Да абеду — восень, пасля абеду — зіма.

Шмат прыкмет звязана з Пакровамі.

Шмат прыкмет звязана з Пакровамі.

  • Калі тыдзень да Пакроваў звалі бабіным летам, то тыдзень пасля Пакроваў на Беларусі звалі дзявоцкім. У наваколлі ведалі ўсіх нявест. Кожнаму дню тыдня давалі імя дзяўчыны, якая была на выданні. Па надвор’і гэтага дня меркавалі, ці можна браць яе за жонку ці не: калі надвор’е было добрым, сонечным, ціхім, падаў снег, значыць, характар у дзяўчыны добры, спакойны; калі быў моцны вецер ці бура, значыць, і характар адпавядаў той, чыё імя прыпадала на гэты дзень.
  • Ад Пакроваў наймаліся на работу. Тэрміны прызначалі наступныя: ад Пакроваў да Ягор’я, ад Пакроваў да Хрышчэння.
  • З 14 кастрычніка паўсюдна пачыналіся Пакроўскія кірмашы.
  • У гэты дзень абавязкова пяклі бліны. Лічылася, што дзякуючы гэтаму сям’я ўдала перазімуе. Гэты абрад так і звалі — “запякаць вуглы”, гэта значыць зберагчы, захаваць сям’ю, хату, гаспадарку.
  • Да гэтага дня абавязкова трэба было ўцяпліць хату. Казалі так: “Пачыняй хату да Пакроваў, а то цяпла не будзе”.
  • Па традыцыі ў гэты дзень неабходна было паліць печ дровамі з яблыні. Меркавалі, што калі на Пакровы паліць печ яблыняй, то ў хаце ўсю зіму будзе цёпла.
  • Як Юрай лічыцца першым днём выгану жывёлы ў поле, так і Пакровы лічацца першым днём, калі жывёлу пераводзілі на зімовае ўтрыманне.
  • У гэты дзень неабходна было “закарміць” жывёлу. Для гэтага ў сена каровам дадавалі зерне і салому з апошняга дажыначнага снапа.
  • У гэты дзень загадвалі на надвор’е:

Калі снег да Пакроваў пойдзе — зіма будзе не хутка.
Якія Пакровы, такая і зіма.
На Пакровы да абеду восень, пасля абеду — зіма.
Адкуль вецер на Пакровы, адтуль і пачнуцца маразы.
На Пакровы вецер з поўначы ці ўсходу — да халоднай зімы, з поўдня — да цёплай зімы, з захаду — да снежнай зімы, а калі вецер дзьме парывамі, хмары то закрыюць небасхіл, то гляне сонейка — будзе і зіма пераменлівай, непастаяннай. Пакровы засцілаюць зямлю то лісцем, то снегам.
Калі лісце з дуба і бярозы на Пакровы ападзе чыста — да лёгкага года, а не ападзе — да суровай зімы. 
Калі на Пакровы пайшоў снег,  то  на  Дзмітрыеў  дзень (8 лістапада) будзе таксама.
Як на Пакровы маладзік — зіма лёгкая будзе. Як на збыта месяц ідзе — суровая зіма.
Якая пагода на Пакровы, такая і на Раство.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter