Народная газета

Дапамога прыходзіць па адрасе

Паштальёна Алесю Струкіну з нецярпеннем чакаюць у кожным доме

Сёння, у эпоху інтэрнэту, газеты і часопісы па-ранейшаму запатрабаваныя. Паштальён у любым малым населеным пункце — чалавек вядомы і паважаны. Алесю Струкіну добра ведаюць у Дрыбіне. Участак работы ў яе вялікі. Забраць за адзін раз усе лісты і газеты, якія трэба даставіць адрасатам, вядома, не атрымліваецца, прыходзіцца, пасля таго як разнясе частку пошты, вяртацца па чарговыя пачкі. Увогуле за дзень яна праходзіць прыкладна дзесяць кіламетраў, каб паспець больш як да 600 адрасатаў. Шэсць гадоў таму, калі толькі пачынала працаваць, ногі пад вечар гулі, але паступова яна прывыкла.

Мы ідзём з ёй па Дрыбіне. У ранішнія гадзіны ў гарадскім пасёлку пуста. Дзеці ў школе, дарослыя на працы, ды і пенсіянераў цяпер не заспееш дома. Гарачая пара. Да таго ж чацвер — кірмашовы дзень, адзіны на тыдні, калі на мясцовы рынак з’язджаюцца прадпрымальнікі адусюль: з Горак, Магілёва, Мсціслава. У мясцовых жыхароў з’яўляецца выдатная магчымасць нядорага купіць нешта вельмі патрэбнае або асаблiва моднае. І многія гэтай магчымасцю карыстаюцца.

І ўсё ж Валянціну Эдуардаўну Маркіну, якая жыве на вуліцы Якубоўскага, 2, мы заспелі дома.

Пенсіянерка вельмі радуецца прыходу ўсмешлівай маладой жанчыны з паштовай сумкай. Яна распавядае карэспандэнту “НГ”:

— Ведаю Алесю з дзяцінства, мы ж з ёй жывём недалёка адна ад адной. Хочацца бачыць яе часцей, каб пагутарыць. Так што пенсію атрымліваю ў яе наяўнымі, а не на картку, мне так зручней. А наогул нам вельмі пашанцавала з паштальёнам: нават, каб выпісаць газеты, нікуды ісці не трэба, сама ўсё аформіць і прынясе квітанцыі.

Дзяўчыну сапраўды любяць на ўчастку, асабліва добрыя, сяброўскія адносіны ў яе склаліся са старымі і бабулькамі. Нядаўна Алеся перанесла аперацыю, і ўвесь час, пакуль ляжала ў бальніцы, ёй тэлефанавалі і на мабільнік, і ў аддзяленне, каб даведацца пра здароўе, тыя, каму яна прыносіць пошту. Алеся ўспамінае, што ў першыя дні пасля аперацыі, калі яшчэ з цяжкасцю перасоўвалася, дайсці да стацыянарнага тэлефона для яе было вялікай праблемай, але ўсё роўна такая ўвага з боку землякоў цешыла.

Зрэшты, на яе ўчастку жывуць у асноўным людзі працаздольнага ўзросту, пажылых не так ужо і многа. Алесі вельмі шкада, што пайшлі ўжо з жыцця амаль усе мясцовыя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Вось і Бандарукоў, мужа і жонкі, з вуліцы Савецкай, 5 больш за год таму не стала, памерлі літаральна адзін за адным. Праўда, дажылі да глыбокай старасці, абодвум было за 90. Да апошніх дзён вялі актыўны для свайго ўзросту лад жыцця, цікавіліся навінамі, выпісвалі рэспубліканскія газеты і “раёнку”.

Уласна кажучы, апошняя ўдзельніца вайны, якая ў мінулым годзе адзначыла сваё стагоддзе, жыве на вуліцы Зялёнай. Ды і то бабуля гэтая нетутэйшая — тры гады таму, калі стала зусім слабае здароўе, пераехала з іншага раёна да пляменніцы, і тая яе, інваліда па зроку, даглядае.

Жыццё Алесі склалася так, што ў свае 29 гадоў яна ў сям’і старэйшая і галоўная. Паўтара года таму памерла мама: пасля аварыі, у якую трапіла, доўга хварэла, лячылася, але чэрапна-мазгавая траўма моцна падарвала здароўе, скакаў ціск, у выніку — інсульт. З бацькам мама даўно развялася і ніколі не мела зносін, горда адмовіўшыся нават ад аліментаў.

Зараз Алеся жыве ў двухпакаёвай кватэры на вуліцы Якубоўскага з 9-гадовым сынам Данілам, 12-гадовай сястрычкай Таццянай, над якой аформіла апеку, і 20-гадовым братам Ігарам.

Зарплата Ігара (ён працуе грузчыкам) хаця і невялікая, але таксама для сямейнага бюджэту дапамога. Бо пачуццём уласнай годнасці Алеся пайшла ў маму, і колькі ёй ні прапаноўвалі звярнуцца па адрасную дапамогу, слухаць не хоча. Кажа: “Рукі ёсць, сама зараблю”.

На пытанне, як яна ўсё паспявае, бо клопат пра дзяцей займае шмат часу, з усмешкай адказвае:

— Але ж яны ў мяне не немаўляты, растуць адказнымі, да майго вяртання з працы, як правіла, заўсёды самі выканаюць усе дамашнія заданні, мне застаецца толькі праверыць. Так што яшчэ паспяваем пасля вячэры разам паглядзець тэлевізар, а ў цёплую пару года стараемся часцей бываць на свежым паветры, гуляем, часам адпраўляемся на экскурсіі ў Магілёў ці Горкі.

А вось прысядзібным участкам сям’я не абзавялася, гародніну і садавіну купляюць на рынку і ў магазіне.

Алеся ўпэўнена, што ёй вельмі пашанцавала з месцам жыхарства: Дрыбін ціхі, спакойны, сімпатычны гарадок, людзі тут добрыя і амаль усе адзін аднаго ведаюць. Так што зусім небоязна адпускаць дзяцей у школу без суправаджэння дарослых: тут амаль няма злачыннасці, мясцовыя жыхары і не чулі пра наркаманію, іграманію. Гэта вельмі важна.

Вядома, у 29 гадоў часам хочацца параіцца па жыццёвых пытаннях з кімсьці больш дасведчаным і мудрым. На шчасце, гэта можна зрабіць на працы, калектыў вельмі дружны. І яшчэ менавіта з-за адсутнасці ўласных дзядуль і бабуль Алесю, напэўна, і цягне да старых, што жывуць на яе шырокай тэрыторыі, хочацца акружыць іх клопатам, увагай і адчуць у адказ цяпло, радасць, падзяку.

Алеся пералічыла мне ўсе перавагі прафесіі паштальёна:

— Пастаянна маеш зносіны з людзьмі, а гэта цікава. Прыемна ўсведамляць, што прыношу ў кожны дом радасць — доўгачаканую газету або грошы: пенсіі, дэкрэтныя. Да таго ж мне значна больш падабаецца заўсёды быць у руху, чым сядзець на адным месцы, нават у снег або дождж прыемна прайсціся пешшу, і для здароўя карысна.

Начальнік Дрыбінскага гарадскога аддзялення паштовай сувязі Валянціна Міначэнка так гаворыць пра Алесю:

— Добры працаўнік, вельмі шчырая, добрасумленная, спагадлівая, адказна ставіцца да сваіх абавязкаў.

А начальнік Горацкага раённага вузла паштовай сувязі Галіна Савянок успамінае:

— Алеся прыйшла да нас зусім маладой. Спачатку мы сумняваліся: справіцца ці не? Але яна аказалася талковай і працавітай, усяму вельмі хутка навучылася, доўгі час абслугоўвала адразу два ўчасткі, працавала часам да позняга вечара. Яна і сёння не лічыцца з асабістым часам, калі трэба, бярэцца абслугоўваць і свой участак, і калегі, якая захварэла, можа па просьбе жыхароў горада прыйсці да іх вечарам пасля работы, каб аформіць падпіску. Калектыў у нас дружны, добры, і Алесю мы ўсе палюбілі.

Калі нядаўна ляжала ў бальніцы (зараз пра гэта прыгадвае з усмешкай), — не паспела адысці ад анестэзіі пасля аперацыі, як запатрабавала, каб дактары адпусцілі яе на працу: “Вельмі трэба”.

irina_mendeleva@mail.ru

Фота аўтара

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?