Такім краінам, як Беларусь, аб’ектыўна цяжка быць у лідарах на ніве глабальнай палітыкі

Добры зачын для новых спраў

Такім краінам, як Беларусь, аб’ектыўна цяжка быць у лідарах на ніве глабальнай палітыкі. У выніку традыцый і розных вагавых катэгорый тут, несумненна, ёсць больш важкія гульцы. Але і папракнуць у свядомай пасіўнасці нас нельга. Пра сваю пазіцыю па хвалюючых сусветную супольнасць праблемах краіна заўсёды заяўляе прынцыпова і адкрыта. Больш за тое, беларускія ініцыятывы не аднойчы гучалі з высокай трыбуны ў штаб-кватэры ААН. І знаходзілі, паміж іншым, падтрымку ў партнёраў.  У цэлым, супрацоўніцтва Беларусі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый заслугоўвае таго, каб з многіх пунктаў гледжання лічыць яго канструктыўным. Гэты тэзіс, дарэчы, добра пацвярджае і актыўная, дзейная работа Прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Дастаткова кінуць позірк на мінулы год, каб у гэтым пераканацца. Перспектывы цяперашняга — таксама вельмі насычаныя. А 2016-ы — гэта, дарэчы, год, калі чакаецца візіт Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пан Гі Муна ў Рэспубліку Беларусь.

“Мы, народы Аб’яднаных Нацый, поўныя рашучасці пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, якая двойчы ў нашым жыцці прынесла чалавецтву невыказнае гора…”. З гэтых слоў пачынаецца Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — структуры, стварэнне якой называюць адным з галоўных вынікаў Другой сусветнай вайны. У 2015 годзе Арганізацыя, якая ставіць сабе за мэту з моманту свайго заснавання прадухіленне глабальных канфліктаў і якая сёння ахоплівае ледзь не кожны аспект жыцця ўсяго чалавецтва на планеце ў спробе дабіцца роўнасці і справядлівасці для ўсіх, адзначыла сваё 70-годдзе. Але не толькі сямідзесяцігоддзем ААН 2015 год запомніцца сусветнай супольнасці. Мы сталі сведкамі гістарычнай падзеі, як выніку шматлікіх кансультацый і дыскусій, у тым ліку і ў Беларусі, — прыняцця ў верасні мінулага года на Генасамблеі ААН Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на час да 2030 года, заснаванага на сямнаццаці мэтах.

Тым ці іншым чынам у 2015 годзе дзейнасць ААН ва ўсіх краінах закранала пытанні, якія датычацца ўстойлівага развіцця. І Беларусь не стала тут выключэннем. Нават наадварот, менавіта наша краіна можа пахваліцца адной з самых яркіх акцый, прымеркаваных да гэтых дзвюх ключавых падзей: 70-годдзя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і прыняцця Мэт устойлівага развіцця.

Звернемся крыху да гісторыі. З моманту заснавання ААН знешнепалітычная дзейнасць Беларусі была непарыўна звязана з Арганізацыяй. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стаяла ля вытокаў яе стварэння. 27 красавіка 1945 года ўстаноўчая канферэнцыя ў Сан-Францыска прыняла рашэнне аб уключэнні БССР у лік першых заснавальнікаў новай міжнароднай арганізацыі, што з’явілася сведчаннем прызнання бясцэннага ўкладу беларускага народа ў разгром фашызму, шанавання і памяці аб мільёнах чалавек, якія аддалі свае жыцці дзеля свабоды не толькі беларускай нацыі, але і многіх народаў Еўропы, што знаходзіліся пад прыгнётам нацыстаў. Беларусь да таго ж была першай краінай на прасторы былога СССР, якая ў маі 1992 года адкрыла ў сваёй сталіцы прадстаўніцтва ААН. Такім чынам, амаль з самага моманту ўтварэння незалежнай беларускай дзяржавы Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прадстаўлена ў Беларусі. Яе работа ў краіне ахоплівае самы шырокі спектр напрамкаў: праблемы змяненняў клімату, абарона навакольнага асяроддзя, энергаэфектыўнасць, міграцыя, эканамічнае развіццё, гандаль людзьмі, дэмакратычнае кіраванне, правы чалавека і многае іншае. Падтрымкай і сваімі дзеяннямі Беларусь дапамагла ААН умацавацца на нацыянальным і на міжнародным узроўнях. Дзякуючы значным сумесным праектам і прадуктыўнаму супрацоўніцтву вось ужо на працягу трох дзесяцігоддзяў можна гаварыць пра дасягнутыя значныя поспехі.

Калі гаварыць пра зусім нядаўнія падзеі, якія пацвярджаюць цеснае супрацоўніцтва, то такой, безумоўна, з’яўляецца візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку. Як вядома, там 25 верасня прайшоў Саміт, вынікам якога стала прыняцце Мэт устойлівага развіцця да 2030 года. Немалаважна, што падчас свайго выступлення на Саміце Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў узаемасувязь паступальнага развіцця любой краіны з мірам і бяспекай. Гэта можна смела назваць афіцыйнай заявай аб гатоўнасці Рэспублікі Беларусь да супрацоўніцтва з ААН і ўсёй сусветнай супольнасцю па рэалізацыі сваіх глабальных абавязацельстваў.


Санака Самарасінха, Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі

Бо менавіта на Саміце ў Нью-Ёрку былі прынятыя 17 Мэт устойлівага развіцця. Для таго, каб зрабіць рэальнасцю тры важнейшыя перспектывы на працягу бліжэйшых пятнаццаці гадоў: ухіліць крайнюю галечу, адолець няроўнасць і несправядлівасць, a таксама распачаць усе магчымыя намаганні, каб спыніць змяненні клімату.

Як і папярэднія гады, 2015-ы быў вельмі багаты на падзеі, праведзеныя пад эгідай ААН у Беларусі. Гэта і канферэнцыі, прысвечаныя тэхнічнаму супрацоўніцтву ў мэтах развіцця, прафілактыцы ВІЧ, якасці сістэм прадастаўлення прыстанішча. Гэта і конкурсы творчых работ — малюнкаў і эсэ пра мір. Гэта таксама семінары, выставы, лекцыі, дзясяткі выступленняў і сотні сустрэч. Не без увагі прайшлі візіты ў нашу краіну намесніка Генеральнага сакратара ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях Ву Ханбо, спецыяльнага пасланніка Генеральнага сакратара ААН па пытаннях ВІЧ/СНІДу ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мішэля Казачкіна, намесніка Адміністратара Праграмы развіцця ААН і рэгіянальнага дырэктара па краінах Еўропы, СНД і Балтыі Джыхан Султан-аглу, Пасланніка Генеральнага сакратара ААН па справах моладзі Ахмада аль-Хіндаві, дырэктара Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Жужанны Якаб і шэрага іншых высокіх гасцей — прадстаўнікоў сістэмы ААН.

Трэба меркаваць, што на працягу наступных пятнаццаці гадоў 193 краіны, якія маюць членства ў ААН, будуць прыкладаць немалыя намаганні для дасягнення пастаўленых у верасні 2015 года Мэт устойлівага развіцця. Адно з ключавых месцаў у рэалізацыі гэтых мэт і змене нашага свету ў лепшы бок, бясспрэчна, займаюць маладыя людзі. Сучасная моладзь складае чвэрць насельніцтва зямнога шара і, вядома, шмат у чым вызначае сацыяльна-эканамічнае развіццё, закладвае падмурак будучыні планеты. У параўнанні з папярэднімі пакаленнямі сёння маладыя людзі раней дасягаюць сталасці як фізічнай, так і сацыяльнай, іх адрозніваюць высокія спадзяванні адносна сябе саміх і грамадства, у якім яны жывуць. Відаць, што моладзь разважае аб тым, як можна палепшыць свет. Маладыя людзі як ніколі раней актыўна звязаны адзін з адным. Адна з прычын гэтага — новыя сродкі інфармацыі, глабалізацыя. У моладзі ёсць здольнасці і патэнцыял, каб ініцыяваць перамены да лепшага. Яна, несумненна, здольная ўзяцца за ўтаймаванне праблем, з якімі сутыкаецца наш свет сёння або сутыкнецца ў будучыні, і вырашыць іх.

Як вядома, у мэтах развіцця творчага, навуковага і прафесійнага патэнцыялу моладзі, яе актыўнага прыцягнення да правядзення сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, 2015 год быў аб’яўлены Годам моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. Акрамя актыўнага прыцягнення гэтай найбольш дзейнай групы насельніцтва да ўдзелу ў розных мерапрыемствах, што з’яўляецца адным з прыярытэтаў работы прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі, варта згадаць цырымонію прадстаўлення Маладзёжнага кансультатыўнага савета ААН, якая адбылася ў ліпені. Маладзёжны кансультатыўны савет — гэта фактычна новы праект і, па сваёй сутнасці, ён уяўляе з сябе кансультатыўны орган, які пры неабходнасці выпрацоўвае рэкамендацыі арганізацыям сістэмы ААН па пытаннях моладзі, а таксама ўдзельнічае ў мерапрыемствах агенцтваў ААН, якія закранаюць інтарэсы моладзі. Усведамляючы правамоцтва тэзіса, што моладзь павінна мець права голасу ва ўсім, што да яе мае непасрэднае дачыненне, — ці то адукацыя, ці то навука, культура — стварэнне Маладзёжнага кансультатыўнага савета ААН стала зыходным пунктам на шляху ўвасаблення гэтай ідэі ў жыццё.

І, вядома ж, па праву самай яркай падзеяй мінулага года стала сумесная ініцыятыва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для пашырэння Мэт устойлівага развіцця”. Ідэя гэтай ініцыятывы заснавана на досведзе “Пекінскага экспрэса”, які быў арганізаваны Праграмай Развіцця ААН (ПРААН) у 1995 годзе, калі 200 жанчын, якія прадстаўлялі краіны Усходняй Еўропы і Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прарабілі на поездзе шлях па маршруце ад Варшавы да Пекіна для ўдзелу ў чацвёртай Сусветнай канферэнцыі па становішчы жанчын.


“Экспрэс ААН-70 у Беларусі для пашырэння Мэт устойлівага развіцця”

Афіцыйна старт ініцыятыве “Экспрэс ААН-70” у Беларусі для пашырэння Мэт устойлівага развіцця быў да­дзены падчас пасадкі Дрэва міру. У многіх цывілізацыях пасадка дрэва сімвалізуе ўніверсальнасць свету і надзеі. Белыя кветкі ніцай вішні (менавіта гэтае дрэва было пасаджана ў Лошыцкім парку ў Мінску), у сваю чаргу, сімвалізуюць чысціню (цнатлівасць) і перараджэнне.

Ніцая вішня выбрана знакам шанавання загінуўшых. Для будучых пакаленняў гэтае далікатнае дрэва будзе служыць даўгавечным сімвалам згоды і адзінства. Як і ў адносінах з сусветнай супольнасцю, ніцая вішня патрабуе ўважлівага і пастаяннага догляду. І толькі пры пастаянным клопаце і ўвазе, гэтае дрэва — шмат у чым як і мір — будзе расці моцным, дужым і стойкім. Мы зможам назіраць за тым, як ніцая вішня будзе расці і квітнець у Лошыцкім парку ў Мінску яшчэ доўгія гады.

Дарэчы, цырымонія з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, Джыхан Султан-аглу, Ахмада Альхендаві, Пастаяннага каардынатара сістэмы ААН у Беларусі Санакі Самарасінха ды іншых прадстаўнікоў ААН, дыпламатычнага корпуса і Урада, уяўляе з сябе своеасаблівае адлюстраванне знакавай падзеі, якая адбылася 5 мая 2015 года ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, у якой Рэспубліка Беларусь выступіла ў якасці краіны-ініцыятара.

У гэты ж дзень быў, верагодна, ключавы момант з пункту гледжання перспектыў супрацоўніцтва ААН і Урада Рэспублікі Беларусь на працягу наступных пяці гадоў: падпісанне Рамачнай праграмы ААН па аказанні тэхнічнай дапамогі Беларусі ў мэтах развіцця (ЮНДАФ) на 2016-2020 гады. Дакумент з’яўляецца важнейшым інструментам, які вызначае сумесную стратэгію дзейнасці арганізацый сістэмы ААН у Рэспубліцы Беларусь. Ён быў падрыхтаваны камандай ААН у Беларусі сумесна з Урадам, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікамі прыватнага сектара, уразлівых груп насельніцтва, нацыянальнымі ды міжнароднымі партнёрамі з мэтай заахвочвання і абароны правоў чалавека ў краіне і павышэння якасці жыцця яе грамадзян.

Рамачная праграма накіраваная на садзеянне дасягненню нацыянальных прыярытэтаў у галіне ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на аснове павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, укаранення інавацый, правя­дзення структурных рэформ і забеспячэння эканамічнага росту на аснове ведаў, развіцця чалавечага капіталу, забеспячэння аператыўнага і падсправаздачнага дзяржаўнага кіравання, садзеяння ахове навакольнага асяроддзя і ўстойліваму кіраванню прыроднымі рэсурсамі. Прынцыпы пашырэння гендарнай роўнасці і правоў чалавека ў адпаведнасці з заснаваным на гэтых правах падыходах адлюстраваныя ва ўсім дакуменце Рамачнай праграмы.


Маладзёжны кансультатыўны савет ААН

Праграма прадугледжвае дзейнасць у чатырох стратэгічных галінах, якія адпавядаюць мандату ААН, а таксама ключавым нацыянальным прыярытэтам, выкладзеным у Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года. Варта адзначыць, што агульны напрамак дзейнасці і супрацоўніцтва ў інтарэсах развіцця паміж арганізацыямі сістэмы ААН і Урадам Рэспублікі Беларусь на блі­жэйшыя пяць гадоў вызначаецца наступнымі прыярытэтнымі напрамкамі:

•    інклюзіўнае, аператыўнае і падсправаздачнае дзяржаўнае кіраванне;

•    устойлівае эканамічнае развіццё;

•    захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыроднага патэнцыялу, заснаванае на “зялёных” прынцыпах эканомікі;

•    развіццё чалавечага капіталу: ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная ўключанасць і абарона, комплекснае постчарнобыльскае развіццё.

Неабходна ўлічыць, што розніца паміж дзвюма рамачнымі праграмамі істотная. Гэта датычыцца як зместу дакументаў, так і працэсу іх падрыхтоўкі. Першая рамачная праграма натхняла па сутнасці і была амбіцыйнай па мэтах, задачах і аб’ёме фінансавання. Асноўны ўпор быў зроблены на ўзаемадзеянні з партнёрамі, якія прадстаўляюць Урад. Новая рамачная праграма ў большай ступені інклюзіўная. У працэс яе падрыхтоўкі былі ўключаны грамадскія арганізацыі, прадстаўнікі прыватнага сектара і, што вельмі важна, групы насельніцтва, якім у рамках праграмы будзе аказана дапамога: прадпрымальнікі, інваліды, бежанцы, ВІЧ-інфіцыраваныя. Пры яе падрыхтоўцы была праведзена вялікая колькасць кансультацый, дыскусій, перагавораў.

Яшчэ адно значнае адрозненне новай рамачнай праграмы заключаецца ў тым, што ў яе ўключаны толькі тыя стратэгічныя напрамкі, у рэалізацыі якіх задзейнічана не адно, а некалькі агенцтваў ААН. Усе напрамкі ўзаемазвязаныя. Яны з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем прыярытэтаў, якія закладзены ў НСУР-2030 і ў пяцігадовай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, але і адлюстраваннем 17 Мэт устойлівага развіцця, якія былі падпісаны сусветнымі лідарамі і Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам ў верасні 2015 года ў Нью-Ёрку.

Пасля невялікага адступлення вернемся зноў да “поезда ААН”. Адправіўшыся 23 кастрычніка з перона Мінскага чыгуначнага вакзала, “Экспрэс ААН-70” наведаў Гродна, Баранавічы, Брэст, Гомель, Магілёў і Віцебск. У гэтым 8-дзённым падарожжы ААН па гарадах Беларусі прынялі ўдзел дваццаць дзяржаўных устаноў, 33 пасольствы, прадстаўнікі больш як 45 краін, 246 супрацоўнікаў ААН, 19 агенцтваў і партнёраў ААН, 150 няўрадавых арганізацый, 25 партнёраў прыватнага сектара, 15 універсітэтаў і 9 школ, а таксама АБСЕ, ЕС, Глабальны фонд, Фонд Марыі Шарапавай, Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці і шэраг інфармацыйных партнёраў. У канчатковым выніку ў мерапрыемствах на поездзе і ў гарадах прынялі ўдзел больш як 150 тысяч чалавек.


“Экспрэс ААН-70” у Магілёве

У кожным горадзе гаворка ішла пра розныя глабальныя мэты: пра добрае здароўе — у Гродне, пра якасную адукацыю і гендарную роўнасць — у Брэсце, пра скарачэнне няроўнасці — у Гомелі, пра ўхіленне галечы і голаду, дастойную працу, эканамічны рост і ўстойлівыя гарады — у Магілёве, пра даступную і чыстую энергію, адказнае спажыванне і вытворчасць, барацьбу са змяненнямі клімату — у Віцебску.

Поезд ААН павінен быў “прывезці” ААН і глабальныя мэты бліжэй да людзей, а таксама даць ім магчымасць пагаварыць, пачуць адзін аднаго. Можна з упэўненасцю сказаць, што за час прысутнасці ААН у Беларусі гэтая акцыя з’яўляецца буйнейшым інфармацыйна-асветніцкім праектам, але ў той жа час і найбольш яркай дэманстрацыяй таго, як Урад і ААН могуць працаваць сумесна на карысць грамадства.

Экспрэс ААН-70 прыбыў назад у Мінск 30 кастрычніка. Аднак час да заканчэння года яшчэ заставаўся. Гэта па-ранейшаму быў час актыўнай работы. Так, 20 лістапада, у Сусветны дзень дзіцяці, ААН у Беларусі запусціла інфармацыйную кампанію “Інклюзіўная Беларусь: глабальныя мэты для ўсіх”, каб дапамагчы пераадолець страх і прадузятасці, а таксама падарыць надзею ўсім, хто не адчувае сябе часткай грамадства, у якім мы жывём. Своеасаблівая кульмінацыя кампаніі супала з Днём правоў чалавека, які адзначаецца штогод у снежні. У той дзень шэраг экспертаў сабраліся, каб абмеркаваць вынікі Універсальнага перыядычнага агляду на міжнародным семінары ў Мінску. Агляд па правах чалавека — гэта ўнікальны механізм, які ўяўляе з сябе комплексны і ўсебаковы аналіз сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх краінах свету. Беларусь, дарэчы, прайшла другі цыкл Універсальнага перыядычнага агляду ў маі 2015 года. Міжнародны семінар стаў пляцоўкай для дыскусійнага абмену меркаваннямі ды лепшым практычным досведам.

Заканчэнне інфармацыйнай кампаніі “Інклюзіўная Беларусь” прыпала на Міжнародны дзень мігранта, які таксама адзначаецца ў снежні. Сёння ў выніку глабалізацыі і дасягненняў у галіне сувязі і транспарту значна павялічылася колькасць людзей, якія імкнуцца і здольныя перамясціцца ў іншыя месцы. Новая эра адкрыла новыя магчымасці і адначасова паставіла новыя праблемы перад грамадствам ва ўсім свеце. Супрацоўнікі Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і ААН у Беларусі далучыліся да міжнароднай акцыі “запалі свечку”, каб ушанаваць памяць загінуўшых мігрантаў і згадаць пра пакуты, з якімі яны сутыкаюцца штодня.

Мінулы год быў годам важных падзей на планеце. Свет адзначыў 70-годдзе заканчэння Другой сусветнай вайны і стварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Цяпер, скіроўваючыся ў будучыню, многія ўскладаюць надзеі на новыя Мэты ўстойлівага развіцця і іх дасягненне.

2016-ы абяцае быць не менш насычаным. Адной з буйнейшых падзей па праву стане міжнародная канферэнцыя “Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 гадоў пасля катастрофы”. Пры падтрымцы ААН у Беларусі яна плануецца на красавік. Галоўная мэта форуму — паспрыяць далейшаму супрацоўніцтву, скіраванаму на пераадоленне наступстваў Чарнобыльскай аварыі і паглыбленне ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў.

Чакаецца, што краіну можа наведаць Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун. Запрашэнне было адрасавана непасрэдна Генеральнаму сакратару ААН Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам падчас Саміту па ўстойлівым развіцці і юбілейнай 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дакладная дата візіту пакуль невядомая. Зрэшты, прыдатным момантам для яго можа стаць красавік, калі ў Мінску будзе праходзіць вышэйзгаданая канферэнцыя.

Таксама ў 2016-м Праграма Развіцця ААН будзе адзначаць 50-годдзе свайго заснавання. Непасрэдна ў Беларусі ПРААН працуе з 1992 года. Паводле Пагаднення з беларускім Урадам асноўнай задачай арганізацыі з’яўляецца падтрымка нацыянальных намаганняў па вырашэнні найбольш важных праблем эканамічнага развіцця, садзеянне сацыяльнаму прагрэсу і паляпшэнню стандартаў жыцця ў краіне.

Відавочна, што цяперашні год таксама абяцае быць багатым на добрыя справы для ААН у Беларусі.

Уладзімір Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter