Грант Президента помогает сохранить уникальное наследие на Гродненщине

Драўляны аркестр Скрамблевіча

Знаёмцеся: знакаміты майстар, народны музыкант, разьбяр, паэт, кампазітар, віртуозны выканаўца з гродзенскага аграгарадка Адэльск

У Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры падвялі вынікі рэалізацыі гранта Прэзідэнта на 2021 год па зберажэнні традыцыйных спосабаў вырабу беларускіх народных інструментаў Мар'яна Скрамблевіча. За гэты час адбыўся цыкл цікавых і змястоўных мерапрыемстваў, імпрэз і падзей. Падрабязнасцямі падзялілася вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля РАМАНОВІЧ.

Мар'ян Скрамблевіч з бразготкамі, або шархунамі.

— Сёння жыццё ў вёсцы віруе тады, калі ёсць неабыякавыя і таленавітыя людзі,
— адзначае Наталля Рамановіч. — У аграгарадку Адэльск гэта Мар'ян Скрамблевіч, знакаміты майстар па вырабе народных драўляных духавых і ўдарных інструментаў, народны музыкант, разьбяр, паэт, кампазітар, віртуозны выканаўца, эксперыментатар і проста сціплы, мудры чалавек.

У чым унікальнасць народнага самародка? Таямніцам стварэння драўляных інструментаў у пачатку 1990-х гадоў не было дзе вучыцца: ніхто з аднавяскоўцаў не ведаў, як рабіць дудку ці бубен. Яму прыходзілася самому асвойваць тэхніку разьбы, вырабу інструментаў з дрэва. Спадзяваўся на свае ўмелыя рукі, інтуіцыю і слых. Самае музычнае дрэва, як лічыць майстар, — гэта дуб, які не толькі добра глядзіцца і апрацоўваецца, але і ўмее выдаваць чароўны гук. Кожны інструмент вырабляецца з асобым падыходам, па сваіх чарцяжах, памерах, гукавых характарыстыках.

З рогам Адама Міцкевіча.

Пра тэхналогіі вырабу музычных інструментаў Мар'яна Антонавіча, прыёмы і метады гукаатрымання расказвае метадычнае выданне «Эх, скручу я дудку! Такое зайграю…». А за сродкі гранта Прэзідэнта ў 2021 годзе выдадзены яшчэ тры кнігі. Іх спецыяльна падрыхтавалі да Свята млынароў — брэндавага мерапрыемства аграгарадка Адэльск. Першая, «М. А. Скрамблевіч. Музыка праз жыццё», знаёміць чытачоў са старонкамі жыццёвага шляху і творчай дзейнасці майстра. Багата ілюстраваны фотаальбом «Музычныя інструменты Мар'яна Скрамблевіча» — звыш 30 фотаздымкаў.

Майстар не спыняе працу — толькі за мінулы год ён зрабіў 20 унікальных інструментаў: жалейкі розных форм, дудкі-паршнёўкі, дудачкі, калакольчыкі і трашчоткі. Як і раней, смела эксперыментуе з гукамі, натхняючы сваім захапленнем вучняў. Створаныя за апошнія гады інструменты экспануюцца на новай выставе-прэзентацыі — мабільнай, каб пераязджаць у іншыя населеныя пункты раёна, вобласці і дэманстравацца на фестывалях. А створаны ў 2009 годзе музейны пакой у Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці — гэта сапраўдны аркестр з сотнямі музычных інструментаў з дрэва. Сярод якіх кляшчоткі, трашчоткі i клякоткі, дудкі i бубны, пранікі, акарыны…

Самаробны інструмент у выглядзе яйка.

Тэхналогія Скрамблевіча — выдатны ўзор народнага рамяства. Майстар вырабляе як духавыя (флейты, акарыны, дудкі, свістулькі-паршнёўкі, жалейкі, трубы, ражкі), так і ўдарныя (клякоткі, рубелі, калоткі) народныя музычныя інструменты. Ён таксама іх мадэрнізуе, мадыфікуе тэхналогію вырабу, каб яны лепш гучалі. За год з творчасцю і інструментамі майстра ў Адэльскім цэнтры пазнаёміліся звыш тысячы чалавек, большасць з іх — дзеці.

Каб плён гэтай працы захаваўся і ў будучыні, пачалася работа над віртуальным музеем гукаў. У лістападзе 2021-га для стварэння відэатэкі гучання музычных інструментаў і правядзення экскурсіі ў суправаджэнні арыгінальных аўдыязапісаў усе экспанаты музея знялі на экшэн-камеру. Спецыялісты ўжо другі месяц апрацоўваюць зняты матэрыял. Акрамя таго, напрыканцы года Мар'ян Скрамблевіч паўдзельнічаў у занятках і выставах-паказах з пазнавальнымі майстар-класамі ігры на драўляных музычных інструментах у дзіцячых музычных школах мастацтваў Гродзенскага раёна.

За вырабам скрыпкі.

Збылася і даўняя мара Мар'яна Антонавіча — сабраць унікальныя старадаўнія прылады працы для апрацоўкі дрэва ў адным месцы, адкрыць музей-майстэрню. Тут прадстаўлена каля 40 сталярных інструментаў. І не толькі тыя, што ўласна зрабіў майстар-разьбяр, але і тыя, што набыў падчас этнаграфічных экспедыцый і вандровак.

Яшчэ адна пазнавальная лакацыя ў цэнтры культуры — фотавыстава «Майстры жывых інструментаў і выдатнай музыкі», на якой прадстаўлены фотаздымкі Мар'яна Скрамблевіча і яго сяброў-паплечнікаў. Сярод іх — стваральнік і кіраўнік фальклорнага ансамбля «Гарадзенскія дударыкі» Яўген Петрашэвіч, музыкант і дызайнер Ігар Адасік, майстар народных інструментаў, арганізатар канцэртаў Аляксандр Блахін з Ліды.

Мадэрнізаваны майстрам гармонік.

За год Мар'ян Скрамблевіч паўдзельнічаў у шматлікіх мерапрыемствах і па-за межамі раёна. Найбольш значныя — выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў народнай творчасці Гродзенскай вобласці «Скарбы Гродзеншчыны», рэспубліканскі фестываль «Александрыя збірае сяброў» і абласная выстаўка-прэзентацыя Гро­дзенскага раёна «Крыніца народных талентаў». Таксама важным стаў цыкл сустрэч па тэме «О духовных и нравственных ценностях: диалог поколений» інфармацыйна-адукацыйнага праекта ШАГ.

— Рэалізаваныя намі мерапрыемствы новага грантавага праекта змаглі пашырыць і паглыбіць веды пра беларускія народныя музычныя інструменты, пра спосабы іх стварэння і, канечне, пра майстроў, якія іх вырабляюць, — адзначыла спецыяліст. — Акрамя таго, яны здольныя прыцягнуць увагу патэнцыяльных турыстаў да багацця беларускай музычнай спадчыны.

У гэтым годзе арганізатары плануюць зладзіць шэраг імпрэз, прысвечаных творчасці Мар'яна Скрамблевіча, не толькі ў Адэльску, але і ў суседніх вёсках.

yasko@sb.by

Фота Наталлі РАМАНОВІЧ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter