Актывісты суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса мацавалі сяброўства ў Міжнародным маладзёжным лагеры “Бе-La-Русь — 2015”

Добры дзень, Курган!

Актывісты суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса мацавалі сяброўства ў Міжнародным маладзёжным лагеры “Бе-La-Русь — 2015”


Беларусы з Даўгаўпілса былі ў маладзёжным лагеры ўпершыню

У Верхнядзвінскім раёне Віцебшчыны ў 24-ы раз пры Кургане Дружбы збіралася моладзь Беларусі, Латвіі, Расіі. Сёлета арганізоўвалі лагер латышы, дакладней, грамадская арганізацыя Саюз за прагрэс моладзі Латвіі. А мы, маладзёжная група Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” з Даўгаўпілса, трапілі ў гушчыню падзей па запрашэнні Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Аблегчылі шлях на Бацькаўшчыну Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе, асабіста консул Юры Давыдоўскі. Апекавалася ж намі ў лагеры актывістка вышэйзгаданага Саюза Марына Васільева. Дзякуем і арганізатарам за падарункі, якія атрымала наша дружная каманда. А гэта: Халіна Блізнакова, Канстанцін Марчанка, Артур Рэнько, Дзяніс Сініца, Людміла Сінякова. Для нас усё было ўпершыню: афармленне пропускаў у пагранзону, сустрэчы, удзел у творчых і спортмерапрыемствах лагера, жыццё ў палатках, гатоўка ежы на вогнішчы. Але мы стараліся!

У лагеры — каля 500 чалавек! Гэткі вясёлы горад на вялізнай лясной паляне: палаткі, вогнішчы, аўтобусы, машыны, у тым ліку пажарная і хуткай дапамогі. Нас ахоўвала беларуская міліцыя і памежнікі. І ўсе чатыры дні — мерапрыемствы: адно за другім. Запомнілася ўсеагульная лінейка-адкрыццё лагера ў першы дзень, святочны салют, фэст “Бе-La-Рускія світанкі”, імпрэза “Добры дзень, Курган!”, а таксама танцавальна-забаўляльная праграма “Бе-La-Русь, зажигай!”.

Другі дзень — гэта спаборніцтвы па футболе і валейболе, перацягванне каната, дартс… І конкурс “Лепшая пара “Бе-La-Русь — 2015”, да якога ўдзельнікі рыхтаваліся тут жа, на паляне. І як выступалі! За кароткі час трэба было знайсці свайго партнёра ў лагеры, пазнаёміцца, прыдумаць выступ на тэму, якую “парачка” даведалася толькі ў дзень конкурсу… На “ўра” ішоў канцэрт гурта “The Twins Peek” (Латвія): не хацелі адпускаць музыкаў. Потым — ізноў танцы-забавы ў плыні “Бе-La-Русь, зажигай!”

У трэці, суботні дзень — мітынг памяці герояў Вялікай Айчыннай, наведванне Музея баявой славы: гэта даўняя традыцыя лагера. Увесь лагер стаў раніцай на своеасаблівую Вахту памяці. У галаве доўгай калоны неслі тры гірлянды кветак, упрыгожаныя каляровымі стужкамі : ад дэлегацый трох краін. А на Кургане — сустрэча з ветэранамі вайны раёна, іх выступленні. Слёзы на вачах моладзі...

І вось закрыццё лагера, узнагароджанне медалямі. Сувеніры, граматы, прызы. Потым гучалі гімны трох краін і былі спушчаны дзяржаўныя сцягі. Пад гімн лагера спускалі і яго сцяг. А развітваліся мы з верай і надзеяй, што сустрэнемся. Дарэчы, арганізатарам XXV Міжнароднага маладзёжнага лагера “Бе-La-Русь” будзе Беларусь. То запішыце і нас “на Курган”: прыедзем!

Людміла Сінякова, намесніца старшыні таварыства “Уздым”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter