Александр Рынкевич прославился на Миорщине своими благотворительными делами

Дараваны код самаахвярнасці

Для чаго мы робім добрыя справы? Нехта для пафасу, самазадавальнення, людскога прызнання, удзячнасці… Нехта ўпотай верыць, што дабрыня вернецца двойчы, а то і больш. Хтосьці — ад шчырага сэрца і не чакае ўзнагарод. Навуковы супрацоўнік Міёрскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Аляксандр РЫНКЕВІЧ займаецца дабрачыннасцю, ініцыіруе многія конкурсы і акцыі, дорыць уласныя выставы музею, каб штосьці зрабіць не толькі для сябе. Малады чалавек ставіць перад сабой мэту, абдумвае і ажыццяўляе. «Богаўгоднай справе заўсёды быць! Я ў гэтым перакананы», — расказвае пра новыя перамогі Аляксандр. Не так даўно ён задумаў паставіць памятную пліту воінам арміі Андэрса, у якой на подступах да Рыма змагалася і палягло шмат беларусаў, у тым ліку міярчан. Знаёмыя, радня, сябры ідэю падтрымалі — і менш чым за месяц сабралі сродкі, памятная пліта гатова, засталося атрымаць афіцыйны дазвол на ўсталяванне ад Міністэрства культуры. А 18 мая, да 75-годдзя бітвы пад Монтэ-Касіна, Аляксандр Рынкевіч з таварышамі-аднадумцамі зладзілі ў музеі выставу, прысвечаную землякам.


Выйшла ўсё пазнавальна і цёпла. Сабралася мясцовая грамадскасць, духавенства, краязнаўцы міёрскія і латышскія, нашчадкі герояў бітвы пад Монтэ-Касіна. Раскрыў некаторыя факты мясцовы гісторык Вітольд Ермалёнак. Аказваецца, у армію Андэрса трапіць было няпроста. Многія сталі ў яе запісвацца, бо хацелі вырвацца са страшных сібірскіх лагераў. Савецкі ўрад загадаў не браць у яе беларусаў, украінцаў, ды, нягледзячы на гэта, туды ўступілі тысячы землякоў, былі ў ёй і насельнікі былога Дзісенскага павета, у складзе якога знаходзіліся і Мёры. 

— Гэтая выстава — мая даўняя мара, — раскрывае патаемнае Аляксандр Рынкевіч. — Да таго ж неяк у музей зайшоў Павел Лутохін, які мае карані ў Шаркаўшчыне, а жыве ў Санкт-Пецярбургу. Сумесныя жаданні абагуліць звесткі аб падзеях пад Монтэ-Касіна супалі, бо нашы дзяды ваявалі ў адной дывізіі гэтай арміі. Да ідэі далучыўся аднадумец Арцём Сухойда. Паднялі асабістыя архівы, падзяліліся па­мяц­цю нашчадкі герояў тых ча­соў. У выніку атрымалася экспазіцыя з дакументамі, фо­та­здым­камі, узнагародамі, пісь­ма­мі, ваеннымі білетамі, рэчамі сал­дат… А памятная пліта будзе першай у Беларусі.

Аляксандр Рынкевіч шчыра верыць у Бога і сваю веру паказвае на справах. Тры гады служыць панамаром у міёрскай царкве. Не чакаў, што прапануюць, проста часта хадзіў у храм — і заўважылі. З радасцю пагадзіўся. Напачатку было цяжкавата, бо трэба ж ведаць усе каноны, іх паслядоўнасць. З часам у свядомасці выпрацавалася сістэма, з якой намнога лягчэй.

У лёсе Аляксандра Рынкевіча адметна, што раз і назаўсёды зму­сіла яго да пераацэнкі каш­тоў­нас­цей і стала найлепшай школай жыцця сур’ёзная хвароба, якая патрабавала транс­плантацыі клетак коснага мозгу. Донара знайсці вельмі складана, бо яго ДНК павінна цалкам супадаць з кодам хворага. 

Сярод родных такога не аказалася, носьбіта ідэнтычнай клеткі адшукалі ў Германіі. І 8 мая 2008 года, замест таго каб радавацца бесклапотнай школьнай пары і рыхтавацца да выпускных экзаменаў, Саша перанёс складаную аперацыю.

Звычайна, перажыўшы такія сур’ёзныя цяжкасці, людзі паварочваюцца да Бога. У іншых пасля трансплантацыі чужой клеткі адкрываюцца новыя здольнасці. У Аляксандра Рынкевіча супала адно і другое: стаў шчырым вернікам і ўсур’ёз зацікавіўся Вялікай Айчыннай вайной.

— Хоць дагэтуль гісторыяй абсалютна не займаўся, а тут раптоўна пачаў перабіраць пра­ба­бу­ліны ўзна­гароды, фо­та­здым­кі. І пайшло-паехала… Можа, дзіўна прагучыць, але я вельмі рады, што перахварэў. Па Божым пісанні, калі чалавек хварэе — яго наведвае Бог. Мяне ён наведаў і перабудаваў жыццё. А так невядома, хто б з мяне вырас, — задумваецца Аляксандр.

Падараваная музею асабістая калекцыя займае ў ім цэлы пакой. Дакументы, узнагароды, фо­та­здымкі, савецкія і нямецкія рэчы-сведкі вайны: біклагі, праж­кі, лыжкі, бляшанкі, по­пель­ніцы, партсігары… Некато­рыя рэчы для так званага анту­ражу ўтрапёны музейшчык змай­стра­ваў сам: імітацыю ня­мец­кага крыжа, што стаяў на пахаваннях, указальнікі часоў Вялікай Айчыннай, бочку-капсулу часу, вялізны картонны рупар, які вяшчае пры дапамозе прыладжанага дынаміка. Памятныя рэчы свайго дзядулі, удзельніка бітвы на Курскай дузе — на захоўванне ў міёрскі музей перадала нават доктар з Мінска, якая лячыла Сашу. 

Яны, дарэчы, сябруюць сем’ямі. У Аляксандра цу­доў­ная сям’я. Жонка Каця­рына працуе карэспандэнтам у рэ­дак­цыі міёрскай газеты. Па­зна­ёміліся, як прынята казаць, па волі выпадку. Журналістка шукала, пра каго напісаць з маладых людзей. Знаёмая параіла таленавітага музейшчыка і дала яго нумарок. Перш чым рэдакцыя з ім звязалася, Саша сам ту­ды прыйшоў паказаць свае вер­шы.

— Калі размінуліся з Кацяй у дзвярах, я адразу адчуў яе прыцягальнасць. Праз паўгода ажа­ніліся.

Кацярына раздзяляе з мужам яго захапленні, удзельнічае ва ўсіх яго праектах, бо мудрая і ведае цану дабрыні.

— У нас дома таксама ёсць міні-музейчык з самымі дарагімі сямейнымі рэчамі, рэліквіямі. Напрыклад, ікона Мікалая Цудатворца, якая перадаецца ў мужавай радні з пакалення ў пакаленне. Захоўваем і рэчы ваеннай акопнай творчасці, — прыадхінае завесу даўніны Кацярына.

Да леташняга Дня Перамогі Аляксандр і Кацярына сшылі сабе ваенную форму, якую апраналі на святочнае гарадское шэсце. Акурат тады распачалі сумесную з культработнікамі маш­таб­ную акцыю «Беларусь па­мя­тае».

— Уражвае, што ў кожнага героя свая гісторыя. Напрыклад, ветэран Павел Ануфрыевіч Грынкевіч вайну прайшоў без ранення, а ў мірным жыцці яго забілі рабаўнікі. Мае прадзеды Ерамеевы ў 1951-м высланы ў Сібір з канфіскацыяй маёмасці. Вярнуўшыся на малую радзіму ў Мілейкі, спачатку жылі ў хлеве, хоць былі прапановы пераехаць у Польшчу. Другі мой дзед трапіў у лагер замест малодшай сястры, вярнуўся з калецтвамі. Дзякуючы яму сястра з сям’ёй выжыла. Здзіўляе, як нашы прадзеды вытрымалі пекла, ра­зам з тым умелі радавацца жыццю і большасць з іх дажылі да глыбокай старасці, — усцешваецца прыкладам ветэранаў Аляксандр Рынкевіч.

І сам ён для многіх прыклад: душэўнасці, самаахвярнасці, ста­ран­ня, актыўнасці. Яго доб­рых спраў літаральна не пе­ра­лі­чыць. Згуртаваў вакол ся­бе праваслаўную моладзь Міёрш­чыны, вядзе для іх старонку ў сацыяльным сеціве, збірае на злёты і мерапрыемствы. Разам віншуюць ветэранаў, праводзяць акцыі.

Стварыў Аляксандр у сеціве і суполку для рыбакоў. Ён і сам ахвотна вудзіць, адпаведныя тур­ні­ры сталі для яго сапраўднай аддушынай. Сам іх арганізоўвае, збірае ўдзельнікаў, закупляе пры­зы. Праводзіць конкурс на леп­шае фота з трафеем.

Чалавек дзейнічае датуль, пакуль жыве мара. Наступная задума Аляксандра Рынкевіча — арыгінальны памятны знак вяз­ням вайны. У гонар другога дзеда, які пакутаваў у нямецкім лагеры.

Няма сумнення, у Аляксандра Рынкевіча яшчэ многае атрымаецца.

Алена БАСІКІРСКАЯ — спецыяльна для «СГ».

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter