Добра з вамі сябраваць

Нататкі пра тое, як суйчыннікі з замежжа гасцявалі ў Беларусi
Нататкі пра тое, як суйчыннікі з замежжа гасцявалі ў Беларусі

Суайчыннікаў прымалі ў Мінскім аблвыканкаме“Ці любіце вы Беларусь так, як люблю яе я?” — чамусьці з такіх, крыху пафасных словаў, хочацца пачаць. Зрэшты, і Уладзімір Шугля, Ганаровы консул Беларусі ў Цюмені, гэтак жа мог бы ўсклікнуць. Менавіта ён, як толькі атрымаў запрашэнне паўдзельнічаць у выставе “СМІ ў Беларусі”, за паўдня камандзіраваў мяне, самалётам адправіў на Бацькаўшчыну. Мы абодва разумеем значнасць падзеі, высока цэнім запрашэнне, трохі раўніва і з вялікай павагай ставімся да ўсяго, што звязана з Беларуссю — у любой сферы дзейнасці. Я прадстаўляла ў Мінску інфацэнтр Цюменьскай грамадскай арганізацыі “Саюз — інтэграцыя брацкіх народаў”, якую Уладзімір Фёдаравіч узначальвае.
Што здзівіла, уразіла, кранула душу? Магу гаварыць і ад імя суайчыннікаў-удзельнікаў семінара- практыкума з Эстоніі, Латвіі, Польшчы: мы абменьваліся думкамі. Нам гонар, што сустрэлі землякоў на высокім урадавым узроўні — нас прымаў, па-сяброўску гутарыў з намі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Ён казаў, што дапамога беларускім суполкам аказваецца рознабаковая і адрасная, прычым з улікам канкрэтных жыццёвых сітуацый. Зрэшты, чытачы “Голасу Радзімы” тое ведаюць. Мы ўсе ўспрымаем і як вялікі падарунак ад Бацькаўшчыны вось такую магчымасць сустракацца на радзіме продкаў, абменьвацца думкамі, досведам працы, чуць матчыну мову, ды і проста пахадзіць па сталіцы. Дзякуем! Вельмі кранае ветлівасць прыўладных асоб, шчырая цікавасць да таго, як мы жывём, чым дыхаем. Мы тое адчувалі таксама і ў Мінскім аблвыканкаме, і на сустрэчы з архіепіскапам Феадосіем у Полацку. Помніцца сардэчны прыём, што арганізавалі нам адміністрацыя Полацка, архіепіскап і манашкі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Вялікі дзякуй усім за шчырасць, паразуменне, увагу. Тое мяне, расіянку, кранае да слёз, асабліва на фоне падзей ва Украіне. Не было, дарэчы, чалавека, якога б не хвалявалі падзеі ў братоў-украінцаў. Дзякуй Богу, Расія і Беларусь — у адной Саюзнай дзяржаве, мы ўмеем вырашаць супярэчнасці, шануем мір і згоду, якія ёсць у нас і паміж намі. Гэта здорава, што ў Беларусі можна свабодна гаварыць і на рускай мове, адчуваць сябе камфортна.
Мы мелі магчымасць выставіць буклеты, газеты з беларускімі па тэматыцы публікацыямі і спецвыпускамі (такія ёсць, напрыклад, у “Тюменской правде”) на выставе СМІ: там быў раздзел “СМІ дыяспар”. Наведвалі тэатры, нам арганізавалі экскурсію па Оперным тэатры — гэта ж проста цуд! Слухалі змястоўныя лекцыі ў Інстытуце журналістыкі БДУ (былы журфак), аддаўшы належнае развіццю навукі і тэлекамунікацый у Беларусі. Глядзелі на шырокае будаўніцтва: як жа па-еўрапейску ўладкоўваецца Мінск!
Усе падкрэслілі: Леанід Гуляка шмат робіць дзеля захавання міжнацыянальнай і міжканфесійнай згоды ў краіне. Амаль дзве гадзіны ён выдзеліў нам, грунтоўна адказаў на пытанні і выслухаў меркаванні кожнага. Маючы велізарны досвед упраўленца, ён — дзяржаўнік па сутнасці. За кожным словам — клопат пра супольную карысць. У апараце Упаўнаважанага шукаюць крэатыўныя хады, выкарыстоўваюць нестандартныя формы працы ў такой тонкай справе, як нацыянальная палітыка. Мы рады, што Беларусь можа іншым служыць прыкладам грамадзянскай згоды, тут напоўнена зместам паняцце “дружба народаў”. Досвед Бацькаўшчыны можа быць карысным для іншых дзяржаў, у тым ліку і суседніх. Мы спакойна, без боязі хадзілі па начным Мінску. Мінчане — людзі вельмі ветлівыя, спагадныя, заўсёды падкажуць ці пакажуць дарогу, калі спытаеш. Такая атмасфера добразычлівасці грэе душу.
Час нашага візіту супаў з Пасланнем Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу — і мы былі на хвалі гэтай падзеі. Прэзідэнт карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод беларусаў замежжа, асабліва ў постсавецкіх краінах, за паслядоўнасць у правядзенні нацыянальнай палітыкі, за тое, што клапоціцца пра згоду ў грамадстве, любіць свой народ і краіну.
Мы жылі ў інтэрнаце Інстытута развіцця адукацыі, дзе нас сустрэлі вельмі гасцінна. Асаблівая ж падзяка ад усіх метадысту Дар’і Жалягінай, вядучаму спецыялісту Мінскага аблвыканкама Наталлі Калядчык — яна суправаджала нас у Полацк і была з намі ў Інстытуце журналістыкі, супрацоўніку апарата Упаўнаважанага Аляксандру Сасновічу — ён не першы год курыруе ўсе пытанні такіх візітаў у Мінску.
У Цюмені пра жыццё Беларусі, беларускай дыяспары, аб справах Ганаровага консула Уладзіміра Шуглі пастаянна расказваюць розныя СМІ, таму беларускі народ мы любім і паважаем. З падтрымкай Уладзіміра Шуглі адзначаюцца святы, звязаныя з гісторыяй Беларусі. Рыхтуемся адзначаць 70-я ўгодкі вызвалення яе ад фашысцкіх захопнікаў. Нашы народы — рускі і беларускі — даўно сябруюць. Спадзяемся, так будзе і надалей. Нізкі паклон усім, хто гэтае, я б сказала, стратэгічнае сяброўства ўмацоўвае.
Людміла Бакланава, г. Цюмень

На здымку:
Суайчыннікаў прымалі ў Мінскім аблвыканкаме
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter