Друя: ад працавітага хутара да турыстычнай Меккі

У ЛІКУ сямі населеных пунктаў Беларусі, якія мелі статус горада, і браслаўскае мястэчка Друя. Тут на пачатку мінулага стагоддзя налічвалася амаль пяць тысяч жыхароў. Упершыню ўзгадваецца ў 1377 годзе ў сувязі з адным з першых выпадкаў прымянення ў вайне супраць Русі агнястрэльнай зброі. У 1386 годзе ў “Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі” адзначаецца як уладанне князя Андрэя Альгердавіча. Паселішча ўзнікла на буйным гандлёвым шляху “з варагаў у грэкі”, які пралягаў па рацэ Заходняя Дзвіна. Забудоўваліся абодва рачныя берагі. Цэнтр Друі вызначыўся на высокім правабярэжжы, а зарэчнае прадмесце атрымала назву Піедруя і зараз знаходзіцца на тэрыторыі Латвіі. Землі гэтыя адміністрацыйна падпарадкоўваліся Полацку. У Сярэдневякоўе на пагорку, каля ўпадзення рэчкі Друйкі у Заходнюю Дзвіну, паўстаў замак князёў Масальскіх, якія потым перадалі яго вяльможнаму ў Вялікім Княстве Літоўскім роду Сапегаў. 


Шматлікія войны неаднаразова знішчалі дашчэнту пабудовы. Як птушка фенікс ажывала папялішча. Згодна з Полацкай рэвізіяй 1552 года, у Друі налічвалася каля паўтары сотні падворкаў. На прыбярэжным узвышшы чатыры вякі крыжамі ўпіраецца ў неба мураваны Траецкі касцёл. Пяць стагоддзяў таму непадалёку ад ўпадання рэчкі Друйкі ў Заходнюю Дзвіну пабудаваны манастыр бернардзінцаў.  

У сярэдзіне ХVII стагоддзя Друя атрымала Магдэбургскае права. Жылыя кварталы падзяляліся на тры часткі, выцягнутыя ўздоўж ракі. Цэнтр з рынкавай плошчай і ратушай атрымаў назву Сапежын, дзе знаходзіліся дамініканскі касцёл, сінагога, лазарэт, гандлёвыя рады, падворкі.

Летам 1812 года ў гэтых мясцінах адбылася жорсткая бітва паміж рускімі і французскімі войскамі. Герою Айчыннай вайны расійскаму генералу Якаву Кульнёву, які мудра кіраваў наступленнем на значна большае па колькасці напалеонаўскае войска і атрымаў перамогу, у мястэчку пастаўлены помнік.

Шмат гора і страт у Вялікую Айчынную вайну прынеслі мясцовым жыхарам нямецка-фашысцкія акупанты. Карнікі стварылі гета, куды загналі, а потым знішчылі больш за тры тысячы тутэйшых. На месцы растрэлу ахвяр усталявана стэла.  У другім мемарыяле — брацкай магіле — пахаваны 146 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Прыдзвіння ад гітлераўцаў.

ШТОВЕЧАР з беларускай сталіцы на Віцебшчыну адпраўляецца зборны пасажырскі састаў, у якім ёсць і вагон да чыгуначнай станцыі Друя, куды цягнік прыбывае раніцай. Далей шляху няма. Аўтамабільная траса таксама заканчваецца ў памежным населеным пункце. У савецкія часы праз раку Заходняя Дзвіна, якая раздзяляе беларускую Друю і латвійскую Піедрую, курсіраваў паром. І на лодках дабіраліся на другі бераг да сваякоў. Цяпер трапіць туды можна толькі праз мытню, да якой праз райцэнтр паўсотні кіламетраў.

Збіраючыся ў вандроўку на Браслаўшчыну, удакладніў у Дзяржаўным пагранічным камітэце парадак наведвання памежных тэрыторый. Вырашыў маршруткай ехаць у азёрны край. Так хутчэй.

Начальнік чыгуначнай станцыі Друя Юрый ГРЫК'ЯН

За глыбоцкімі перакатамі ў блакіце неба зазіхацела чародка серабрыстых чаек, што вярталіся з далёкага выраю. Над раскіслымі ад вільгаці палямі лёталі ўзрушаныя кнігаўкі. Чорныя шапкі буслянак на прыдарожных слупах чакалі гаспадароў. Да Благавешчання цыбатыя абавязкова вернуцца на свае гнёзды. Удалечыні ад шляху з-за пагорка паказаліся белыя шпілі храма. Побач з ім над сялянскімі сядзібамі ўзвышаліся карпусы некалькіх шматпавярховых будынкаў.

Асфальтаваная дарога вывела на вузенькую вулачку старажытнай Друі і праз круты пагорак прывяла да высачэннага касцёла, што вякамі стаіць на высокім рачным беразе. Адсюль як на далоні відаць падворкі за паўнаводнаю Заходняй Дзвіной у латвійскім мястэчку Піедруя. Касцёл і царква ўпрыгожваюць зарэчную забудову.

ДЫРЭКТАР  ААТ “Друйскі” Аляксандр Бялюн агорнуты вясновымі клопатамі. Да выхаду ў поле дбайна рыхтаваліся. Турбуе кіраўніка, як выкраіць сродкі на дарагія запчасткі, без якіх у поле тэхніку не выведзеш. Няма запасу паліва. Фінансавае становішча гаспадаркі  летась  умацавалася. Упершыню за апошнія гады ад рэалізацыі прадукцыі атрымана звыш 80 тысяч рублёў чыстага прыбытку.

Галоўны эканаміст Анжэла Астапка на перспектыву плануе развіваць вытворчасць малака і мяса. Пераважна жывёлагадоўля ўзмацняе эканоміку гаспадаркі. Рэнтабельнасць малака за мінулы год перавысіла сорак працэнтаў. Значную частку пасяўных плошчаў, а іх сем з паловай тысяч гектараў, сёлета зоймуць фуражныя культуры і збожжавыя. Ставіцца задача ўмацаваць кармавую базу. Мінулай восенню з-за недахопу фінансаў не ўсе палі падрыхтавалі да веснавой сяўбы. Нагрузка на тэхніку зараз высокая. Не закуплена неабходная колькасць мінеральных удабрэнняў. Як і ў іншых сельгаскалектывах раёна, усё больш востра адчуваецца недахоп механізатараў. Дэфіцыт працоўных рук і на жывёлагадоўчых фермах. Працяглы час вакантная пасада галоўнага агранома.

Прынялі ў гаспадарцы пяць сямей з Украіны. Для іх адрамантавалі жыллё, уладкавалі працаваць на малочна-таварную ферму “Друя”. Але чамусьці не ўсе бежанцы затрымаліся. Мо таму, што на поўначы Беларусі клімат больш суровы і зямля менш урадлівая. Браслаўскія палі ў асноўным дробнаконтурныя. Галоўны інжынер Сцяпан Аўчынка пры распрацоўцы маршрутаў пасяўных звенняў максімальна ўлічвае гэтую асаблівасць.

Некалькі гадоў таму да гаспадаркі далучылі эканамічна слабае суседняе КСУП “Бліскавіца”. Клопатаў дадалося. Паступова выраўноўваюцца вытворчыя паказчыкі. Па разліках эканамічнай службы, сёлета не толькі замацуецца дасягнутая рэнтабельнасць вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, але ёсць усе шанцы павысіць яе. Прааналізавана дзейнасць кожнага структурнага падраздзялення, вызначаны рэзервы і акрэслены перспектывы развіцця.

Большасць жыхароў аграгарадка працуе на сельгаспрадпрыемстве “Друйскі”. І яшчэ ў лясніцтве, якое абслугоўвае 12 тысяч гектараў лесаўгоддзяў Нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”. Два дзясяткі рабочых пастаянна нарыхтоўваюць драўніну на дровы і для перапрацоўкі і далейшай рэалізацыі за мяжу, ахоўваюць лясны масіў ад пажараў і самарубак. Перад пачаткам масавага турыстычнага сезона абсталёўваюцца спецыяльныя пляцоўкі для вогнішчаў.

У канцы мінулага стагоддзя дзейнічала друйская цагельня. Сыравіны для вырабу будматэрыялаў удосталь, але з цягам часу адпала неабходнасць у вытворчасці.

У пасляваенны час у Друі адкрылася прафтэхвучылішча, дзе на працягу дзесяцігоддзяў рыхтавалі механізатараў меліярацыйных работ, на ўзбярэжжы Заходняй Дзвіны дзейнічаў лёгачна-туберкулёзны санаторый. Адным з першых на Браслаўшчыне цэнтр Друйскага сельсавета атрымаў статус аграгарадка.

Працаўнікі ААТ «Друйскі» ВадзімЯНОВІЧ і Мікалай МАСЛЯКОЎ

ПАСТУПОВА ў Друі жыхароў становіцца менш. Чвэрць стагоддзя таму пасля закрыцця прафтэхвучылішча меліяратараў у карпусах размясціўся дзіцячы дом, дзе зараз выхоўваецца пяцьдзясят хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх створаны выдатныя ўмовы. Вучацца яны ў Друйскай сярэдняй школе, дзе зараз амаль 200 навучэнцаў. Ні адзін з адзінаццаці сёлетніх выпускнікоў не збіраецца працаваць на зямлі. Усе імкнуцца ў горад. Поварам марыць стаць адзінаццацікласніца Наталля Чубрэвіч. Дзяўчына ўжо вызначыла, куды паедзе атрымліваць прафесію. Мала хто з маладых вяртаецца пасля вучобы. Рэдкімі сталі ў Друі вяселлі. За мінулы год толькі тры шлюбы зарэгістраваны ў сельсавеце. Апошняе вяселле гулялі мінулым летам. Мясцовая жыхарка Наталля Герон выйшла замуж за Еўдакіма Кірылава з мястэчка Відзы. Жывуць у бацькоў нявесты.

— Дзяржава фінансава падтрымлівае маладыя вясковыя сем’і, — адзначае кіраўнік па справах Друйскага сельсавета Аксана Кароль. — Ім выдаюцца льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля. Вось толькі ў нас мала хто карыстаецца гэтым. За мінулы год адзіная сям’я Андрэя Шаляпёнка, які працуе ў дзіцячым доме, палепшыла жыллёвыя ўмовы. На тэрыторыі сельсавета шмат пакінутых сядзіб. У гады савецкай улады моладзь у асноўным уладкоўвалася ў суседняй Латвіі. Пакінутыя сядзібы ацэньваем і выстаўляем на аўкцыён. У вёсцы Пошта Абаб’е шэсць участкаў, размешчаных на беразе цудоўнага возера. На апошнім аўкцыёне мінчанін і жыхар Расіі прыдбалі два з іх. Спадзяёмся, што і астатнія не застануцца без гаспадароў. Мясціны ў нас прывабныя. Дзівосная прырода навокал, чыстае і багатае на рыбу возера.


Дамініканскі касцёл, 1909 год
У кожнай з пяцідзесяці вёсак Друйскага сельсавета маюцца такія сядзібы. Шмат пустуючых дамоў і ў аграгарадку. За мінулы год у сельсавеце на паўсотню меней стала жыхароў. Зарэгістравана дзесяць нованароджаных. У дзіцячым садку, якім загадвае Святлана Зубко, трынаццаць дзетак. Жывуць Святлана Яўгенаўна з мужам Міхаілам Леанідавічам у вёсцы Дзеткаўцы, больш падобнай на хутар у Оплінскай базавай школе, якую ў 2012 годзе закрылі. Старэйшы сын Андрэй знайшоў занятак на будоўлях Санкт-Пецярбурга, а малодшы Аляксандр пасля заканчэння Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа служыць у арміі.

Пасля закрыцця школы Міхаіл Леанідавіч не разгубіўся. Завёў гаспадарку. Летась на падворку было тры каровы. Адна загінула на лузе ад маланкі. Трое цялятак падрастае, шмат курэй. Штодня гаспадары Зубко прадаюць нарыхтоўшчыку з Шаркаўшчыны дваццаць літраў малака. Сена для жывёлы нарыхтоўваюць на прыдзвінскіх лугах. Сыны разам з бацькам становяцца ў пакос. Гаспадарлівы Міхаіл Зубко лічыць, што працавіты чалавек заўжды знойдзе сабе справу. Толькі не трэба ленавацца. Спадзяецца, што сыны вернуцца дамоў з нявесткамі.

ПАСЛЯ заканчэння школы застаўся працаваць механізатарам у гаспадарцы Мікалай Маслякоў. Займеў сям’ю. Сын Канстанцін заканчвае дзявяты клас, а дачушцы Анюце толькі тры гадкі. Мікалай Тарасавіч на пагрузчыку “Амкадор” падвозіць кармы на жывёлагадоўчай ферме ААТ “Друйскі”, а жонка Людміла да дэкрэтнага адпачынку кухарыла ў бальніцы сястрынскага догляду. З малых гадоў сына прывучаюць да сялянскай працы. Хлопчыка цягне да тэхнікі. Як складзецца яго лёс, час пакажа.

Знайшоў сябе ў сельскай гаспадарцы і Вадзім Яновіч. Ажаніўся. Дачка Вікторыя падрастае. Працуе вадзіцелем у ААТ “Друйскі”, а жонка — бухгалтарам. З гонарам расказваў Вадзім Паўлавіч пра родную Друю, мясцовыя звычаі і традыцыі. Кожную вясну, як толькі пачынаюць зелянець лугі, гаспадары перапраўляюць кароў на прасторны рачны востраў, і там да позняй восені пасуцца яны. Некаторыя на востраве целяцца. Двойчы на дзень з даёнкамі перапраўляюцца лодкамі гаспадыні і дояць іх. Корму хапае, пастух не патрэбен, і ніякай небяспекі няма.

У маладыя гады таксама трымалі жыўнасць Лідзія Ягораўна і Антон Аляксандравіч Ліннікі, якім ужо больш як па 90 гадоў. Іх маладосць выпала на гады ваеннага ліхалецця. Страшэнную вестку пра пачатак вайны ўчарашняя выпускніца сярэдняй школы пачула ў беларускай сталіцы, дзе вучылася на настаўніцкіх курсах, якія вайна не дала закончыць. Чыгуначным саставам разам з сяброўкай дабралася ў Саратаўскую вобласць. Працавала на калгасным полі. Удалося наладзіць сувязь са сваякамі з Ленінграда. Дзядзька, які быў ваенным, дапамог уладкавацца вольнанаёмнай у аддзеле рэчавага забеспячэння батальёна аэрадромнага абслугоўвання. Разам з армейцамі прайшла франтавымі шляхамі. Пасля Перамогі вярнулася на папялішча роднай хаты ў Друю. З бацькамі жыла ў калгаснай лазні. Працавала бухгалтарам у сельпо. Выйшла замуж. Больш за 70 гадоў сямейнаму саюзу Лідзіі Ягораўны і Антона Аляксандравіча. Іх утульны домік красуецца на вузенькай вулачцы каля шумлівай Заходняй Дзвіны. Дзеці і ўнукі дапамагаюць упраўляцца на агародзе. Сельсавет пастаянна клапоціцца пра ветэранаў. Загадзя забяспечвае іх дровамі. Газаправод пакуль не дайшоў да Друі.

Суседнічаюць з Ліннікамі бацькі Захара Бурэля, які працуе выхавацелем у дзіцячым доме. У жонкі ўзяў выпускніцу Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якая прыехала па накіраванні ў Друйскую бальніцу. Маладой сям’і выдзелілі жылы пакой у інтэрнаце.

Друя на пачатку ХХ стагоддзя

СТАРШЫНЯ Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская ў першую чаргу бачыць перспектыву развіцця турызму ў старажытнай Друі і адзначае працавітасць і  ініцыятыўнасць жыхароў.

Унікальныя помнікі гісторыі захаваліся тут. Сярод іх — будынкі друйскага кляштара Айцоў-Марыян, створанага на пачатку мінулага стагоддзя на базе бернардзінскага кляштара. Да нашых часоў захавалася вядомае рукапіснае Друйскае Евангелле XVI стагоддзя — адзін з шэдэўраў беларускай рукапіснай кнігі. Сутарэнні старажытных збудаванняў, падмуркі і рэшткі сцен мураваных храмаў, Барысаў камень з надпісамі XII стагоддзя, што выцягнуты з вусця ракі Друйкі, сведчаць пра цікавае мінулае мястэчка.

Вабяць турыстаў і іншыя друйскія помнікі архітэктуры і гісторыі.  Раённае кіраўніцтва вышуквае магчымасці для перспектыў развіцця багатага на спадчыну мястэчка, якое для турыстаў сапраўдная Мекка.

Браслаўскі раён

Фота аўтара і з архіва краязнаўчага музея Друйскай сярэдняй школы
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter