«Давай, мамка, сiротак возьмем...»

Чым  карысны  верхнядзвiнскi  вопыт

Чым  карысны  верхнядзвiнскi  вопыт

...За чвэрць веку жыцця ў шлюбе Уладзiмiр i Зоя Марачкоўскiя вырасцiлi дваiх дзетак, далi iм  пуцёўку ў жыццё. Сын Сяргей выбраў духоўны шлях: стаў навучэнцам Маскоўскай духоўнай семiнарыi.  А дачка Святлана ў Кiеве сваю сям’ю стварыла. 

Параiлiся Марачкоўскiя i вырашылi ўзяць на выхаванне дзетак з iнтэрната. Так у дзевяцiгадовай Тамары i яе шасцiгадовага брацiка Мiколкi з’явiўся ўтульны i цёплы дом. А зусiм нядаўна да iх далучыўся яшчэ адзiн хлопчык — Дзiма.  

...Калi ў супрацоўнiцы Верхнядзвiнскай райбальнiцы Ларысы Шубiнай памёр муж, на ўтрыманнi яе засталося двое  дзетак. Нечакана малыя прапанавалi: «Давай, мамка, сiротак з дзiцячага прытулку возьмем». 

I ўзялi. Трох сястрычак:  чатырохгадовую Святлану,  першакласнiцу Кацю i  пяцiкласнiцу Галiнку.  

У рамках дзяржаўнай праграмы «Дзецi Беларусi» на нашай самай крайняй поўначы, у Верхнядзвiнску, упершыню на Вiцебшчыне адкрылiся два дзiцячыя дамы сямейнага тыпу. Па архiтэктуры яны нагадваюць катэджы.  На першым паверсе  — гасцёўня, кухня, ванны пакой, кладоўка i спальня для дарослых. А на другiм —  сапраўднае «дзiцячае царства». 

За кошт бюджэту дамы сямейнага тыпу аснашчаны сучаснай мэбляй, бытавой тэхнiкай, халадзiльнiкамi, пральнымi машынамi, мiкрахвалевымi печамi, пыласосамi. У кожным — тэлевiзар, камп’ютэр, дываны, неабходны посуд, гарачая i халодная вада, цэнтральнае ацяпленне. Побач — прысядзiбны ўчастак i гаспадарчыя прыбудовы. 

Вывучаць верхнядзвiнскi вопыт дамоў сямейнага тыпу прыязджаюць з усёй вобласцi.  

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter