Дапамагчы адолець боль

У Гомелі з’явіўся новы апёкавы цэнтр, разлічаны на 50 ложкаў

У Гомелі з’явіўся новы апёкавы цэнтр. Двухпавярховы будынак цэнтра тэрмічнай траўмы (яго афіцыйная назва) плошчай каля 5 тысяч «квадратаў» вырас на месцы былой паліклінікі «Гомсельмаша» ў Гомелі.

— Штогод на Гомельшчыне рэгіструецца каля тысячы чалавек, якія пацярпелі ад тэрмічных траўмаў, абмаражэнняў, апёкаў і раневых інфекцый, да 30 працэнтаў з іх — дзеці, — зазначае начальнік упраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Мікалай Васількоў. — Стварэнне цэнтра і камплектаванне яго найноўшым абсталяваннем дазваляюць аказваць медыцынскую дапамогу на самым сучасным узроўні, праводзіць высокатэхналагічныя рэканструктыўныя і пластычныя медыцынскія аперацыі.

Прафесіяналізм медыкаў не выклікае сумненняў: з 700 аператыўных умяшанняў, звязаных з тэрмічнымі траўмамі, каля чвэрці ў апёкавым аддзяленні — высокатэхналагічныя.

— Нашы хірургі, да прыкладу, аднымі з першых у рэспубліцы пачалі выконваць раннюю некрэктамію, або выдаленне нежыццяздольных тканак, з адначасовай дэрмапластыкай, — дадае галоўны ўрач гарбальніцы № 1 Алег Ядранцаў.

Новы корпус цэнтра разлічаны на 50 ложкаў, на яго будаўніцтва выдаткавана каля 36 мільярдаў рублёў. Амаль 12 мільярдаў з іх патрачана на хірургічнае, наркозна-дыхальнае абсталяванне, апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, спецыяльныя сродкі для аператыўных умяшанняў.

— Выкарыстанне аўтаматычных аналізатараў істотна паляпшае аператыўнасць і дакладнасць гематалагічных даследаванняў, апрача таго змяншае выдаткі і час на правядзенне біяхімічных аналізаў крыві. Да гэтага мы іх рабілі ўручную, выкарыстоўваючы спектрафатометры з вялікай колькасцю нятанных рэактываў, — не хавала задавальнення ў размове з карэспандэнтам «Р» урач лабараторнай дыягностыкі Анастасія Цярэшчанка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter