Да поўнай гатоўнасці

Міншчына падрыхтуецца да сезона абагрэву да 1 кастрычніка

Міншчына завершыць падрыхтоўку да абагравальнага сезона да 1 кастрычніка.

Зараз рэгіёны вядуць работы на ўсіх участках, каб забяспечыць народнагаспадарчаму комплексу надзейнае і бесперабойнае функцыянаванне ў асенне-зімовы перыяд. З тым, як вядзецца падрыхтоўка, асабіста азнаёміўся старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура ў час наведвання шэрагу раёнаў.

Як праінфармаваў намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Скакун, работы ідуць ужо на працягу двух месяцаў. «Асаблівасці падрыхтоўкі да зімы сёлета згодна з новым тэхнічным кодэксам — больш жорсткія тэрміны правядзення рамонтных работ. Таму на аснове аналізу мінулага абагравальнага перыяду складзены графікі і планы мерапрыемстваў па ліквідацыі ўсіх праблемных пытанняў. Сярод іх найбольш распаўсюджаныя выпадкі перабояў у рабоце энергасістэмы і парывы цеплатрас».

Мяркуецца, што да 1 кастрычніка ўсе спажыўцы цеплавой энергіі завершаць афармленне пашпартоў гатоўнасці. Аднак на сёння адзначаюцца адставанні ад графікаў па перакладцы цеплавых сетак, а таксама капітальным і бягучым рамонце жыллёвага фонду.

Па перакананні старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуры, пры падрыхтоўцы да зімы неабходна імкнуцца да скарачэння выдаткаў на прадастаўленне жыллёва-камунальных паслуг. «Гэтаму ў значнай ступені спрыяе замена цеплавых сетак, работа павінна быць актывізавана», — падкрэсліў ён.

Сёлета на Міншчыне плануецца замяніць 143,6 км цеплавых сетак з прымяненнем папярэдне ізаляваных труб. Найбольшыя аб’ёмы работ па замене цеплатрас неабходна правесці ў Барысаўскім, Крупскім, Мінскім, Смалявіцкім і Салігорскім раёнах. «Гэта дазволіць істотна знізіць страты цеплаэнергіі. Як паказвае практыка мінулых гадоў, у гэтым накірунку ёсць станоўчая тэндэнцыя. Калі ў 2011 годзе страты склалі 15,3 %, у 2012-м — 14 %, то ў студзені—маі бягучага года — 12,5 %», — канстатаваў Валерый Скакун.

Барыс Батура выказаў шэраг крытычных заўваг і даручыў адказным службам паскорыць работу па ўсіх накірунках, каб падысці да абагравальнага перыяду ў поўнай гатоўнасці.

Кіраўнік сталічнага рэгіёна наведаў асобныя аб’екты Бярэзінскага і Чэрвенскага раёнаў, азнаёміўся з падрыхтоўкай кацельняў, жыллёвага фонду і ўстаноў адукацыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter