Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Кніжная спадчына Францыска Скарыны прыцягвае ўвагу супляменнікаў з замежжа

Друкаванае слова кранае

У мінулым нумары мы расказалі, што й актывісты беларускай дыяспары з Латвіі паўдзельнічалі ва ўрачыстасці, калі ў Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы адзначалася 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Латвіяй. Там жа намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша перадаў калегам поўнае Факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. А трохі пазней беларусы з усіх рэгіёнаў Эстоніі сабраліся ў Таліне, у Нацыянальнай бібліятэцы Эстоніі: там таксама прэзентаваліся ўзноўленыя кнігі Асветніка.

Алесь Суша робіць падарункі ў Эстоніі

У прэс-рэлізе, які даслаў у рэдакцыю Алесь Суша, гаворыцца, што гэта было своеасаблівае наша нацыянальнае свята. Яно прайшло пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў прыбалтыйскай краіне.

Беларускі стэнд у Вільнюсе
На ўрачыстасці выступалі Пасол Беларусі ў Эстоніі Анатоль Стэпусь, гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Эстоніі Яннэ Андрэсоо. Прэзентаваў і перадаваў шматтомнае выданне ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Эстоніі Алесь Суша. Паўдзельнічалі ў свяце супрацоўнікі нацыянальных бібліятэк абедзвюх краін, супрацоўнікі Амбасады Беларусі ў Эстоніі, актывісты ўсіх беларускіх грамадскіх суполак з розных рэгіёнаў Эстоніі, дыпламаты розных краін. Алесь Суша паведамляе, што нацыянальныя бібліятэкі гатовы падрыхтаваць і заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве. Яго эстонскія калегі праявілі інтарэс да Міжнароднага кангрэса “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”, іншых юбілейных мерапрыемстваў.

А крыху раней, напрыканцы лютага, праходзіў Віленскі міжнародны кніжны кірмаш, у адкрыцці якога паўдзельнічала Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. Увесь стэнд Беларусі быў прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. “Многія з тых выданняў падрыхтаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў супрацы з партнёрскімі арганізацыямі”, — гаворыцца ў дасланым нам прэс-рэлізе. Як вядома, Францыск Скарына быў жыхаром супольнай для нашых народаў краіны: Вялікага Княства Літоўскага. І менавіта ён надрукаваў першую кнігу на тэрыторыі сучаснай Літвы. На адкрыцці стэнда былі прадстаўнікі Амбасады Беларусі ў Літве, намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Алесь Карлюкевіч, намеснік дырэктара НББ Алесь Суша, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец, актывісты беларускай дыяспары.

Такім атрымалася Свята Францыска Скарыны ў Вільнюсе. Да яго Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры падтрымцы Амбасады Літвы ў Беларусі падрыхтавалі ўнікальнае выданне: “Вільня часоў Францыска Скарыны”. Цудоўна ілюстраваны альбом  на беларускай, літоўскай і англійскай мовах расказвае пра колішнюю сталіцу вялікай краіны. Там Скарына выдаў першую кнігу на беларуска-літоўскіх землях, там жыў і працаваў, ажаніўся, гадаваў дзяцей. Многае з тых часоў захавалася ў Вільні амаль нязменным. Таму і прыцягальны горад, які паэт Уладзімір Жылка называў “крывіцкаю Мекай”, для многіх беларусаў і сёння. А выданне падкажа, што і дзе там можна паглядзець.

Голас Радзімы № 17 (3521), пятніца, 5 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter