Агрогородок Узмены и его жители: история деревни на холмах

Далячынь з Узмёнскага узвышша

Назва Узмёны пайшла, як тлумачаць мясцовыя гісторыкі, ад слова “ўзмень”, што па-мясцоваму — узвышша
АГРАГАРАДОК Узмёны, што ў Міёрскім раёне, стаіць ля самай Заходняй Дзвіны. На другім яе беразе ўжо іншы раён. Калі моста праз раку яшчэ не было, узмёнцы, каб трапіць да суседзяў, перапраўляліся на лодках і іншых зручных сродках, а ўзімку прама па лёду — пешшу, на конях і нават на тэхніцы. Не абыходзілася без трагедый. І толькі паўтара дзясятка гадоў таму два берагі звязаў магутны прыгажун-мост.

Адна са старэйшых жыхарак Узмёнаў былы палявод Альдона НЕВЯРОЎСКАЯ

НАЗВА Узмёны пайшла, як тлумачаць мясцовыя гісторыкі, ад слова “ўзмень”, што па-мясцоваму — узвышша. Вёска і сапраўды стаіць на схілах вельмі высокай гары, па якіх і рассыпаліся самыя розныя будынкі: ад драўляных хат да шыкоўных мураваных катэджаў. Апошнія, праўда, з’явіліся нядаўна, калі Узмёны сталі аграгарадком.

А ўвогуле пасяленне старажытнае. Людзі тут жылі яшчэ 4—5 тысяч гадоў таму. У мясцовым школьным музеі захоўваюцца выкапаныя ў наваколлі сякеры з каменю і стрэлы з крамянёвымі наканечнікамі. І таму невыпадкова, што і сёння гісторыя цесна пераплятаецца з сучаснасцю: гучаць званы старажытнай Свята-Мікалаеўскай царквы, вабіць да сябе ў спёку цяністая шматвекавая ліпавая алея, і нават тутэйшая школа, якой за сотню гадоў, месціцца ў былым доме святара. Праўда, у нашы дні зроблена прыбудова з дадатковымі класнымі пакоямі і спартыўнай залай. 

Ёсць у аграгарадку ўсё, што неабходна жыхарам: Дом культуры з бібліятэкай, дзіцячы садок, ФАП, пошта, комплексна-прыёмны пункт, крама. Адно, што на першы погляд здалося дзіўным, — адразу за жылымі дамамі выпасваўся вялікі, дзесьці за паўсотні кароў, статак. Міжволі падумалася, што магла б тутэйшая гаспадарка “Узмёнскі край” і далей зрабіць свае выпасы. Якое ж было здзіўленне, калі пры сустрэчы старшыня сельсавета Таццяна Смулько сказала, што гэта ўласныя каровы ўзмёнцаў. I гэта яшчэ не ўсе: другая чарада пасецца ў іншым месцы. Усяго — 74 галавы. Некаторыя вяскоўцы трымаюць па 2—3 каровы. У іх ліку — сям’я педагогаў Алы і Аляксандра Гагалінскіх, з якімі неўзабаве і давялося пазнаёміцца.



Ала — настаўнік пачатковых класаў. Аляксандр у мінулым таксама педагог, але цяпер працуе на мытні. 

Сядзелі мы ў вялікай альтанцы ля дагледжанага дома з рознымі прыбудовамі, які дастаўся Але па спадчыне ад бацькоў. Давялося яго поўнасцю рэканструяваць, дабудаваць дадатковыя памяшканні. 

Нашу гутарку раз-пораз перабіваў галасісты певень у двары.

— Ведаеце, як у настаўнікаў, — даводзіла Ала, — атрымалі адпускныя — яны імгненна “бліснулі”, і тут жа іх не стала. А трэба ж усё лета жыць. Вось кароўкі і дапамагаюць. У нас іх дзве, бо ўсё роўна ўставаць трэба рана, а палове пятай. Так што адна карова ці болей, якая розніца!..

Ала доіць кароў, а Аляксандр даглядае свінаматку і іншую жыўнасць, якой таксама нямала. Сена рыхтуе ўся сям’я: самі і дзве дачкі. Дзялянку выдзяляе Савет, а для касьбы набылі мотаблок.

Прадаюць Гагалінскія не толькі малако, але і тварог, які ідзе нарасхват.

Ала не прамінае падкрэсліць, што падсобная гаспадарка ніяк не перашкаджае асноўнай рабоце — у школе, якая, вядома, на першым месцы. Калі там заняткі, то доіць кароў не тры, а толькі два разы на дзень — раніцою і вечарам.

На пытанне, як рэагуюць вяскоўцы, што педагогі гадуюць кароў і іншую хатнюю жывёлу, Ала, не задумваючыся, адказвае:

Ветэран працы Ксенія КАНАХ з унукам Арцёмам і дачкамі Галінай, Алай і Таццянай


— Ва Узмёнах любяць працавітых.

І пераводзіць позірк на старшыню сельвыканкама, якая таксама трымае карову.

Таццяна Смулько нагадвае, што летась атрымала ад здадзенага малака больш за дзве тысячы рублёў. У таго ж, хто трымае па 2—3 каровы, месячны даход дасягае ад 400 да 600 рублёў. 

А чаму іх не трымаць, калі ёсць добрыя выпасы, электрапастух, падвозіцца вада. Членам гаспадаркі кіраўніцтва ААТ “Узмёнскі край” выдзяляла гатовае сена, іншым — тэхніку.

Малако акуратна збіраюць, няма затрымак з яго аплатай.

НА РАЁННЫМ свяце “Журавы і журавіны Міёрскага краю” запомніўся адзін даволі незвычайны момант: прыезджыя цесна абступілі падворак Узмёнскага сельсавета, хаця там, на першы погляд, нічога асаблівага не было. Даволі прывабная кабета прапаноўвала пучкі сушанай травы, нешта бойка тлумачыла. Пасля яе слоў тыя пучкі ледзьве не вырывалі з рук. 

Аказалася, што набор траў быў не проста ад хваробы, а ахова ад бясшлюбнасці.

Лекі прывезла галоўны аграном ААТ “Узмёнскі край” Ганна Барэйша. (Два месяцы таму яна прызначана намеснікам дырэктара. — Аўт.) Збор розных лекавых траў — яе хобі. Перадалося гэта захапленне ад бабулі. На пытанне, ці сапраўды можна травамі вылечыць ад бясшлюбнасці, Ганна загадкава ўсміхнулася. 

Цікава, што яе родная сястра Таццяна Галыня — галоўны заатэхнік гаспадаркі. Вось такі тандэм, такая дынастыя.

Калі распавядаць пра дынастыі, то няма роўных тут Канахам.

На тым жа свяце ўшаноўвалі якраз працоўныя дынастыі. І калі выклікалі Канахаў, то яны ледзь не ўсю сцэну занялі.

Старэйшая, Ксенія Канах, цяпер на пенсіі. А да гэтага звыш трох дзясяткаў гадоў адпрацавала даяркай.

— Пайшла ў васямнаццаць гадоў, — прыгадвае яна. — Усё ж было ўручную — і даілі, і кармілі, і паілі вёдрамі. А да фермы ж яшчэ восенню ці вясной дабрацца праблема была: не дарога — балота. Памятаю, аднойчы старшыня калгаса, калі ішоў да нас, бот у гразі згубіў. Усёй фермай яго тады шукалі... У Ксеніі — пяцёра дзяцей: тры дачкі і два сыны. Дочкі засталіся ва Узмёнах. Дзве — Галіна і Таццяна — пайшлі па яе дарозе: аператары машыннага даення, а трэцяя — Ала — аграном, у гарачы час пасяўной і ўборкі займае пост дыспетчара. Ну і, канечне, перажывае за сыноў-механізатараў Дзмітрыя і Віктара. Абодва маюць добрую рэпутацыю, могуць сесці за штурвал любой сельгастэхнікі. А Віктар некалькі гадоў таму разам з Віктарам Шамёнкам сталі пераможцамі ў вобласці сярод маладзёжных экіпажаў і трапілі на рэспубліканскія “Дажынкі”.

Галоўны аграном ААТ “Узмёнскі край” Ганна БАРЭЙША


Тады Канах быў памочнікам. Сёлета ён ужо сам камбайнер і паказаў не толькі майстэрства, але і вытрымку.

ВА УЗМЁНАХ існуе добрая традыцыя: выбраная ў сям’і прафесія перадаецца з пакалення ў пакаленне. Так здарылася і з Андрэем Сцепулёнкам. Яго бацька Аляксандр Парфенцьевіч быў у свой час калгасным пчаляром і славіўся на ўсю аколіцу. 

Сямейную эстафету перадаў сыну. У гаспадарцы сельгаспрадпрыемства 140 пчоласямей. Размешчаны яны ў васьмі месцах. Летам, як прызнаецца Андрэй, спраў пад завязку. Даводзіцца браць памочніка. 

У мінулым годзе ўзялі каля дзвюх з паловай тон мёду. Штосьці прадалі на прадпрыемствы хлебапрадуктаў, каля тоны на лікёра-гарэлачны завод “Крышталь”. Мясцоваму насель- ніцтву аддавалі літр за 5 рублёў.

Але лепш за ўсё салодкі тавар ішоў на бартэр — на запчасткі для сельгасмашын, абсталяванне для жывёлагадоўчых ферм... 

МНОГІЯ ўзмёнцы адкрылі сваю справу. Павел Смулько пасадзіў сад, у якім каля 600 дрэў, і ўжо збірае добрыя ўраджаі яблыкаў.

Віктар Сауціч адкрыў аграсядзібу “У Пятровіча”. Віталь Лазур сталярнічае і шмат дапамагае сельвыканкаму. 

Яшчэ адна асаблівасць Узмёнаў — шматдзетныя сем’і. Я ўжо расказваў пра Канахаў. Па трое дзяцей у Святланы і Аляксандра Дзямідаў, Ірыны і Аляксандра Кузьміцкіх, Вольгі і Віталя Лазураў, Наталлі і Віктара Шадурскіх, чацвёра — у Людмілы і Аляксандра Махонькаў, пяцёра — у Зоі і Івана Пузакаў. У мясцовай базавай школе — дзіцячым садку ў наступныя гады чакаюць рост вучняў…

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter