Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сялянскі сын з Брэстчыны, з вёскі Зарытава Ляхавіцкага раёна, быў адным з першых беларускіх чыгуначнікаў у сваім краі

Далягляды Петрыка Таранды

П. Таранда. Даваенны здымак
ра вайну мы, пасляваенныя дзеці, ведаем у асноўным з літаратурных твораў ды мастацкіх кінафільмаў. Ёсць яшчэ жывыя сведкі даўніх падзей, але ўсё менш іх сярод нас. І ўжо не сакрэт сёння: многае з таго, што перажылі яны, у савецкі час не прынята было “выносіць на людзі”. Так і пайшлі, панеслі з сабою свае “ваенныя тайны”, душэўныя пакуты, якімі, што хаваць, і падзяліцца часта не было з кім. Тым больш каштоўныя, падаецца мне, дакументальныя сведчанні-аповеды ўдзельнікаў вайны пра тую вялікую трагедыю, запісаныя ў постсавецкі час.

У гэтых нататках я раскажу пра тое, што даведаўся пра пачатак вайны ад роднага дзядзькі, Петрыка Таранды, якога ведаў з маленства. Ён прыязджаў у 60—80-я гады да брата Івана, майго бацькі, ды іншых родзічаў у вёску Зарытава з Баранавіч, дзе жыў пасля вайны. Па малалецтве, дый школьнікам, студэнтам пагаварыць з ім неяк не выпадала. Помніцца, парываўся дзядзька шчыра пагутарыць са мной, калі спаткаліся мы ўлетку 2001-га. Стары ўжо быў, 80 гадоў, і зусім сляпы. Дзядзька Петрык лічыў, што пражыў хоць нялёгкае, ды вельмі цікавае жыццё, пра якое можна было б апавядаць доўга-доўга. І яму, пэўна ж, таго хацелася. Ды побач неадступна сядзела цётка Шура, ягоная жонка: пры ёй хіба раскажаш падрабязнасці з халасцяцкай маладосці? А Пётр Пятровіч быў хлопцам высокім, прыгожым — падабаўся дзяўчатам, якіх і сам увагай не абыходзіў. Нават за гады вайны, казаў, у яго нарадзіліся двое дзяцей, якія засталіся без бацькоўскае ласкі. Магчыма, разважаю над ягоным лёсам, інстынктыўна хацелася чалавеку пакінуць след на зямлі ў той час, калі ўсё ляцела ў прорву, і тысячы людзей гінулі штодня — як мухі...

Пётр Таранда (трэці справа) з ветэранамі ў пасляваенны час
У дваццаць гадоў Петрык Таранда перажыў такое, ад чаго, як кажуць, можа “паехаць дах”. Ён быў адным з першых беларускіх чыгуначнікаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі: з равеснікамі з Баранавічаў, Лунінца, Ганцавічаў, Бярозы-Картузскай ды іншых мясцін Брэстчыны ў 1940-м (навучанне было са студзеня па красавік) закончыў “курсы сярэдне-тэхнічнага персаналу Заходніх чыгунак” (група нарміроўшчыкаў-паравознікаў) пры Ленінградскім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту (у савецкі час вядомы як ЛИИЖТ). Каму тое цікава — зберагаецца ў мяне калектыўная фатаграфія таго выпуску, на якой 19 курсантаў і 9 выкладчыкаў. Добра, у дэталях памятаў дзядзька Петрык самы пачатак вайны. 21 чэрвеня 1941 года ён, памочнік машыніста, вяртаўся пад вечар у Баранавічы з Брэста, дзе яны з тыдзень рабілі пад’ёмачны рамонт паравоза. Казаў, і ездзіў ён у асноўным перад вайной да Брэста, бо трэба было тады, каб задобрыць Германію, адпраўляць туды пшаніцу й метал. Здалі яны паравоз, памыліся ў дэпо ды пайшлі адпачываць. А прачнуўся ён ад бамбёжкі Баранавічаў. Пасыльная прынесла павестку, каб хутчэй ляцеў у дэпо.  

Немцы ж ведалі, што бамбіць: побач на аэрадроме ўжо гарэлі самалёты, а на чыгунцы — вадакачка, склады. Заставаўся цэлым апошні паравоз, да якога каля Мінскага сарціровачнага парка прычапілі састаў. Вагоны былі загружаны дакументамі з Брэст-Літоўскай чыгункі, савецкімі работнікамі ды іх жонкамі-сем’ямі, а таксама яўрэямі, якія не хацелі трапіць у рукі фашыстаў, бо ўжо добра ведалі, што з імі будзе. Рушылі на Мінск. Ехалі людзі й на даху, на бамперах цягніка. Машыністам, згадваў дзядзька, быў Мілаванаў, а памочнікамі яшчэ Сенька Навумовіч і Ніна Квяткоўская. Ужо ў Пагарэльцах Петрык сказаў Мілаванаву: вёска родная побач, памочнікаў дастаткова — то можа яго адпусціць дахаты? Але ж і сябра Навумовіч сказаў, што й да яго вёскі недалёка, то машыніст нікога й не адпусціў. Значыць, не доля была Петрыку вярнуцца тады ў Зарытава...

Пётр Таранда пасля вайны
Каля Стоўбцаў не паспелі праскочыць мост цераз рэчку Ушу: там нямецкі самалёт пашкодзіў палатно. Але наперадзе ішоў цягнік з рамонтнай брыгадай, і мост паправілі за 4 гадзіны. Па загадзе машыніста пасажыры нанасілі з рэчкі вады для катла паравоза — і рушылі далей. Пад вечар толькі дабраліся да Койданава, станцыя была поўнасцю забіта цягнікамі. Раптам пацямнела, бо на Мінск з моцным гулам ляцела хмара нямецкіх самалётаў-бамбардзіроўшчыкаў. З Койданава добра чуваць было, як бамбілі Мінск. З тых жа самалётаў, як вярталіся назад, абстрэльвалі й цягнікі. Усе вельмі ўзрадаваліся, калі два савецкія самалёты дагналі й пасадзілі нямецкі, у якім былі два лётчыкі й жанчына.

Праз Мінск цягнік ішоў вельмі марудна, без усялякіх сігналаў. Горад гарэў: то было суцэльнае вогнішча й дым. Ехалі праз агонь, эшалон за эшалонам, гадзіны дзве. І нават калі ад’ехалі кіламетраў на дваццаць ад Мінска, то зарыва ад пажараў над горадам было яшчэ добра відаць.

Станцыя ў Воршы была запоўнена цягнікамі, якія там жа й гарэлі, бо зверху сыпаліся бомбы. Камандаваць паравозам узяліся ваенныя: трэба было расцягваць саставы, якія гарэлі. У часе тых рэзкіх манеўраў ад перанапругі на калёсах утварыліся “залысіны”, і начальнік станцыі Заслонаў накіраваў паравоз на рамонт у Віцебск. Адрамантавалі за суткі. Немцы бамбілі й Віцебск, да Воршы вярталіся ўлегцы, там прычапілі новы, адправілі на Вязьму. І вадзілі Петрык Таранда з таварышамі эшалоны на Смаленск, Тулу, Маскву, Калугу. Да лініі фронту падвозілі салдатаў, а ўглыб краіны вывозілі абсталяванне заводаў і фабрык.

Лёгкіх паездак, згадваў дзядзька, не было. На тэрыторыі Смаленшчыны нямецкія самалёты рэгулярна бамбілі цягнікі. Каля Дарагабужа, напрыклад, у рэчку трапіў састаў цягніка. Пабеглі паглядзець: як там што? Ад прамога пападання бомбы ў паравоз кожная шруба была зрэзана, як напільнікам, а сцены былі гладкія, быццам адшліфаваныя. І толькі засохлыя чалавечыя кішкі на тых сценах, а на іх мухі... Пасля жудасці, што ўбачылі там, Петрык і Сенька зразумелі: якой бы дасведчанай ні была паравозная брыгада — гэта брыгада смяротнікаў. І раней ці пазней чакае іх такі ж лёс: быць размазанымі на сценках будкі паравознай... Каб уратавацца, хлопцы вырашылі адгукнуцца на прызыў і пайсці на фронт добраахвотнікамі. Думалі, праўда, што пакуль будуць праходзіць падрыхтоўку, вайна й скончыцца.

Маці Пятра Таранды (справа) з сяброўкай
Лагер добраахвотні­каў, расказваў дзядзька Петрык, быў непадалёк ад Сычоўкі. Народу набралася шмат, у асноўным 20-29-гадовыя хлопцы ды больш старэйшыя рэзервісты. Петрыку загадалі асвоіць кулямёт “Максім”. Аднаго ранку быў загад хутка збірацца, забіраць рэчы. Беглі 10 ці 12 кіламетраў. Спыніліся ў бярозавым гаі ды чулі, як немцы бамбілі той лагер. Потым па Калужскай вобласці рухаліся ў бок Яфрэмава, там салдатаў размясцілі ў царкве й манастыры. Памылі ў лазні, выдалі новае абмундзіраванне.
Немцы, як вядома, на пачатку вайны рваліся адначасова на Кіеў і на Маскву. Каб адцягнуць сілы ворага ад сталіцы СССР, чырвоныя камандзіры вырашылі паказаць яму, быццам плануецца моцная абарона Кіева. Нядаўнім прызыўнікам выдалі рэчмяшкі, вінтоўкі, рыдлёўкі, процівагазы: набіралася грузу кожнаму пуды два. Кулямёт у разабраным выглядзе дапамагалі несці іншыя. Наўмысна паказваліся “раме” (так называлі нямецкі самалёт-разведчык), а затым хаваліся ў лясах ці канавах. Часам па дарозе капалі акопы: каб нашым пры адступленні было дзе заняць абарону. Каб скараціць шлях, у некалькіх месцах пераходзілі рэчкі ў брод. Так дайшлі да Белай Царквы. Камандзіры стараліся паказвацца на вочы салдатаў усё радзей, бо з прадуктамі пачыналіся цяжкасці. Вось і такой была вайна. Але ж ад тых паказных манеўраў небяспека для Масквы не зменшылася, і паступіў загад: павярнуць назад. Дарэчы, калі ў 1961-м быў заснаваны медаль “За абарону Кіева”, то Пётр Таранда яго атрымаў. Меў дзядзька таксама іншыя баявыя ўзнагароды, але якія — цяжка сёння ўстанавіць, бо яны не захаваліся.

Зноўку пешкі накручвалі сотні кіламетраў, дзень за днём. Здаралася, спалі стоячы ў якой-небудзь хаце чалавек па сто. Сяляне па дарозе выносілі прадукты, ды й самі салдаты здабывалі сабе які-ніякі харч, што трапляўся на шляху. Жывёлу тады гналі на ўсход, і пры дарозе часта стаялі поўныя бітоны з малаком. Камандаванне дамаўлялася і недзе здабывала мяса кароў і свіней. Салдаты дапамагалі жанчынам і дзецям з уборкай ураджаю — пэўна, гэта ў жніўні. Касілі, малацілі ды ішлі далей. Над калонай, помніў дзядзька, стаяла густая пара ад поту, ад нямытых целаў ішоў смурод.

У Тульскай вобласці, у Малым Яраслаўцы, начавалі яны неяк у двухпавярховых дамках, дзе раней, казалі, жылі дзеці з Іспанii. Старэйшых камандзіраў не было, а малодшыя й не ведалі, куды тыя падзеліся. І тады якраз немцы з самалётаў пачалі скідваць ліcтоўкі, у якіх гаварылася, што салдаты акружаныя, што Масква ўжо здадзеная, і калі хто здасца добраахвотна, то будзе дастаўлены дахаты. А потым і гітлераўцы прыехалі — на машынах, матацыклах. Прычым не стралялі, хоць і сталі ад тых дамкоў зусім недалёка. І нашы салдаты не стралялі, бо не было чым: кожны меў толькі па пяць патронаў. Сенька прапанаваў Петрыку здацца немцам і вярнуцца дахаты. Як Петрык адмовіўся, то сябар пайшоў адзін. Гэтак ніхто ўжо больш нічога й не чуў пра Сеньку.

Што было рабіць? З голымі рукамі як ваяваць? Вырашылі выбірацца з нямецкае аблогі на ўсход — насустрач сонцу, ісці па балотах. Усё, што было лішнім у дарозе, акружэнцы павыкідалі. Чым бліжэй падыходзілі да фронту, тым мацней чулі кананаду. Часта назіралі за паветранымі баямі. Ішлі так, згадваў дзядзька, тыдні са два. Зусім згаладнелі. Знясілелі. Камандзір прапанаваў знішчыць камсамольскія білеты. Іх парвалі й закапалі, бо ведалі, што калі патрапяць да немцаў, тыя адразу расстраляюць, а калі да сваіх, то давядзецца як камсамольцам першымі ісці ў бой. Як бачым, на першым месцы ў людзей быў цвярозы разлік, думка пра тое, як выжыць.

Праз нейкі час наперадзе пачулася размова па-руску. Вядома ж, усе ўзрадаваліся, але свае іх адразу ж ледзь не пастралялі, бо прынялі за шпіёнаў. Адвялі да камандзіра. Той распытаў пра ўсіх ды загадаў найперш памыць і накарміць. Побач апалчэнцы з-пад Тулы капалі супрацьтанкавыя канавы, і навічкоў накіравалі на падмогу. Затым Петрык Таранда быў мабілізаваны ў рэзерв галоўнакамандуючага: пераведзены спачатку ў 21-ю армію 3-га Украінскага фронту, пасля ў 18-ю армію Беларускага фронту, якім камандаваў Канстанцін Ракасоўскі. Служыў у супрацьтанкавым знішчальным батальёне. Быў “запявалам”: добры меў голас. Восень 41-га была мокрай і халоднай. Зноўку ішлі па Тульскай вобласці — ужо ў бок Яснай Паляны, у якой агледзелі маёнтак, дзе раней жыў вялікі пісьменнік, граф Леў Талстой, а таксама сад, гай...

Сілы савецкай арміі падцягваліся да Масквы, камандзіры не хацелі, каб пра тое ведалі немцы. Тыя ж уначы з самалётаў падвешвалі асвятляльныя ліхтары й пачыналі бамбіць. Аднаго разу ў гэткі момант маладыя салдаты аказаліся на капусным полі. Хацелася ім схавацца ад бомбаў хоць пад лістамі капусты, уліпнуць у мокрую зямлю. Потым трэба было перайсці праз міннае супрацьтанкавае поле. За метраў трыццаць ад Петрыка выбухнула міна, і ад нейкага салдата засталіся толькі шматкі ватоўкі. А перад самым носам у яго ўпала частка хрыбціны таго салдата: сантыметраў сорак. Чыстая, і яшчэ гарачая...

Камандзір аддаў салдатам загад “Наперад!”, бо насустрач рухаліся нямецкія танкі. Усе пачалі акопвацца, хутка вырылі ячэйкі, устанавілі кулямёт. Петрык быў першым нумарам і самым крайнім з правага флангу. Ззаду стаялі гарматы, білі па танках, тыя ж рухаліся на пяхоту. Калі першы танк наблізіўся метраў на 300, камандзір даў загад страляць па назіральных шчылінах. А каб можна было страляць чэргамі, з кулямётнай стужкі вымаюць у розных месцах хаця б па адным патроне — інакш пры стральбе з “Максіма” не спыніцца, вылятае ўся стужка. Ды пра тое ў гарачцы бою нават не ўспомнілася. Да танка ўжо метраў 50, а Петрык строчыць без перапынку. Кулямёт, пэўна, так абрыд экіпажу танка, што вежа пачала паварочвацца, каб прыцэліцца ў яго... І ў той момант гармата ззаду бахнула — і патрапіла ў танк. Ён загарэўся, а Петрык усё працягваў страчыць. Баявыя сябры ледзь змаглі адарваць яго пальцы ад гашэткі ды пабеглі дабіваць немцаў, якія выскачылі з танка.

Потым яны доўгі час ішлі ў бок Масквы. Каля Звянігарада спыніліся й па загадзе сталі акопвацца непадалёк ад рэчкі. Была позняя восень, мокрая зямля пачынала замярзаць. Там і стаялі ажно да лістапада месяца. Калі ж у Маскве быў знакаміты парад у гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі, тыя, хто мёрз у акопах, павінны былі быць у павышанай боегатоўнасці. З усходу прыйшло ім падмацаванне. Пушкі стаялі ці не праз кожныя дзесяць метраў. А 6 лістапада пачаўся контранаступ. Уначы быў адкрыты агонь з усіх танкаў і гармат па нямецкіх пазіцыях. Страляніна працягвалася некалькі хвілін, пасля чаго ўсе танкі пайшлі наперад праз рэчку й балота. Усё вакол гуло. У небе зверху віселі нашы дырыжаблі, пад якімі немцы лятаць вельмі баяліся. Пад Масквою тады атрымалі вельмі важную перамогу над ворагам. Але вайна працягвалася, і майго дзядзьку Петрыка чакалі новыя выпрабаванні.

Мікалай Таранда,
кандыдат біялагічных навук, дацэнт,
г. Гродна


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter