ТОП-темы

Дарогамi класiка

07:40, 16 сентября 2025
Наш журналист посетила Мядельщину, где родился и ратовал за Беларусь единую народный поэт Беларуси Максим Танк
«Здарова, магутныя, зорныя крыллi, прынесшыя радасць i шчасныя днi!» — такiмi радкамi вiтаў вызваленне Заходняй Беларусi Максiм Танк, якi ў гэты дзень адзначаў народзiны

17 верасня 1912 года ў вёсцы Пiлькаўшчыне, што цяпер у Мядзельскiм раёне Мiнскай вобласцi, нарадзiўся адзiн з самых яркiх беларускiх паэтаў ХХ стагоддзя Максiм Танк. Пад гучным псеўданiмам хаваўся таленавiты сялянскi сын Яўген Iванавiч Скурко. Вельмi сiмвалiчны i той факт, што менавiта ў гэты дзень, 17 верасня, калi будучы класiк сустрэў 27‑годдзе, адбылося частковае далучэнне Заходняй Беларусi да БССР. I ён таксама шмат аддаў дзеля гэтага свята, бо адзначыўся i як прынцыповы i непахiсны барацьбiт супраць палiтыкi паланiзацыi. Напярэдаднi Дня народнага адзiнства накiравалiся ў Мядзел, дзе падрастаючае пакаленне добра ведае i ўшаноўвае памяць выбiтных землякоў, уключаючы i тых, хто мае дачыненне да нашага маладога свята.


Супрацоўнiкi Мядзельскага музея народнай славы з нагоды Дня народнага адзiнства i 90‑годдзя забастоўкi беларускiх сялян‑рыбакоў 1935 года, якiя выступалi супраць несправядлiвай аграрнай i падатковай палiтыкi польскiх улад, падрыхтавалi часовую экспазiцыю «Люблю твае, Нарач, затокi i тонi». Выстаўка адлюстроўвае падзеi, якiя адбывалiся ў Заходняй Беларусi ў 1921–1939 гадах.

Вядома, што ў вынiку савецка‑польскай вайны па ўмовах Рыжскага мiрнага дагавора 1921 года Польшчы адышлi землi Заходняй Беларусi, у лiку якiх была тэрыторыя Мядзельшчыны. Гэтыя землi атрымалi назву «крэсы ўсходнiя» (усходнiя ўскраiны).

Навуковы супрацоўнiк Мядзельскага музея народнай славы Аляксей Камолаў расказаў:

— У адпаведнасцi з адмiнiстра-цыйна‑тэрытарыяльным падзелам Польшчы тэрыторыя Мядзельскага раёна ўвайшла ў склад Вiленскага ваяводства, з'яўляючыся часткамi Вiлейскага, Дунiлавiцкага (пазней — Пастаўскага) i Свянцянскага паветаў. Акупацыйныя ўлады Польшчы разглядалi «крэсы ўсходнiя» як сельскагаспадарчы прыдатак прамысловых раёнаў цэнтральнай часткi краiны. Мядзельшчына развiвалася як аграрны раён, але ўзровень сельскай гаспадаркi заставаўся нiзкiм. Каля паловы зямельнага фонду належала памешчыкам. Асноўную частку насельнiцтва складалi сяляне, якiя мелi памеры зямельных надзелаў да дзесяцi гектараў. З такiх угоддзяў цяжка было атрымаць добры прыбытак. Да таго ж нараджальнасць была высокая, сем'i вялiкiя — па 7–12 душ. Прамысловыя прадпрыемствы амаль не будавалiся. А развiццё прадпрымальнiцтва стрымлiвалi вялiкiя падаткi на дазвол займацца пэўным вiдам дзейнасцi. Новыя гаспадары праводзiлi палiтыку паланiзацыi i асiмiляцыi. Яны забаранялi беларускiя школы, абмяжоўвалi прыём з беларускiх школ у вышэйшыя навучальныя ўстановы, не дазвалялi карыстацца роднай мовай у дзяржаўных установах.

Аляксей Камолаў і вучні Мядзельскай гімназіі.

Яскравым прыкладам палiтыкi знiшчэння беларускай нацыянальнасцi стала тое, што ў афiцыйнай статыстыцы 1931 года ўсё каталiцкае насельнiцтва Заходняй Беларусi было прызнана палякамi, а астатнiя — проста тутэйшымi. Праваслаўныя храмы ператваралi ў касцёлы. А для правядзення паскоранай паланiзацыi беларускага насельнiцтва выкарыстоўвалiся дзяржаўны апарат, друкаваныя выданнi, польскiя школы i каталiцкi касцёл. Такiм чынам, асветнiцтва сярод мясцовага насельнiцтва было сарыентавана на польскi лад.

I ў гэты няпросты час з'яўлялiся барацьбiты з польскiм рэжымам. Дарэчы, у 1932 годзе ў друку ўпершыню з'явiўся псеўданiм Максiм Танк, а яго носьбiт у тым жа годзе быў упершыню арыштаваны. I сапраўды, на пэўны час месцам дыслакацыi маладога паэта стала сумна вядомая Вiленская турма ў Лукiшках. У лiстападзе 1933 года суд у Вiльнi прыгаварыў палiтычнага злачынца Скурко да шасцi гадоў турэмнага зняволення. Але па вынiках апеляцыi пакаранне скарацiлi да двух гадоў умоўнага, i 1 мая 1934‑га малады паэт пакiнуў турэмныя сцены.

А 9 мая 1935 года Танк гаротна заносiць у дзённiк: «Сёння Заходняя Беларусь — мяшок, зацягнуты палiцэйскай нагайкай, ксяндзоўскiмi пацеркамi i пятлёй... у якiм праз адсутнасць свежага паветра згасае ўсякае святло — нават лучына».

— А яшчэ 17 чэрвеня 1934 года быў адкрыты спецканцлагер для палiтычных зняволеных у Бярозе‑Картузскай, праз якi прайшлi i некаторыя жыхары Мядзельшчыны, — прыгадаў Аляксей Камолаў. — Жыхары вёсак i мястэчак шчыра спрабавалi дабiцца адкрыцця беларускамоўных школ, аднак гэтыя iнiцыятывы не знаходзiлi падтрымкi ўлад. Наадварот, калi сяляне самастойна арганiзоўвалi вясковыя школы на роднай мове, прадстаўнiкi польскай адмiнiстрацыi iмкнулiся хутчэй iх зачынiць. Палякi прыцяснялi мясцовае насельнiцтва з усiх бакоў. Яркiм эпiзодам народнага абурэння стала паўстанне нарачанскiх рыбакоў.

З'яўленне на Мядзельшчыне Чырвонай армii, якая перайшла польскую мяжу, стала падзеяй неверагодна радаснай. Менавiта тады, ў свой 27‑ы дзень нараджэння, наш Максiм Танк нарэшце на свае вочы ўбачыў савецкiя танкi.

«У Навасёлках мы ўбачылi натоўп сялян, якi вiтаў чырвонаармейцаў i крычаў «ура!» машынам i танкам, якiя праязджалi мiма. Увесь гэты бясконцы паток людзей i не вядомай нам раней тэхнiкi з шумам i грукатам пераможна плыў на захад... Дык вось яна, наша свабода!», — занатаваў паэт у сваiм дзённiку. Набыўшы браўнiнг, ён дапамагаў раззбройваць мясцовых палiцэйскiх i iншых служыцеляў польскай улады, якая адышла ў гiсторыю.

Малады Танк запiсаў у дзённiку: «Але едзем мы насустрач новаму жыццю, якое абяцае быць больш шчаслiвым, больш цiкавым i змястоўным».


Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусi з БССР ён працаваў у сектары нацыянальных школ Вiлейскага раёна, ў аддзеле культуры газеты «Вiлейская праўда». Падчас вайны быў заняты ў франтавым друку — у газеце «За Савецкую Беларусь», агiтплакаце «Раздавiм фашысцкую гадзiну». У 1945—1948 гадах — рэдактар сатырычнага часопiса «Вожык». У 1948–1966‑м — галоўны рэдактар часопiса «Полымя». Высокiя чалавечыя якасцi i творчыя здольнасцi прынеслi яму прызнанне, ганаровае званне народнага паэта Беларусi, Героя Сацыялiстычнай Працы, лаўрэата Сталiнскай, Ленiнскай i многiх iншых прэмiй.


Але пры гэтым паэт заставаўся абсалютна сцiплым чалавекам i завяшчаў быць пахаваным на радзiме, на вясковых могiлках. Лепшыя вершы Танка, яго шчырая любоў да Беларусi ды бясконцы клопат аб лёсе землякоў — сапраўдны скарб нашай нацыi. I сучасныя землякi класiка гэтым ганарацца. Адна з цэнтральных у Мядзелі — вулiца 17 Верасня, а з 2018 года iмя Максiма Танка носiць раённая бiблiятэка. Сённяшнi Мядзел — утульны i каларытны райцэнтр, дзе шануюцца традыцыi i роднае слова. Менавiта пра такую будучыню для сваiх нашчадкаў марыў паэт.

rovdo@sb.by

Андрей МУКОВОЗЧИК
Андрей МУКОВОЗЧИК
Не доводить до греха