Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Цэнтр нацыянальных меншасцяў, які адкрыўся ў адным з раёнаў Таліна, мае беларускую назву “Радзiма”

Дрэва не жыве без каранёў

У народзе кажуць: чалавек без Радзiмы — што дрэва без каранёў. І ўдалечыні ад Бацькаўшчыны адчуваеш тое вельмі востра. Таму й на лагатыпе Цэнтра нацыянальных меншасцяў “Радзiма”, што працуе ў Таліне, ёсць выява дрэва з магутнымі каранямі. Як моцныя карані даюць жыццё й сілу дрэвам, дапамагаюць ім утрымацца ў свеце, супрацьстаяць бурам-вятрам ды іншым нягодам, так і людзям цяжка жыць без моцнай повязі з родам сваім, зямлёю продкаў. Паяднаны сотнямі розных ніцяў з этнічнай Радзімай і бадай што ўсе беларусы Эстоніі. Нашых знойдзеш у розных яе кутках, а так хочацца часам сустрэцца родным людзям за кубкам гарбаты, пагаварыць-пасядзець, прыняць гасцей. Прычым у сваёй “хатцы”: з беларускімі абразамi, рушнiками, цукеркамi, смак якіх ведаеш з дзяцінства. І паразмаўляць па-беларуску. Даўно мы задумалі стварыць свой цэнтр, і нарэшце мара спраўдзілася.


13 красавіка ў адным з раёнаў Таліна — Хааберсці — прайшло адкрыццё Цэнтра нацыянальных меншасцяў “Радзiма”. Гэта была важная й сапраўды святочная падзея не толькі для таварыстваў, якія ўваходзяць у Цэнтр “Радзiма”, але й для навучэнцаў Беларускай нядзельнай школы “Буслiкi”. Цяпер у дзетвары ёсць сваё месца для заняткаў: з беларускай бібліятэчкай, метадычным кутком, з музыкай.

На адкрыццё Цэнтра прыйшлі ганаровыя госці: Амбасадар Беларусі Анатоль Сцёпусь з жонкай, кіраўнік аддзела па партнёрскіх сувязях Цэнтра інтэграцыі Крысціна Піргоп, прадстаўнікі гарадской управы Хааберсці Таліна. Яны й пачалі афіцыйную цырымонію адкрыцця Цэнтра “Радзіма”: з разразання чырвонай стужкі. Пачалося наша свята з песнямi, вiншаваннямi, падарункамi. У прыватнасці, з вуснаў навучэнцаў школы “Буслiкi” гучалі радкі, прысвечаныя Цэнтру: “Мы слухаем песні ды вершы,/ Нам радасна бегаць, гуляць./ “Радзіма”, ты цэнтр — самы лепшы:/ Мы будзем з табой сябраваць!” І былі песні, вершы пра Беларусь, родны край, пра Мінск. 

 Ніна Пээрна і ансамбль “Дзяўчаты” 

Танцавалі “Лявонiху” пад гарачыя апладысменты грамады. Людзей жа сабралася нямала: прадстаўнікі таварыстваў, вучні з настаўнікамі розных школ Эстоніі, з якімі ў цеснай супрацы “Радзiма”, сем’і членаў праўлення, сябры, знаёмыя. Дарагімі гасцямi былi сябры з Мiнска — дэлегацыя 48-й сярэдняй школы. Мінчан запрасіла на свята Лауласмааская школа, як партнёраў па міжнародным праекце “Школы-пабрацiмы”. Мы ж прымалі віншаванні як ад Лолы Пахомавай, дырэктаркі мінскай школы, так і ад Рындла Хесцiя, дырэктара Лауласмааскай школы. Цэнтру яны падарылі плакаты “Эстонія—Беларусь”, якія рабілі беларускія й эстонскія школьнікі на сумесных уроках у Лауласмааскай школе. Яшчэ адзін падарунак быў музычна-спеўным: беларускія школьніцы выканалі песні на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Старшыня праўлення “Радзiма” Кетлiн Пукк па-беларуску дзякавала ўсiм, хто браў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве й рамонце Цэнтра. Былі ж гэта бацькі вучняў нядзельнай школы “Буслiкi”, калегі па сумеснай працы з транспартнай фірмы “VPV”, сябры, знаёмыя. Шмат хто прыклаў у Цэнтры свае ўмелыя рукі, мы выкарыстоўвалі таксама й будаўнічы досвед ахвотнікаў, проста іх жаданне “хоць нечым дапамагчы”. Я ўручыла падзячны ліст дырэктарцы мінскай школы №48 за акцыю, праведзеную там па зборы кніг для беларускіх “Буслiкаў” у Эстонii. Цiкавым атрымаўся кнігазбор, i цяпер у Цэнтра ёсць свая невялічкая бiблiятэка. (Вельмі раім таксама ўсім нядзельным беларускім школам у замежжы карыстацца ўнікальным інтэрнэт-рэсурсам Мегабук: большасць беларускіх падручнікаў там упершыню ў свеце пададзены ў форме іх цікавых мультымедыйных аналагаў. Зручна карыстацца з розных гаджэтаў. Падрабязней пра тое — у тэксце “Ад Скарыны да Skaryna”. — ГР, 7.06.2017. — Рэд.) 

Потым я чытала свой верш пра родную Беларусь, змешчаны ў зборнiку “Жизненные перекрёстки” — ён пабачыў свет нядаўна. І зборнiк таксама стаў нам усім добрым падарункам да адкрыцця беларускага Цэнтра. Нашы госці, сябры даведаліся, як стваралася кніга, пачулі цёплыя словы пра Святлану Аляксееўну Янушкевiч, маю дарагую настаўнiцу і суаўтарку з Мінска. Дзякавала я маёй дачцэ Кетлiн Пукк за дапамогу ў афармленнi кнiгi, а калезе па працы ў школе Вользе Tалiс за карэктарскую дапамогу. Вольга ж прачытала верш з кнiгi пра вясну. Адзiн з найбольшых раздзелаў у кнiзе — вершы пра каханне. Усiм вельмi спадабалася, як чытала вершы з кнiгi навучэнка 3 класа мiнскай школы Дар’я Канановiч — іх яна выбірала самастойна. Так што, пэўна, кожны зможа знайсцi нешта для сябе ў гэтай кнiзе вершаў: i дарослыя, i дзецi.

Прыемна было ўсім паслухаць і песнi пра каханне — іх выконваў ансамбль “Дзяўчаты” Беларускага цэнтра EVA-Studiorum. Закончылі ж мы свята нацыянальнымі беларускімі пачастункамі. Цяпер наш Цэнтр адкрыты для гасцей, якім мы будзем заўсёды рады.

Ніна Пээрна, старшыня Беларускага цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studiorum, Эстонія

Голас Радзімы № 19 (3571), чацвер, 24 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter