“Давайце любіць і адраджаць сваё, але шанаваць і іншае”

Міністр культуры пазнаёміўся з ходам рэканструкцыі і рэстаўрацыі помніка архітэктуры VIII—IX стагоддзяў — Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, які мае статус рэспубліканскай гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднаўленне якой пачалося ў 2008 годзе і зараз актыўна працягваецца. Разам са старшынёй Кіраўскага райвыканкама Уладзімірам Піскіжавым, начальнікам упраўлення культуры аблвыканкама Анатолем Сінкаўцом, дырэктарам Магілёўскага абласнога цэнтра па рэстаўрацыі Наталляй Кузняцовай, прадстаўнікамі генпадраднай арганізацыі і іншымі міністр абмяркоўваў пытанні фінансавання работ, якасць іх выканання, далейшы лёс аб’екта. З гісторыяй роду Булгакаў гасцей пазнаёміла дырэктар Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея Ларыса Забелава, правяла яна і па залах палаца. Міністр таксама наведаў Мышкавіцкі СДК, пазнаёміўся з творчасцю народнага ансамбля песні “Мілавіца”. У рамках візіту адбылася сустрэча міністра культуры з удзельнікамі Міжнароднага пленэра па кераміцы “Арт-Жыжаль”, якія працуюць на базе Дома рыбака СВК “Рассвет” імя Арлоўскага” на Чыгірынскім вадасховішчы. Павел Латушка пазнаёміўся з тэхналогіяй вырабу керамічных скульптур, працэсам іх абпальвання, з умовамі пражывання майстроў.

Міністр культуры Павел Латушка пабываў у Кіраўскім раёне і зрабіў вывад, што рэстаўрацыю Жыліцкага палацава-паркавага комплексу неабходна паскорыць.

Міністр культуры пазнаёміўся з ходам рэканструкцыі і рэстаўрацыі помніка архітэктуры VIII—IX стагоддзяў — Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, які мае статус рэспубліканскай гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднаўленне якой пачалося ў 2008 годзе і зараз актыўна працягваецца. Разам са старшынёй Кіраўскага райвыканкама Уладзімірам Піскіжавым, начальнікам упраўлення культуры аблвыканкама Анатолем Сінкаўцом, дырэктарам Магілёўскага абласнога цэнтра па рэстаўрацыі Наталляй Кузняцовай, прадстаўнікамі генпадраднай арганізацыі і іншымі міністр абмяркоўваў пытанні фінансавання работ, якасць іх выканання, далейшы лёс аб’екта. З гісторыяй роду Булгакаў гасцей пазнаёміла дырэктар Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея Ларыса Забелава, правяла яна і па залах палаца. Міністр таксама наведаў Мышкавіцкі СДК, пазнаёміўся з творчасцю народнага ансамбля песні “Мілавіца”. У рамках візіту адбылася сустрэча міністра культуры з удзельнікамі Міжнароднага пленэра па кераміцы “Арт-Жыжаль”, якія працуюць на базе Дома рыбака СВК “Рассвет” імя Арлоўскага” на Чыгірынскім вадасховішчы. Павел Латушка пазнаёміўся з тэхналогіяй вырабу керамічных скульптур, працэсам іх абпальвання, з умовамі пражывання майстроў.

Павел ЛАТУШКА даў інтэрв’ю мясцовым СМІ.

— Павел Паўлавіч, Вы пазнаёміліся са славутасцю нашага раёна — Жыліцкім палацава-паркавым ансамблем, становішчам спраў па яго рэстаўрацыі. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі.

— Перакананы, што Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль мае вялікую будучыню, бо яна базіруецца на глыбокіх гістарычных каранях, якія маюць гэтыя мясцовасць, будынак.

Вельмі важна, што кіраўніцтва нашай краіны прымае захады і рашэнні па аднаўленні падобных помнікаў. Ніколі, нават у гады БССР, не праводзілася такіх шырокамаштабных рэстаўрацыйных работ, праграм, акцый, якія ідуць фактычна па ўсіх рэгіёнах краіны. Што тычыцца Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, галоўнае, каб з боку ўрада, абласной улады рабілася ўсё магчымае, выдаткоўваліся фінансавыя сродкі для хутчэйшага завяршэння рэстаўрацыі гэтага сапраўднага скарбу беларускай культуры.

— На вашу дапамогу Кіраўскі раён таксама можа разлічваць?

— Зразумела, візіт сюды не быў турыстычнай экскурсіяй. Мы абмеркавалі шэраг канкрэтных пытанняў. Для мяне было важна пазнаёміцца з чарговым аб’ектам, які рэстаўрыруецца ў адпаведнасці з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай, зацверджанай Прэзідэнтам нашай краіны. Мы гаварылі, што неабходна паскорыць работу нашых праектантаў. Тут існуюць некаторыя тэхнічныя праблемы. Але, думаю, мы ў стане іх вырашыць.

— Павел Паўлавіч, акрэсліце, калі ласка, Ваша бачанне перспектывы сельскіх асяродкаў культуры, у прыватнасці, малых вёсак.

— Думаю, перспектыва вёсак залежыць ад інфраструктуры, якая там існуе. Мы перш за ўсё павінны імкнуцца рэалізаваць Дзяржаўную праграму адраджэння і развіцця вёскі, якая дзейнічае цяпер і якая будзе прынята на наступныя пяць гадоў. Дарэчы, Міністэрства культуры ініцыіравала прыняцце асобнай дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, канцэпцыя якой ужо зацверджана ўрадам. Раней падобнай праграмы не было. Спадзяёмся, што яна таксама дапаможа ў справе захавання асяродкаў культуры на сельскіх тэрыторыях, у малых вёсках. Бо, зразумела, моладзь выязджае туды, дзе ёсць моцная інфраструктура, больш высокія сацыяльныя стандарты. А стандарт у галіне культуры з’яўляецца адным з важнейшых сацыяльных прыярытэтаў. І з боку Міністэрства культуры, вядома, адстойваем гэтую пазіцыю ва ўрадзе, будзем намагацца, каб гэтыя падыходы захоўваліся, каб адбывалася дафінансаванне...

Прывяду прыклад з былой сваёй работы ў Польшчы. Па службовых патрэбах я праехаў па тэрыторыі гэтай краіны 500 тысяч кіламетраў, пабачыў шмат рэгіёнаў, паветаў і гмін. І такога стаўлення да культуры ў рэгіёнах, як у нас, там не бачыў. Шмат чаго ёсць у іх добрага, шмат чаго — у нас.

— Развіццё нацыянальнай культуры немагчыма без адраджэння роднай мовы. Ваша стаўленне да гэтай праблемы.

— Думаю і перакананы, што культура Беларусі не можа існаваць без беларускай мовы. Культура і мова — дзве часткі, якія аб’яднаны ў адну. Зразумела, культура Беларусі акрэсліваецца не толькі нашым стаўленнем да мовы. Музыка мае сваю мову: пачуццяў, паняццяў. Але калі мы гаворым пра крыніцы нашай гісторыка-культурнай спадчыны і будучага, то яны звязаны менавіта з крыніцай чыстай і празрыстай, мілагучнай, якой з’яўляецца наша беларуская мова, мова Купалы, Коласа, Багдановіча, Караткевіча. Дарэчы, у гэтым годзе мы адзначаем 80-годдзе Уладзіміра Караткевіча, у наступным — 120-годдзе Максіма Багдановіча, праз два гады — 130-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа. Тыя праблемы, якія ўзнімалі нашы беларускія песняры, актуальныя і сёння. Спадзяюся, наша інтэлігенцыя заўсёды падтрымае беларускую мову. А калі далучыцца моладзь, грамадства, у выйгрышы будуць усе.

Мы павінны ведаць розныя мовы. Мы павінны шанаваць рускую, англійскую, французскую мовы, але любіць беларускую! Давайце любіць сваё, але шанаваць і іншае!

Галіна РУСЕЦКАЯ

НА ЗДЫМКУ: прараб падраднай арганізацыі Валянцін НАВОЙЧЫК, міністр культуры Павел ЛАТУШКА і загадчык аддзела  культуры   Кіраўскага    райвыканкама    Тамара ГАЛУБОЎСКАЯ; старшыня Кіраўскага райвыканкама Уладзімір ПІСКІЖАЎ (крайні злева) і міністр культуры Павел ЛАТУШКА (крайні справа) у будынку Жыліцкага палацу; у паркавым комплексе любяць наладжваць свае вернісажы мастакі рэспублікі.

Фота Сяргея АЎСЯНІКА, раённая газета “Кіравец”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter