В Могилеве началось строительство новой объездной дороги

Дублёр уступае ў справу

Будаўніцтва аб’язной аўтастрады стартавала ў Магілёве. Дублёр дарогі «Вуліца Якубоўскага — Загарадная шаша» пачнецца акурат ад знакамітай аркі, што адкрывае ўезд у горад з боку Мінска. Адпаведна плану аўтастрада праляжа ад мікрараёна Казіміраўка, пройдзе праз вёску Гарадчына, непадалёк ад абласнога шпіталя і пасёлка Ямніцкі. Завершыцца ж ля транспартнага кола вуліцы Касманаўтаў. Менавіта адсюль і дадзены старт будучай трасе. 

Першыя метры дарогi даследуе геадэзіст Максім Ілімовіч. Дробязей у яго справе, канстатуе, няма.
 
Аб’язная аўтастрада пакуль мала нагадвае шашу: для шашы, па якой у перспектыве пойдуць машыны, трэба расчысціць плошчу. Напачатку на чарзе —прамысловыя будынкі Магілёўскага домабудаўнічага камбіната, аб’екты ў межах «Белэлектрамантажу». Работы на вуліцы Заслонава зараз вядзе генпадрадчык маштабнага праекта — Магілёўскі дарожна-будаўнічы трэст № 3. Месца будаўніцтва агароджваецца плотам. У будучым, расказаў майстар упраўлення «Дарсэрвіс» ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 3» Аляксандр Дземідзенка, давядзецца «пацясніць» нават агароджу «Белэлектрамантажу». Вопыт работы дарожнай брыгады, якой ён кіруе, немалы. Магістралі даводзілася пракладваць у розных раёнах і абласцях Беларусі. Але ствараць выгоды для сваіх землякоў і кіроўцаў у прыватнасці, не хаваюць будаўнікі, — асаблівая і вялікая адказнасць. 

Гендырэктар Дарожна-будаўнічага трэста № 3 Аляксандр Міхаленка адзначыў, што адначасова з асноўнай шашой плануецца пракласці побач веладарожкі і тратуары для пешаходаў:

— Працу разбілі на тры этапы. Першы будзе завершаны ў наступным годзе. 

Галоўны інжынер праекта Дзмітрый Лужанкоў, у сваю чаргу, не хавае, што праца над планам будучай дарогі для спецыялістаў ААТ «Магілёўграмадзянпраект» лёгкай не была:

— Яна заняла паўтара года і яшчэ будзе ўдакладняцца. Асаблівасць праекта — у вялікай колькасці дэталяў. Чатырохпалосная шаша павінна прайсці там, дзе зараз прамысловыя і ўласныя забудовы, гаражы. Нават чыгунка. Апошняя акалічнасць выклікала неабходнасць будаўніцтва двух пуцеправодаў. Дадайце да гэтага яшчэ шматлікія інжынерныя сеткі пад зямлёй, перанос якіх таксама патрабавалася ўзгадніць з уладальнікамі. Зразумела, што знайсці найбольш аптымальныя рашэнні было вельмі няпроста.

Агульны кошт маштабнага праекта ацэньваецца прыкладна ў 100 мільёнаў рублёў. Да слова, дарога, пакрыццё якой будзе бетонным, адкрые шлях да аднаго з асноўных прамысловых раёнаў горада, у тым ліку да свабоднай эканамічнай зоны. Таксіст Міхаіл Варанаеў не сумняваецца, што з уводам дублёра горад уздыхне з палёгкай: 

— Альтэрнатыўную трасу з заходняга боку Магілёва мы ўсе чакалі даўно. У першую чаргу, гэта палегчыць праезд па праспекце Міру зранку і ўвечары: за апошні час трафік значна вырас, і аўтамабілі нярэдка трапляюць тут у пробкі, што дадае нязручнасці ўсім гараджанам. Дарога з Мінска па-за Магілёвам шырокая, а ў межах горада — звужалася, як рыльца бутэлькі, што стварала цяжкасці ў руху. Мы вельмі рады, што такі неабходны нам усім праект нарэшце становіцца рэальнасцю. 

Па планах, канчатковую кропку ў будаўніцтве дублёра плануецца паставіць праз тры гады. 

markova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter