Да роднага цягнецца душа

Цікавую праграму “Палескія песні” зрабілі гітарыст Леанід Нарушэвіч і вакалістка Ірэна Катвіцкая
Цікавую праграму “Палескія песні” зрабілі гітарыст Леанід Нарушэвіч і вакалістка Ірэна Катвіцкая

Праект прэзентаваўся ў сталічным Музеі Азгура. Усё было, на першы погляд, вельмі нават проста: ні шоу, ні падтанцовак… Слухачы падарожнічалі па таямнічым свеце палескага фальклору выключна пры дапамозе голасу Ірэны і музыкі Леаніда. Падключаючы, натуральна, і сваё ўяўленне ды жыццёвы досвед. Які, дарэчы, ёсць важны складнік успрымання музыкі ды спеваў. У прыватнасці, Леанід Нарушэвіч у размове з журналістам газеты “Культура” А. Клімавым згадвае, што ў ягонай маці, а значыць, і ў яго самога родавыя карані з Палесся. І таму натуральна, што ягоная душа пацягнулася да роднага, спрадвечнага, а сам ён “падсеў на палескія песні”.
Леанід Нарушэвіч кажа: у праграме няма прамога капіравання аўтэнтычнага матэрыялу, ён падаецца ў тым выглядзе, у якім музыкі бачаць яго сёння, трохі ў авангардным ключы. “Гэта цэласны канцэпт, ядро якога — палескія напевы, што суправаджаюцца самай рознай музыкай, вольнай ад штампаў, ажно да джазавых інтанацый”, — тлумачыць свае падыходы да фальклорнай спадчыны музыкант. Ірэна Катвіцкая лічыць, што “палеская аўтэнтычная культура — вельмі кансерватыўная рэч, традыцыя, якая не руйнуецца пад уздзеяннем навакольнага свету, у яе нічога не пранікае. Яна ачышчае душу чалавека і выклікае ў ім катарсіс, прымушаючы яго працаваць, запрашае ў падарожжа, насычае эмоцыямі, не схільнымі да навакольнага ўплыву — грубага, настырнага ды імгненнага. Адметнасць палескіх песень заключаецца ў іх маляўнічасці, тэмбральнай насычанасці, магутнай энергетыцы”. Спявачка лічыць, што палеская песня — гэта згустак першабытнай энергіі: там ёсць зямля, вада, агонь...
Выканаўцы маюць намер пашыраць і паглыбляць унікальны праект, прычым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Рыгор Арэшка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter