Усадьба. Вышел выпуск №7 приложения к "Сельской газете"

Дуэт у суправаджэнні акарыны

«Ганчарная сядзіба «Акарына». 7 кіламетраў». Дарожны ўказальнік па шляху з Мядзела на Паставы дакладна вызначае напрамак руху. Сёння, калі запытаць, то не кожны адкажа, што насамрэч акарына — гэта гліняны музычны інструмент, дудка ў выглядзе птушкі, аздобленай беларускім арнаментам. Гаспадар аднайменнай сядзібы Сяргей Шчэрба яшчэ можа распавесці пра акарыну.



Прататыпам старажытнага інструмента сталі вельмі распаўсюджаныя на Беларусі яшчэ ў раннім Сярэднявеччы гліняныя свісцёлкі. А галоўнае, што гэта арыгінальная дудка, тэмбр гучання якой дэманструе Сяргей, стварае імідж іх, Шчэрбаў, сядзібы з выразна акрэсленым этнічным каларытам.

Ужо 30 гадоў мінула, як выпускнікі Віцебскага ўніверсітэта прыехалі працаваць на Пастаўшчыну ў Навасёлкаўскую сярэднюю школу. Сяргей выкладаў выяўленчае мастацтва, сусветную мастацкую культуру. Людміла — матэматыку. Знялі пакой у звычайнай вясковай хаце, адметнасцю якой была хіба што блізкасць рэчкі Лучайкі. У яе прытоку плёскалася рыба, а бераг густа абляпілі трыснягі. Месца маладым спадабалася, і пры першай жа магчымасці яны выкупілі сядзібу ў былых гаспадароў. Завялі свіней і ўсялякую дробную жыўнасць. Вельмі ўжо хацелася ім, карэнным гараджанам, паспрабаваць вясковага хлеба. А пасля…

Расказвае Людміла:

— У рукі Сяргея трапіла тая самая звычайная свістулька. Яе сябры падарылі сыну Аляксандру. Як ні дзьмуў у яе малы, свісту не дачакаўся. Сяргей узяўся выправіць хібы саматужнага майстра. З гэтага ўсё і пачалося.



— Звыкайся з глінай. Адбівай яе. Рабі паслухмянай, — майстар у доўгай палатнянай кашулі, перахопленай далікатна звітым паяском, з заплеценай у акуратную коску сівой бародкай цярпліва павучаў сарамяжную, гадоў дзесяці дзяўчынку, якая трымала ў руках вільготны кавалачак гліны. Прайшло колькі хвілін — і закруцілася ваўчком ганчарнае кола, стварыўшы своеасаблівы цуд пераўтварэння. Гэты злеплены ўласнаручна збаночак дзяўчынка забярэ з сабой потым як сувенір…

Падгледжаны сюжэт — адзін з эпізодаў традыцыйнага абласнога фестывалю-кірмашу рамёстваў, які штогод ладзіцца на Мядзельшчыне ў мястэчку Камарова. Сяргей Шчэрба — пастаянны яго ўдзельнік. Праводзіць ганчар майстар-класы і ў Глыбокім, на вішнёвым фэсце, у Вілейцы, падчас таксама ўжо традыцыйных рыцарскіх турніраў.



Сядзіба Шчэрбаў асабліва не выдзяляецца сярод дагледжаных падвор’яў аграгарадка Навасёлкі. Хіба вось толькі фасадам, пазначаным выразаным над ганкам драўляным пано з назвай «Акарына». Аркай з жывой зеляніны прыкрыты ўваход на ўнутраны дворык, дзе месціцца гасцявы домік, пячурка на драўляным памосце, жорны з рэшткамі жытнёвай мукі. Усё гэта не проста рарытэты, а прадметы даўніны, якія выкарыстоўвалі ў сваім побыце нашы далёкія продкі. Печку Сяргей зладзіў уласнаручна, згодна з тымі ўзорамі, якія яму трапіліся сярод гістарычнага матэрыялу. У прыску, на вуголлях, пякуцца аладкі. Цеста для іх рыхтуе жонка Людміла, дабаўляючы ў рашчыну жытнёвую муку з-пад жорнаў. А вось адпраўляе патэльню ў печ сам гаспадар. Праўда, гэтыя працэсы абое згодна давяраюць гасцям сядзібы, калі яны праяўляюць такое жаданне. У паветры распаўсюджваюць мятны водар кубкі са свежазавараным чаем… І ва ўсім гэтым — каларытная аўра сядзібы. Але сапраўдны імідж ёй стварае даўняе рамяство, якое дасканала асвоіў гаспадар.

БЕЗ Людмілы, бачна, не абыходзіцца ніводная дзея ў «Акарыне». Яна прымае гасцей, ладзіць для іх экскурсіі па хатнім музеі ганчарных вырабаў, уладкоўвае начлег, прапаноўваючы часам для адпачынку сапраўдную адрыну, над дахам якой звісае веццем кусцістая вярба. Сваю пышную крону яна набрала літаральна за пару гадоў. Унікальнае дрэва. І тыя, хто наведваюць сядзібу, бывае, ламаюць яе галінкі на чаранкі.

Адзін з рарытэтаў сядзібы — лазня, якая цепліцца па-чорнаму. Дым сапраўды выходзіць праз расчыненыя дзверы. На палку — свежае сена, спецыяльныя камяні на печы, якія не трэскаюцца ад тэмпературы і захоўваюць цяпло. «Толькі да сцен не туліцца, — папярэджвае Сяргей. — А то можа здарыцца адваротны працэдуры працэс».



Музей — асаблівы гонар гаспадароў. Акарыны розных мадыфікацый, званочкі, свістулькі, дробны посуд — усё гэта выстаўлена на паліцах старадаўняй шафы, прыстасаванай для экспазіцыі.

— У нашых мясцінах можна знайсці гліну трох відаў — чырвоную, блакітную і шэрую. Таму дэфіцыту сыравіны не адчуваю, — дзеліцца Сяргей. — Увосень гліну накапаю, зімой прамарожу. Вясной дабаўлю трохі вады. Сыравіна становіцца пластычнай і чыстай, прыгоднай для працы.

Не адчувалі, бачна, недахопу сыравіны і нашы продкі. Сяргей дэманструе рэшткі глінянага посуду, знойдзеныя ім на агародзе ўласнай сядзібы. Ім былі вядомы ўсе тры спосабы апрацоўкі гліны, у тым ліку абварная кераміка, гартаваная ў горне пры тэмпературы ад 50 да 900 градусаў, робіць выснову гаспадар. Такія вырабы дапаўнялі сялянскі быт. Іх можна было ставіць у печ, выкарыстоўваючы для прыгатавання страў.

За 10 гадоў існавання сядзібы яе наведалі шматлікія госці і з бліжэйшага, і з далёкага замежжа. У Кнізе наведвальнікаў музея — падзячныя запісы прадстаўнікоў краін Заходняй Еўропы, Кубы, Японіі, Амерыканскага кантынента. Вырабы навасёлкаўскага майстра таксама можна сустрэць у калекцыях аматараў народнай творчасці ва ўсіх канцах свету. «Хіба, акрамя Антарктыды», — жартуе Сяргей.

Практычна ўсе наведвальнікі імкнуцца атрымаць у гаспадара сядзібы майстар-клас. І затым разбіраюць вырабленыя з яго дапамогай прадметы сабе на памяць. Падчас вясельных цырымоній маладыя імкнуцца разам зладзіць на ганчарным коле нейкую патрэбную ў гаспадарцы рэч — гаршчок, збан ці вазу для кветак. А пасля яшчэ і папрасіць у запрошаных гасцей, каб пакінулі на гэтых вырабах аўтографы.

Летам сярод гасцей «Акарыны» многа дзяцей. Нядаўна прымалі 50 чалавек з дзіцячага лагера пры адным з тутэйшых касцёлаў. Нехта спрабаваў малоць муку, хтосьці круціў ганчарнае кола. Усе разам елі аладкі з незвычайнай печы. І адначасова судакраналіся з традыцыямі сваіх продкаў, якія захоўваюць і множаць сярод суайчыннікаў гаспадары аграсядзібы.

— Гэта для нас не бізнес, а проста ўклад жыцця, — неаднойчы падкрэслівае Людміла, знаходзячы ў гэтым сцвярджэнні згодную падтрымку Сяргея.

Марыя РАМАНОВІЧ

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter