старшыню сельвыканкама радуе, што з пачатку лета павялічыўся паток турыстаў. Групамі прыязджаюць сталічныя школьнікі, студэнты. Праклалі сюды шлях і замежныя пілігрымы.

МОДНЫМ стала ладзіць у Дукорскім маёнтку ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбаў, адзначаць святы. За мінулы год кіраўнік спраў сельвыканкама Алена Лешчанка зарэгістравала 24 шлюбы. Прывезла яна з роднай лельчыцкай вёскі Данілегі, дзе расце самы стары на Беларусі тысячагадовы цар-дуб, нацыянальны строй бабулі Яўдохі. Апранае яго на асаблівыя святы. Сталічная моладзь едзе сюды рэгістраваць сямейны саюз менавіта ў Алены Міхайлаўны, якая чвэрць стагоддзя жыве ў Дукоры. Прызналася, што сэрца шчыміць па родным парозе, дзе засталіся састарэлыя бацькі. Помніцца Алене Міхайлаўне пах свежаспечанага хлеба, якім частавала сябровак па вучобе ў мінскім медвучылішчы. Працаваць медсястрою прыехала ў дукорскую амбулаторыю. Выйшла замуж за калгаснага агранома Івана Лешчанку. Атрымалі ад гаспадаркі жыллё. Пасля двух дэкрэтных водпускаў Алена Міхайлаўна перайшла працаваць у сельвыканкам. Завочна атрымала прафесію бухгалтара ў Смілавіцкім саўгасе-тэхнікуме. Сын Станіслаў і дачка Яна закончылі школу і засталіся ў аграгарадку. Выхоўвалі іх па прынцыпе маці Алены Міхайлаўны: “Не бяры чужога — не будзеш баяцца нікога”.

Старшыня сельвыканкама Святлана ЛЯШКОВІЧ і кіраўнік спраў Алена ЛЕШЧАНКА

У Дукоры шмат маладых сем’яў. На Кветкавай вуліцы заселены працаўнікамі СУП “Дукора-Агра” два дзясяткі катэджаў. Многія дамы дабудоўваюцца ўласнымі сіламі жыхароў.

Спецыялісты сельвыканкама выяўляюць пакінутыя сядзібы і праз юрыдычныя працэдуры прадастаўляюць іх сем’ям, што зарэгістраваны ў чарзе для паляпшэння жыллёвых умоў. Некалькі разоў на год праводзяцца аўкцыёны па продажы ўчасткаў пад забудову. Летась праз аўкцыён прададзена паўтара дзясятка надзелаў, што дало магчымасць папоўніць казну сельвыканкама. Атрыманыя сродкі накіравалі на добраўпарадкаванне населеных пунктаў.

АБЖЫВАЕ новы падворак жывёлавод Юлія Страх, да якой завіталі з намеснікам дырэктара СУП “Дукора-Агра” Людмілай Шкробат. Юлія Аляксандраўна са шматдзетнай сям’і. Шасцёра братоў і сясцёр у яе. Бацькі амаль дваццаць гадоў таму пераехалі сюды з Гомельшчыны. Кіраўніцтва калгаса імя 16 партызан прадаставіла шматдзетнай сям’і Хвастовых двухпавярховы катэдж. Гаспадыня Любоў Дзмітрыеўна даіла калгасных кароў, а муж Аляксандр Аляксандравіч да пенсіі працаваў механізатарам, а потым пастухом. Дзеці ўпраўляліся па хатняй гаспадарцы, дапамагалі маці на ферме.

Жывёлавод Юлія СТРАХ з дачкою Алінаю

Пасля заканчэння школы замяніла маці на ферме Юлія. Цяпер па вытворчых паказчыках ёй няма роўных сярод жывёлаводаў гаспадаркі. Летась ад кожнай з замацаваных за ёю 44 кароў надаіла амаль па 7000 кілаграмаў малака. У гэтыя летнія дні ёй дапамагае дачушка Аліна, якая перайшла ў шосты клас. Ёсць у яе любімая карова, якой дала мянушку Разумніца. Паміж дойкамі Аліна з мамай агарод полюць, аўдавелага дзядулю адведваюць. Калі маці затрымліваецца на ферме, маленькая гаспадыня гатуе ёй вячэру. Марыць стаць кухарам.

Дырэктар сярэдняй школы Святлана ГАЦМАН

Дзевяцікласнік Руслан Лучанкоў, з якім сустрэліся каля старога калгаснага саду, падзяліўся сваімі марамі. На наступны год збіраецца паступаць вучыцца на тэхніка-механіка ў Мар’інагорскі дзяржаўны аграрны каледж і пасля вярнуцца дамоў. Тэхнікам-асемянатарам на малочна-таварнай ферме “Харовічы” працуе яго маці Наталля Мікалаеўна. Побач будуецца новы малочна-таварны комплекс, куды будуць патрэбны жывёлаводы. Раней выпускнікі сярэдняй школы атрымлівалі сельгаспрафесіі і заставаліся ў гаспадарцы.

Трэцякласніцы-сяброўкі Ліза КАЖАДУБ і Аксіння СТРАХ

Сын механізатара Івана Барычэўскага Аляксандр школьнікам прызвычаіўся да трактароў. Закончыў факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце, вярнуўся дамоў і цяпер узначальвае інжынерную службу СУП “Дукора-Агра”.

Педагог Раіса БАРЫЧЭЎСКАЯ

ТРЫ сельгаспрадпрыемствы на тэрыторыі сельсавета. У кожным з іх агульная праблема — не стае механізатараў і жывёлаводаў. Мясцовых жыхароў пераманьваюць сталічныя прадпрыемствы. Выручаюць працавітыя палешукі. Прыязджаюць на сяўбу, уборку, пасуць жывёлу. У аддзеле кадраў сабраны каталог іх тэлефонаў. Перад жнівом галоўны інжынер вызначае, якой кваліфікацыі механізатараў не стае для працы на збожжаўборачнай тэхніцы. Ёсць і свой касцяк механізатараў. Сярод іх вопытны трактарыст-машыніст Сяргей Абразоўскі. Памочнікам на збожжаўборачным камбайне з ім працавала жонка Ірына Уладзіміраўна. Пакуль на хлебнай ніве наліваецца колас, Сяргей Маратавіч нарыхтоўвае кармы для грамадскага статка.

Механізатар Сяргей АБРАЗОЎСКІ

Адзін за другім МАЗы падвозяць падвяленую зялёную масу да сянажнай траншэі фермы “Красніца”. Юрыст гаспадаркі Жанна Шуляк вядзе ўлік закладваемага сенажу. Больш за 200 тон фуражу ўтрамбаваў у траншэі на трактары К-700 Анатоль Кулік. Побач яшчэ адна акуратна прыбраная траншэя, у якую восенню плануецца закладваць кукурузны сілас.

Механізатар Анатоль КУЛІК

З амаль што 3000 галоў буйной рагатай жывёлы гаспадаркі трэцяя частка — дойны статак. Сярэдні надой ад кожнай каровы летась перавысіў 6000 кілаграмаў малака. Адпаведна і заробкі як у жывёлаводаў, так і ў цэлым па сельгаспрадпрыемстве летась склалі амаль 700 рублёў у месяц. Дырэктар Сяргей Дрозд, які пяты год кіруе калектывам, настроены і далей развіваць малочную жывёлагадоўлю.

НАМЕСНІК дырэктара Людміла Шкробат узгадала, як летась прыехаў у Дукору малады бацюшка Андрэй Івойлаў. Папрасілі яго блаславіць на шчодрасць хлебную ніву. Мо так зоркі на небе сышліся, але такіх намалотаў у гаспадарцы не памятаюць. Кожны гектар даў звыш 50 цэнтнераў збажыны.

Намеснік дырэктара СУП “Дукора-Агра” Людміла ШКРОБАТ і юрыст Жанна ШУЛЯК

Засталі святара каля рабочых, што рамантавалі падмурак храма Святога прарока Іллі. У цэнтры Дукоры некалі стаяла і праваслаўная царква Святых апосталаў Пятра і Паўла. Айцец Андрэй, карані якога з Балгарыі, імкнецца абудзіць у сэрцах людзей святую веру, бо, як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек.

Святар Андрэй ІВОЙЛАЎ

З чыстай душой і жыццё больш багатае.

Пухавіцкі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter