Да чаго мядзведзь сніцца

Мядзведзь карыстаўся асаб-лівай пашанай сярод усходніх славян. З аднаго боку, моцная жывёла выклікала захапленне; з другога — здольнасць хадзіць на задніх лапах правакавала параўнанне яго з чалавекам і надзяляла незвычайнай магічнай сілай. У паданнях мядзведзь і чалавек лічыліся сваякамі, паколькі верылі, што некалі чалавек быў ператвораны ў мядзведзя, яго лапы — як чалавечыя рукі; ён ходзіць на дзвюх нагах, мыецца, любіць мёд і гарэлку, клапоціцца пра сваіх дзяцей, разумее чалавечую мову і нават смокча лапу, як дзіця. (Між іншым, тое, што мядзведзь смокча лапу, выклікана біялагічнай асаблівасцю гэтага звера: вясной скура з яго лап злазіць, а таму свярбіць і чэшацца. Каб аблегчыць працэс абнаўлення скуры, мядзведзь злізвае старую, каб хутчэй нарасла новая.)

У старажытныя часы паляванне на мядзведзя было забаронена. Святасць у адносінах да гэтай жывёлы таксама забараняла ўжываць яго мяса і шыць адзенне з яго шкуры. Не дапускалася і проста ўзгадваць мядзведзя ў звычайнай размове. Лічылася, што гэта моцная і грозная жывёліна імгненна адзавецца і з’явіцца побач. Таму ў гутарковай мове ўладара мясцовых лясоў часцей за ўсё называлі такімі словамі, як “сам”, “гаспадар”, “дзядуля”, “млынар”, “лешы”, “касматы”, “аўсяннік”, “бортнік”, “касалапы”. Ды і сама назва “мядзведзь” узнікла з-за той самай падмены слоў, якія яго характарызуюць: ведзьмед — ведае, дзе мёд.
Прысутнасць вобраза мядзведзя ў вясельных абрадах, у любоўнай магіі,  лячэнні бясплоднасці, а таксама ў калядных і масленічных абрадах тлумачыцца тым, што мядзведзь у народнай культуры атаясамліваецца з пладаноснасцю і ўрадлівасцю. На Віцебшчыне для таго, каб наблізіць вяселле, трэба было ў хату прывесці прыручанага мядзведзя, і калі ён пачне раўці, то ў гэтай хаце хутка будуць спяваць вясельныя песні. Прадказаннем хуткага вяселля лічылі і сон, у якім прысніўся мядзведзь. Часта на вяселлі нехта з гасцей пераапранаўся ў мядзведзя.
Па паводзінах мядзведзя можна было даведацца аб тым, хто народзіцца (хлопчык ці дзяўчынка). Для гэтага цяжарная жанчына частавала прыручанага мядзведзя чым-небудзь смачным. Лічылася, калі ён зараве, народзіцца дзяўчынка, а калі замыкае — хлопчык.
Паводле ўяўленняў беларусаў, мядзведзь, які прыйшоў у вёску, — да шчасця, таму што ён ведае, “у якога гаспадара павінна здарыцца няшчасце, і забярэ гэтае няшчасце з сабою”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter