«Дарогамі Максіма Танка»

РЭСПУБЛІКАНСКАЕ свята «Я сэрцам пісаў сваю кожную песню…», прысвечанае юбілею Максіма Танка, адбылося ў Мядзелі ў мінулыя выхадныя. Намеснік дырэктара мясцовай Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Таццяна НЫРЦОВА, якая прымала актыўны ўдзел у яго арганізацыі, распавяла, як усё адбывалася…

Учора ў Беларусі адзначалі юбілей народнага паэта

РЭСПУБЛІКАНСКАЕ свята «Я сэрцам пісаў сваю кожную песню…», прысвечанае юбілею Максіма Танка, адбылося ў Мядзелі ў мінулыя выхадныя. Намеснік дырэктара мясцовай Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Таццяна НЫРЦОВА, якая прымала актыўны ўдзел у яго арганізацыі, распавяла, як усё адбывалася…

Пачалося свята а дзясятай гадзіне з ускладання кветак да магілы Максіма Танка ў вёсцы Новікі. Затым свята перамясцілася ў Мядзел. У гонар пісьменніка цяпер там стаіць камень, прысвечаны яго юбілею.

Урачыстае гашэнне паштовай маркі, выпушчанай да 100-годдзя Максіма Танка, правялі міністр культуры Беларусі Павел Латушка, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Шчэцька, старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Даніленка разамз намеснікам генеральнага дырэктыра РУП «Белпошта» Юрыем Ізюмавым.

Дарэчы, па матывах твораў Максіма Танка ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла выстава кветкавых кампазіцый. «Але кампазіцыі былі не толькі з кветак. Бібліятэкары раёна, удзельнікі выставы — творчыя людзі, і іх фантазія была неймавернай! Тое, што ў іх асацыявалася з творамі паэта, знайшло адлюстраванне ў працах.

Удзельнікі свята маглі пабачыць фотаздымкі, звязаныя з жыццём Яўгена Скурко (сапраўднае імя юбіляра), падчас выставы па выніках фотапленэра «Дарогамі Максіма Танка». Былі прадстаўлены фотаработы аўтараў з мінулага, а таксама здымкі сучаснікаў. Тут і Вілейшчына, і радашковіцкія краявіды, і Мядзельшчына — месцы, дзе ступала нага паэта.

Яркай падзеяй стала і прэзентацыя кнігі «Усё жыццё я не любіў растанняў…». Святлана Чарняўская, дырэктар Музея народнай славы ў Мядзелі, сабрала ў кнізе ўспаміны сына паэта, літаграфіі мастака Васіля Шаранговіча, вершы сучаснага паэта Міколы Шабовіча…

Актыўны ўдзел у святкаваннях прынялі выхаванцы Цэнтра дзіцячай творчасці. Падчас пленэра дзеці прадстаўлялі свае малюнкі, якія былі звязаны з жыццём народнага паэта, выступалі на свяце і дзіцячыя фальклорныя калектывы.

Скончылася святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка выступленнем Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята».

Вікторыя КОРШУК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter