Познаем Беларусь: традиции белорусов в преддверии Рождества

Да першай зоркі

З даўніх часоў напярэдадні Раства гатуюць абрадавую кашу. А як яшчэ нашы продкі рыхтаваліся да свята? Вядома, загадзя наводзілі парадак у доме і двары, даставалі з шафы святочную вопратку, ішлі ў храм, спавядаліся.

kakprosto.ru

Калі надыходзіў кульмі­нацыйны момант Нараджэння Хрыста са з’яўленнем на небе першай зоркі, гаспадар запальваў свечку, маліўся Богу і садзіўся ў чырвоным куце пад абразамі. Побач з ім — сыны, па другі бок стала — гаспадыня з дочкамі. Існаваў і такі звычай: маладыя жанчыны, якія не так даўно выйшлі замуж, прыходзілі вячэраць да бацькоў.

Паколькі святочная вячэра прыпадае на апошні дзень Піліпаўскага посту, усе стравы на стале павінны быць нішчымнымі, прыгатаванымі на ільняным або сланечнікавым алеі, без дадання тлушчаў жывёльнага паходжання. Не дазвалялася ўжываць малако, яйкі, смятану. Пры гэтым на стале магло быць ад пяці да дванаццаці розных страў: бліны, квас, піва, аўсяны і бурачны кісялі, поліўка, галушкі, грыбы, свежая і салёная рыба.

Быў і такі цікавы звычай: напярэдадні Раства Хрыстова пяклі абрадавае печыва ў выглядзе птушачак, рагоў баранчыка або фігурак хатніх жывёл. Верылі, што так можна адагнаць злых духаў і прыцягнуць у дом дабро. Печыва раскладвалі па ўсім доме, пакідалі ў хлявах і іншых гаспадарчых пабудовах, давалі ў якасці прысмакаў хатнім жывёлам. Такім чынам дзякавалі жарабятам, ягнятам — гэтыя жывёлы былі побач з яслямі, у якіх ляжаў навароджаны Хрыстос.
Галоўнай стравай лічылася куцця — густая каша з ячменю з мёдам, макам, кавалачкамі сушаных яблык і груш. Па назве галоўнай стравы называлі і саму вялікую вячэру. І гэта невыпадкова. Магічныя ўласцівасці куцця набывала за кошт вялікай колькасці зерняў. Адсюль і сімвал сакральнага мноства. Нашы продкі верылі: яна служыць правадніком магічнай сілы збажыны.
АД ПРАДЗЕДАЎ

За святочным сталом варажылі. Выцягвалі з-пад абруса сцяблінкі сена. Калі траплялася доўгая, гэта значыла, што вырасце высокі лён, калі кароткая — наадварот. Таксама выцягвалі і каласкі з пастаўленага ў куце снапа. Калі ўдавалася выцягнуць колас, поўны зерня, лічылася, што ўраджай будзе багатым.
Куццю падчас Каляд гатавалі тройчы: перад Раством, перад старым Новым годам і перад Вадохрышчам. Гаршчок з кашай ставілі ў печ з раніцы і пакідалі там да вечара. Стараліся, каб куцця атрымалася густой. Добра звараная каша давала надзею на багаты ўраджай.

Святочны стол высцілалі спачатку саломай або сенам, якое часцей за ўсё ў дом прыносіў гаспадар або адзін з яго сыноў. Гэта, паводле народнага павер’я, павінна было спрыяць вялікай колькасці малака ў кароў і засцерагчы іх ад нападу ваўкоў. Пасля стол накрывалі святочным абрусам.
Для гаршка з куццёй адводзілі асаблівае месца, ставілі рэшата с «гняздом», світым сваімі рукамі з сена.

У некаторых раёнах Беларусі адным з галоўных атрыбутаў перадкаляднага застолля быў неабмалочаны сноп жыта ці пшаніцы, упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі. Сноп так і называўся — «Каляда». Ён стаяў у чырвоным куце пад абразамі да Вадохры­шча, пасля чаго адну яго частку пакідалі для веснавой сяўбы, другую аддавалі з’есці карове ці авечкам.

Асабліва важнымі лічыліся першыя дні свята, калі продкі прасілі багацця і дабрабыту на будучы год. На працягу вячэры выконваліся разнастайныя абрады, накіраваныя на поспех у земляробстве, жывёлагадоўлі і іншых гаспадарчых справах.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter