
Настаўнік Дзмітрый Валер’евіч звяртае ўвагу класа на машынку з лега, якая хутка перамяшчаецца па стале.
Робаты і класныя работы
Звiнiць званок на ўрок: клас запаўняецца шумнымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія перагаворваюцца ў апошнія секунды перад заняткамі асабліва ажыўлена. Спрабую згубіцца сярод сямі-класнiкаў і непрыкметна прашмыгнуць да апошняй парты, але дзеці хутка вылічылі чужынца і шэптам перагаворваюцца: маўляў, навошта гэтая цётка прыйшла да іх на ўрок. «Няўжо так часта на другі год заставалася?» — жартуе адзін з хлопцаў. Але адказаць мне не ўдаецца — звонкая цішыня ўсталёўваецца, як толькі ў клас заходзіць настаўнік фізікі Дзмітрый Валер’евіч.— Давайце, дзеці, успомнім, што такое кінетычная энергія, — прапануе ён, і я машынальна апускаю вочы. Зусім як у школе: калі не глядзіш на настаўніка, ёсць шанц, што ён цябе да дошкі не выкліча. Але на гэты раз бяс-пройгрышная тактыка дала збой. «Адказвае Хрысціна», — усмі-хаецца Дзмітрый Валер’евіч. Адчуваю, што клас чакае ад мяне геніяльнага маналога. Тут трэба адзначыць, што з фізікай у школе ў мяне былі, мякка кажучы, напружаныя адносіны, таму нічым, акрамя фразы «А можна пагугліць?», бліснуць не атрымалася. І няма чаго ўсміхацца – а вы самі памятаеце, што такое кінетычная энергія?
Спачатку Дзмітрый Валер’евіч звяртаецца да падручніка і дае дзецям тэарэтычныя вытрымкі, скоса пазіраючы на мяне. Але вы не думайце, занятак не
праходзіць дарма — зараз у маім працоўным нататніку ёсць старонка з акуратна напісанай назвай тэмы «Рашэнне задач па кінетычнай энергіі». А хутка пачынаецца самае цікавае — настаўнік запускае робата, а школьнікі малююць усім знаёмую табліцу з графамі «дадзена» і «рашэнне».
— Робат зараз рухаецца, — Дзмітрый Валер’евіч звяртае ўвагу класа на машынку з лега, якая хутка перамяшчаецца па стале. — Ён мае масу і зараз хуткасць. Такім чынам, што мы ведаем: робат рухаўся на працягу 5,3 секунды і прайшоў шлях у 1 метр. Пры гэтым яго маса 0,6 кілаграма. Увага, пытанне: якую энергію меў наш робат пры руху?
Школьнікі тут жа ажыўляюцца: першым дзеяннем трэба разлічыць хуткасць, з якой рухаўся робат, — яна ў дадзеным выпадку роўная 0,18 метра ў секунду. А далей усё проста: з выкарыстаннем формулы для кінетычнай энергіі разлічваем энергію робата. Калькулятар плюс нескладаныя дзеянні, і гатова — 0,384 джоўля.
Настаўнік прапануе рашыць яшчэ адну задачу і праграмуе робата зноў. Цяпер цацка рухаецца хутчэй: 96 сантыметраў за 3,5 секунды. А калі хуткасць павялічылася, значыць, і энергія таксама пайшла ўверх, бо залежнасць у іх прама прапарцыянальная. Да дошкі выходзіць Ягор і на раз спраўляецца з задачкай. Дзеці ў захапленні, тэма засвоена, можна ісці на перапынак. Напрыканцы Дзмітрый Валер’евіч вырашае яшчэ раз праверыць мае веды, але цяпер гугліць не трэба, бо я дакладна ведаю: кінетычная энергія — гэта энергія цела, якое рухаецца. Вось так!
Тэст пройдзены
Пакуль чакаем Цімафея, фізік Дзмітрый Чарноў знаёміць мяне з распрацоўкай і расказвае, як ён дапамог школьніку рэалізаваць смелыя ідэі.— Цімафей, калі вучыўся ў 9-м класе, прыйшоў да мяне на факультатыў па спаборніцкай робататэхніцы. На занятках мы збіралі розныя мадэлі, знаёміліся з іх магчымасцямі, і ў нейкі момант ён прапанаваў укараніць робатаў у навучальны працэс. Любое падобнае імкненне вельмі пахвальнае, таму я адразу пагадзіўся, і мы пачалі думаць, як гэта зрабіць.

Школьнік дастае каробку з лега і дэманструе, як збіраецца робат. Аказваецца, такі набор можа набыць кожны жадаючы ў інтэрнэце. Але ўнікальным робата зрабіў менавіта Цімафей, распрацаваўшы спецыяльны дадатак. ім лёгка змогуць карыстацца не толькі настаўнікі падчас заняткаў, але і вучні, якія жадаюць самастойна займацца дома і бачыць, як працуюць законы фізікі.
— Тут ёсць простая інструкцыя па зборцы робата і важныя тэмы з падручнікаў фізікі за 7-ы і 9-ы класы, — дэманструе настаўнік планшэт з дадаткам. — Напрыклад, у наступны раз мы разгледзім з класам тэмы «Траекторыя, шлях, час», «Раўнамерны і нераўнамерны рух». Тут жа ёсць рубрыка «Лабараторны эксперымент» — зараз не трэба выкарыстоўваць састарэлае абсталяванне, усе патрэбныя дзеянні прадэманструе запраграмаваны робат. А вось вучні 9-га класа з яго дапамогай пазнаёмяцца з тэмамі «Паскарэнне вольнага падзення», «Трэці закон Ньютана» і «Імпульс цела».
Дзмітрый Валер’евіч дапамагаў Ціма-фею ўсе раздзелы прывязаць да ўрока, таму дадатак складзены строга па каляндарна-тэматычным планаванні і паўтарае інфармацыю з падручніка.
— Дзякуючы гэтаму мы называем дадатак інтэрактыўным падручнікам. А што значыць SТЕМ? Гэта абрэвіятура чатырох асноўных напрамкаў, якія іграюць сёння ключавую ролю ў развіцці тэхналогій: Science, Technology, Engineering, Mathe-matics (натуральныя навукі, інфар-мацыйныя тэхнало-гіі, інжынірынг, матэматыка). На занятках я падключаю ўсе сферы дзейнасці SТЕМ-адукацыі, таму школьнікі могуць праводзіць даследаванні з выкарыстаннем сучаснага (у тым ліку лічбавага) абсталявання.
Падключыцца да робата проста: трэба актываваць bluetooth і націснуць кнопку «запуск». У тэме «Кінетычная энергія» дадатак просіць увесці толькі адно значэнне — масу робата. Астатнія даныя ён разлічвае рандомна і сам кантралюе рух робата. Выкладчыку застаецца толькі выбраць значэнні, якія ён хоча даць класу, і прапанаваць палічыць элементы, якія адсутнічаюць. Напрыклад, школьнікі будуць ведаць час, энергію і хуткасць, а вось масу прыйдзецца разлічыць самім, выкарыстоўваючы патрэбныя формулы.
— Хачу дапрацаваць праграму і дадаць туды заданні для 8-га і 10-га класаў, — дзеліцца планамі Цімафей. — Мы пачалі з 7-га і 9-га класаў таму, што ў іх вывучаецца раздзел «Кінематыка», у якім апісваецца рух цел. Як бачыце, робатам вельмі зручна гэта дэманстраваць. Пакуль дадаткам карыстаюцца толькі ў нашай школе, але зусім хутка я хачу выкласці яго ў агульны доступ у Play Market.
Не такі, як усе
Цімафей гаворыць пра сваю любоў да фізікі, матэматыкі і праграмавання і, жартуючы, называе сябе «часткова робатам», бо носіць слыхавы апарат. «Я нарадзіўся, каб быць не такім, як усе» — з гэтым дэвізам хлопчык ідзе па жыцці. А вось марыць юны праграміст аб важным: у будучыні сваімі ідэямі быць карысным людзям. Хаця яго настаўнік ужо і так упэўнены: цяперашнія школьнікі вельмі матываваныя і, назіраючы за поспехамі сваіх старэйшых таварышаў, не жадаюць адставаць. Таму ўзнагароды Цімафея заахвочваюць яго аднакласнікаў вучыцца яшчэ больш старанна.glushko@sb.by