Путешествия с Владимиром Субботом. Щедрый на доброту и богатый на трудолюбивых людей агрогородок Добрынь

Дабрынь: палешукі ад дабра дабра не шукаюць

Рунь пяшчотна-зялёным дываном агортвае ельскі аграгарадок Дабрынь. Карані гісторыі паселішча глыбока ўваходзяць у былое. Упершыню пісьмова яно ўзгадваецца ў 1741 годзе ў актавай кнізе Мазырскага земскага павятовага суда як маёнтак Лянкевічаў-Іпагорскіх. Продак гэтага шляхетнага роду Дзям’ян Ленка ў 1489 годзе ўдзельнічаў у абароне Мазыршчыны ад набегаў крымскіх татар.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай паселішча адышло да Мазырскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі. Гаспадары маёнтка валодалі землямі паміж Мазыром і Туравам і мелі дваранскі тытул.


На пачатку ХІХ стагоддзя Дабрынь належала заможнаму шляхетнаму роду Аскеркаў, ад якіх уладанне перайшло шляхціцам Сулістроўскім. Адзін з іх быў мінскім грамадзянскім губернатарам. Пазней валодаў сядзібай мазырскі магнат Даніла Горват, які прадаў яе адэскім гандлярам Івану і Аляксандру Анзельмам. Новыя ўладары выкупілі ў наваколлі звыш 10 тысяч дзесяцін ворыва, сенажаці, лесу.

У апошняе дзесяцігоддзе пазамінулага стагоддзя селянін суседняй Чарнігаўскай губерні Антон Кісель пабудаваў побач з Дабрынню завод па выганцы бярозавага дзёгцю. Штогадова на ім выраблялася 200 бочак дзёгцю, кожная ёмістасцю па 30 вёдраў. Дзейнічалі вадзяны млын, хлебазапасны магазін, вінакурня, лесапілка, воўначасальня, маслабойня, кузня. Адкрылася аднакласнае народнае вучылішча.

Падзеі пачатку мінулага стагоддзя закранулі палескую глыбінку. Кайзераўскія і польскія войскі, пятлюраўскія і балахоўскія фарміраванні нішчылі падворкі, здзекваліся над жыхарамі.

Пасля ўсталявання савецкай улады ў былым памесці арганізавалі сельгаскааператыў. За стагоддзе дзейнасці ён неаднаразова рэфармаваўся, і цяпер тут дзейнічае адно з найбольш буйных у Ельскім раёне сельгаспрадпрыемстваў. Цэнтральная сядзіба яго, вёска Дабрынь, атрымала статус аграгарадка.

Першы намеснік старшыні райвыканкама Валянцін МАРКАВЕЦ, загадчыца жывёлагадоўчай фермы Лідзія КРЫВАНОГАВА і намеснік дырэктара КСУП «Дабрынь» Аляксандр КАЗЛОЎ.

ВАНДРУЮЧЫ па Беларусі, не перастаю здзіўляцца мудрасці продкаў, якія трапна давалі назвы населеным пунктам, рэкам, азёрам. Глыбінная ельская вёска, якую вякамі акружала непраходная багна, некалі атрымала назву Дабрынь. Згодна з паданнем, у гэтым прывабным куточку Палесся жыў дбайны гаспадар. Стараннай працай на зямлі нажываў дабро. Дзяцей сваіх з маленства прывучаў да добрых спраў. Палешукі адгукнуліся на чуллівасць сялянскай сям’і і сталі атабарвацца вакол іх.

Па гэтых балоцістых мясцінах пралёг вядомы Валынскі тракт, які ў народзе называлі Кацярынінскім. Гэта быў адзіны прамы шлях з паўднёвых губерній Расійскай імперыі да сталіцы — Пецярбурга. Па ім перавозілі пошту, курсіравалі важныя асобы імператарскага двара. Як сведчаць гістарычныя дакументы, на поўдзень Украіны гэтым маршрутам вясною 1828 года праехаў самадзержац Мікалай І.

Старшыня сельвыканкама Аляксандр БОГАЧ і ветэран працы Марыя ЛУК’ЯНАВА.

У свой маёнтак на Жытоміршчыну са сталіцы неаднойчы кіраваўся вядомым маршрутам вялікі рускі палкаводзец Міхаіл Кутузаў. З падарожнага фаэтона, што шыбаваў з далёкай Бесарабіі праз палескую нізіну ў стольны Пецярбург, аглядаў навакольныя пейзажы геній рускай паэзіі Аляксандр Пушкін.

Непадалёку ад Дабрыні, у пушчы суседняга Валаўскага лясніцтва, захаваўся тузін дотаў «Лініі Варашылава», пабудаваных у 30-я гады мінулага стагоддзя ўздоўж мяжы з буржуазнай Польшчай. Гістарычныя факты занатаваны даследчыкамі.

Механізатар Андрэй СТАРАВОЙТ.

Пасля выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі небяспечная чорная хмара закранула гэты маляўнічы куток Палесся. З забруджаных радыяцыяй вёсак выселіліся людзі. Амярцвела і вёска Асавы Дабрынінскага сельсавета. На яе месцы стаіць помнік ахвярам Чарнобыля. Шмат перасяленцаў прыняла цэнтральная сядзіба дабрынінскай гаспадаркі.

Старшыня Ельскага райвыканкама Уладзімір Бурмістраў, з якім сустрэліся перад вандроўкай па аграгарадку, адзначыў, што за 33 паслячарнобыльскія гады ў Дабрыні створана ўся інфраструктура для пражывання людзей. Важна, што яна запатрабаваная. Большасць жыхароў працуе на палях і фермах КСУП «Дабрынь». Новы кіраўнік Сяргей Верамейчык, які ў канцы мінулага года ўзначаліў калектыў, пачаў з навядзення працоўнай дысцыпліны і парадку. Заўважны першыя зрухі. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 120 працэнтаў павялічылася валавая вытворчасць малака. Амаль усё яно рэалізуецца на КВУП «Мазырскія малочныя прадукты» гатункам экстра, што павялічвае фінансавыя паступленні ў гаспадарку.

Жывёлавод Віталь АРЦЕМЧУК.

Для забеспячэння фуражом буйной рагатай жывёлы, а яе тут звыш 3000 галоў, з якіх палова — дойныя каровы, сёлета пашыраны плошчы пад кармавыя культуры. Упершыню за апошнія гады пад кукурузу адведзена 2500 гектараў. Механізатары завяршаюць сяўбу гэтай цеплалюбівай культуры.

Трактарыст Андрэй Старавойт, з якім сустрэліся на мехдвары, вярнуўся з кукурузнага поля, дзе прыкатваў пасевы. Два дзесяцігоддзі ён працуе на трактары. Жонка Аксана Анатольеўна — повар у дзіцячым садзе. Сям’я атрымала ад гаспадаркі тыпавы катэдж у вёсцы Млынок. Сын Вячаслаў вучыцца на будаўніка ў Нараўлянскім дзяржпрафліцэі і настроены вярнуцца працаваць у Дабрынь.

Спявачкі народнага жаночага вакальнага ансамбля «Дабрыначка» Святлана ДУБРОВА, Валянціна АБРАМЧУК, Галіна РАКАВЕЦКАЯ, Зінаіда БАБАЕД і Галіна ДАЎГУНЕНКА.

На жывёлагадоўчым комплексе, што на ўскрайку аграгарадка, за працай засталі даглядчыка кароў Віталя Арцемчука. Амаль 15 гадоў таму ён пераехаў з сям’ёю з Украіны на радзіму продкаў. Ад гаспадаркі атрымалі дом у аграгарадку. З жонкай Нінай Анатольеўнай пайшлі працаваць на ферму, якой кіруе Лідзія Крываногава. У Дабрынь Лідзія Іванаўна з сям’ёю таксама пераехала здалёк. Жылі ў Карагандзінскай вобласці Казахстана. У Дабрыні сям’я атрымала катэдж з усімі выгодамі. Малочна-таварная ферма па надоях лідзіруе ў раёне. Сёлета жывёлаводы настроены перавысіць 6-тысячны рубеж па сярэднегадавым надоі малака ад кожнай каровы.

Завіталі ў сярэднюю школу, будынак якой у цэнтры аграгарадка. Фае ўпрыгожана партрэтам Францыска Скарыны. Адзін са стэндаў прысвечаны даваеннаму выхаванцу школы Уладзіміру Антоненку з вёскі Данілаўка. У гады вайны юнак трапіў у нямецкае рабства і быў вывезены на французскі востраў Іль д’Алерон, дзе ўступіў у рады Супраціўлення. Разам са сваім сябрам па барацьбе Мікалаем Серашавым падарваў варожы арсенал. У Мазырскім краязнаўчым музеі ёсць раздзел, прысвечаны братэрству па зброі і ўдзелу палешукоў у партызанскім руху ў замежжы. Значнае месца ў экспазіцыі займаюць матэрыялы пра Уладзіміра Антоненку, які загінуў на французскім востраве. Пасмяротна ўзнагароджаны баявым медалём «За адвагу».

Кіраўнік школьнага гуртка «Майстарок» Алег ЗУЕВІЧ і вучні Ягор і Артур ДВОРАКІ.

Багаты на экспанаты школьны краязнаўчы музей. Сярод партрэтаў слынных выпускнікоў і ўдзельнік Алімпійскіх гульняў Станіслаў Шчэрбачэня.

Дзейнічае ў школе аб’яднанне па інтарэсах «Майстарок», якім кіруе педагог Алег Зуевіч. Паўвека ён настаўнічае. Выхаванцы Алега Сямёнавіча знайшлі сябе ў розных прафесіях. У роднай гаспадарцы засталіся працаваць выпускнікі Арцём Судас, Марыя Апенька, Таццяна Канавод. Сельскагаспадарчыя прафесіі атрымліваюць Вадзім Пачубей, Настасся Бірукова, Арцём Кондрус, Ігар Стройла, Мікіта Старавойт.

Аптымізму надае ў Дабрыні станоўчая дэмаграфічная дынаміка. Паўсотні выхаванцаў у дзіцячым садзіку. Стабільна трымаецца колькасць навучэнцаў у сярэдняй школе. Намесніка дырэктара Ірыну Анішчанку радуе, што праз два гады колькасць першакласнікаў чакаецца ў тры разы большая, чым звычайна. У аграгарадку шмат маладых сем’яў, сярод якіх паўтара дзясятка шматдзетных.

У школьным музеі настаўніца Валянціна БЯЛЯК-САКУЛА і вучаніцы Ганна БЯЛЯЦКАЯ і Карына СУХАНІЦКАЯ.

Са старшынёй сельвыканкама Аляксандрам Багачом завіталі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу Таццяны і Анатоля Сінгаеўскіх. У іх чацвёра сваіх дзяцей і шасцёра прыёмных. Дзяржава фінансава дапамагае. У прасторных пакоях новага катэджа чыста і ўтульна. Падведзены прыродны газ і вадаправод. Вакол будынка дагледжаны прысядзібны ўчастак з акуратна засеянымі градамі. Белым вэлюмам квецені красуюць маладыя садовыя дрэвы. Гаспадары трымаюць свіней, хатнюю птушку. Упраўляцца на падворку дапамагаюць старэйшыя дзеці. Летась навучэнцам Палескага дзяржагракаледжа імя У. Ф. Міцкевіча стаў Мікалай Сіманенка. Хлопчык часта прыязджае да прыёмных бацькоў, расказвае пра вучобу.

Удачароная Сінгаеўскімі Яўгення з маленства захаплялася дзюдо і стала паказваць добрыя вынікі. Дзяўчынку залічылі ў Гомельскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Меншыя выхаванцы — школьнікі. Ёсць у сямейным доме і дашкаляты. Таццяна Паўлаўна і Анатоль Рыгоравіч усіх, як родных, песцяць.

ПРЫЕМНАЙ была і сустрэча са старэйшай жыхаркай Дабрыні Марыяй Лук’янавай. Пад вокнамі яе кватэры, што ў двухпавярховым доме, белай квеценню абліты вішні. Аўдавелая Марыя Іосіфаўна засталася адна. Тры гады таму не стала дачкі Тамары. Штодня адведвае матулю дачка Наталля, якая жыве непадалёку ў Дабрыні, з Ельска прыязджае Ліда. Сын Сяргей часта тэлефануе з украінскага горада Запарожжа.

Шмат чаго давялося перажыць Марыі Іосіфаўне за 96 гадоў. Юнацтва выпала на ваеннае ліхалецце. Памятае, як чэрвеньскім вечарам глядзелі кіно ў сельскім клубе. І раптам фільм перарвалі. Загарэлася святло, і прысутным паведамілі, што немцы бамбяць Кіеў.

Гаспадыня дзіцячага дома сямейнага тыпу Таццяна СІНГАЕЎСКАЯ з выхаванцамі.

З першых дзён вайны пайшлі змагацца з ворагам пяцёра братоў Марыі Іосіфаўны. І цяпер, праз дзесяцігоддзі, ёй балюча ўзгадваць тое апошняе развітанне з імі.

Перабіраючы здранцве- лымі рукамі кавельку, жанчына ўзгадала, як нямецка-фашысцкія акупанты на павозках везлі яўрэяў на ўскраек вёскі Асавы, да балота, дзе быў вырыты глыбокі роў. Расстрэльвалі вязняў мадзярскія служакі.

А колькі болю прынеслі ў іх сялянскі дом пахавальныя. Усіх пяцёра братоў забрала страшэнная вайна. Маці ад моцнага гора злегла і неўзабаве памерла. Аўдавелы бацька пайшоў у прымы. Даглядаў калгасных коней.

Марыя Іосіфаўна да выхаду на пенсію працавала рабочай на мясцовым спіртзаводзе. Даўно вытворчасць закрылі. З сяброўкай Евай Антановіч, якой таксама за дзевяноста, з боллю ў сэрцы ўзгадваюць перажытае, разам адзначаюць святы.

Жыхары аграгарадка шануюць народныя традыцыі і звычаі. У Дабрынскім цэнтры спорту і культуры, якім кіруе апантаны сваёй справай Юрый Сарнаўскі, пастаянна ладзяцца выставы народных умельцаў. На першым часе пасля чарнобыльскай катастрофы была нейкая разгубленасць, цяпер усё ў мінулым. Далёка за межамі раёна вядомы народны жаночы вакальны ансамбль «Дабрыначка». Нядаўна ім апладзіравалі гледачы суседняга аграгарадка Дзямідаў. Дзейнічае ў Дабрынінскім палацы паўтара дзясятка розных гурткоў па інтарэсах. Створаны тры харэаграфічныя калектывы.

У суседняй вёсцы Зялёны Бор, у якой засталіся лічаныя жыхары, цікавая сям’я заўзятага музыкі Аляксандра Крывалапа. За свае 77 гадоў ён працаваў у гандлі, лясной гаспадарцы і сельсавеце. З дзяцінства душа хілілася да музыкі. Самастойна засвоіў баян. Сабраў калекцыю музычных інструментаў: баянаў, гармошак, акардэонаў. За адным з гармонікаў ездзіў на Тульскую фабрыку. Продкі яго былі заўзятымі музыкамі. Цудоўныя мелодыі на скрыпцы выводзіў дзядуля. Ні адно вяселле ў наваколлі без Крывалапаў не абыходзілася. Аляксандр Аляксандравіч — лаўрэат розных конкурсаў. Ён удзельнік раённага ансамбля гарманістаў, на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў прадстаўляе Дабрынінскі сельсавет на раённым фестывалі «Іграй, гармонік!»

Пастаянна дзеючую ў раённай бібліятэцы экспазіцыю «Ельскі фартушок» абагацілі непаўторныя па прыгажосці вырабы дабрынінскіх сялянак. Залатых рук майстрамі, цудоўнымі самародкамі, працавітымі людзьмі сла- віцца глыбінны куточак Палесся.

Ельскі раён.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter