Прэзентаваць кнігу “Мае карані” і адзначыць 80-гадовы юбілей на радзіме продкаў Зянона Сабчук прыляцела з Аргенціны

Далёкія зоркі Бацькаўшчыны

Прэзентаваць кнігу “Мае карані” і адзначыць 80-гадовы юбілей на радзіме продкаў Зянона Сабчук прыляцела з Аргенціны


Пра гісторыю сваёй сям’і Зянона Сабчук напісала кнігу
Фота: Кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ

На прэзентацыі кнігі “Мае карані” ў мінскім Доме дружбы Зянона Сабчук, аргенцінка з беларускімі родавымі каранямі казала: пабываць на радзіме продкаў марыла з дзяцінства. Дачка эмігранта Канстанціна Арцюха з вёскі Катмінаўцы, што пад Баранавічамі, шмат ведае пра краіну з аповедаў бацькі: пра сям’ю, побыт, заняткі, традыцыі, святы. Пра тое і напісала ў кнізе, а яшчэ — пра сваіх дзяцей і ўнукаў з горада Абэра, што ў правінцыі Місьёнэс. Дарэчы, для іх і стварала мемуары: каб ведалі, хто яны і адкуль. Вокладку ж да кнігі з беларускай бярозкай малявала ўнучка аўтаркі Вікторыя: разам са сваёй цёцяй Сільвіяй (дачкой Зяноны) юная мастачка і суправаджала бабулю ў вандроўцы па Беларусі.

Выкладчык іспанскай мовы МДЛУ Мікола Ляніўка, які рабіў пераклад кнігі Зяноны Канстанцінаўны на рускую мову, адзначаў: “Выдатна напісана пра вёску, хату, родных… Калі б сам не ведаў, то не паверыў бы, што аўтарка не жыла ў Беларусі”. А яна ж толькі бывала тут. Упершыню — у 1987-м, калі па лініі Чырвонага крыжа знайшліся родныя ў Беларусі: дзеці ды ўнукі малодшай сястры бацькі Зінаіды, у гонар якой і названая Зянона (толькі на аргенцінскі лад). Тады ж госця пабывала ў таварыстве “Радзіма”, пазнаёмілася з Галінай Навіцкай. Дагэтуль перапісваюцца, Галіна Аляксандраўна дасылае заакіянскай сяброўцы рэцэпты беларускіх страў, дапамагае ладзіць сустрэчы з Бацькаўшчынай. Вось і гэтую яны арганізоўвалі разам.

Зянона Сабчук бывала ў 90-х на адным са з’едаў беларусаў свету ў Мінску, у 2008-м завітала ў Мала-дзечна. І дзякуючы яе намаганням гэты беларускі горад стаў пабрацімам аргенцінскага Абэра. Сёлета ж супляменніца планавала наведаць вёску бацькі Катмінаўцы і разам з роднымі адзначыць 80-я ўгодкі. На сустрэчу з цёцяй у Мінск з Баранавіч прыехала пляменніца спадарыні Зяноны. Казала: яе бацька Аркадзь шмат год таму бываў у Аргенціне, надзвычай уразіла яго чырвоная зямля таго кантынента… Дарэчы, менавіта зямля і вабіла на пачатку мінулага стагоддзя перасяленцаў з многіх краін, у тым ліку і з Беларусі. Амаль месяц, з 31 сакавіка па 22 красавіка на параходзе дабіраўся Канстанцін Адамавіч Арцюх да Амерыкі. Ды й не ведаў, што патрапіць у Паўднёвую… З сабой вёз невялікі чаманданчык з рэчамі ды Евангелле. Тую спадчыну, што стала сямейнай рэліквіяй, захоўвае сёння дачка Зяноны Сільвія.

А зямлю Канстанцін Арцюх за акіянам атрымаў: 25 гектараў сельвы — субтрапічных джунгляў… Аднак працаваў наш зямляк, не шкадуючы сіл. Пабудаваў дом, стварыў ферму. Ажаніўся з дачкой украінца, якая нарадзілася ўжо ў Аргенціне. У сям’і іх было тры дачкі: Ліза, Соня і Зянона. Дружная сям’я і ў самой Зяноны: выйшла замуж за хлопца з украінскімі каранямі, выгадавала двух дачок і сына, цяпер у яе пяць унукаў, ёсць і праўнукі. Дарэчы, яе дачка Сільвія, спявачка, гадоў 20 таму бывала ў Беларусі, удзельнічала ў “Славянскім базары”. На гэты раз і ў Доме дружбы выканала пад гітару некалькі песень, прысвечаных маці, Аргенціне.

Чакаў Зянону Канстанцінаўну ў Мінску сюрпрыз: на прэзентацыю яе кнігі з Полацка прыехала аўтарка праекта “Полацкі абярэг” Ніна Ярмух з Народнага клуба лапікавага шытва “Рошва”. Як вядома, у стварэнні абярэга паўдзельнічалі многія беларусы замежжа. У сімвалічнай ахоўнай тканіне ёсць і “аргенцінскі кавалачак”: вышыты беларускі арнамент, а над ім — бутэлька з чырвонай зямлёй з Аргенціны. Цяпер вось Ніна Ярмух зрабіла падарунак Зяноне — вышываную хустку з беларускага лёну.

Шмат расказвала Зянона Сабчук пра сучасны прыгожы Абэра. Агульнымі намаганнямі будавалі яго рускія, беларусы, чэхі, палякі, італьянцы... Шматнацыянальны горад: больш за 130 000 жыхароў, больш за 30 храмаў розных канфесій. Ён другі па велічыні ў правінцыі Місьёнэс, знакаміты ўнікальным паркам інтэрнацыянальнай дружбы: там кожная эмігранцкая суполка пабудавала дом-музей у нацыянальным стылі. Штогод ладзяць фестываль прыгажунь у нацыянальных касцюмах. Узгадвала супляменніца і тое, як бацька яе любіў глядзець на зоркі: “Памятую, тата казаў: “У Беларусі зоркі далёка відаць…” Я яго не разумела, а цяпер бачу: сапраўды, далёка”.

Шмат год з неверагоднай сілай вабіць да сябе аргенцінскую беларуску Зянону Сабчук зямля продкаў І хоць яна з усмешкай кажа, што жыццё — рэч складаная, і дом яе — за тысячы кіламетраў ад мілых сэрцу мясцін, усё ж у яе беларускага мінулага можа быць працяг. Унучка Вікторыя, якая ўпершыню пабывала ў Беларусі, казала: “Я б хацела пераехаць жыць у Беларусь ці, прынамсі, вучыцца тут!”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter