Cялянская прага і дзедава саха

Пухавіцкі фермер Валерый Леанавец сваім бізнесам аб’ядноўвае амаль тры пакаленні блізкай радні
ДВА дзесяцігоддзі таму ў Мінскай вобласці была ўтворана Асацыяцыя сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, якая аб’яднала першую сотню пачынальнікаў гэтай справы. Сёння на Міншчыне каля трох тысяч фермераў, з якіх дзве з паловай тысячы займаюцца вытворчасцю сельгаспрадукцыі.

Пятнаццаць гадоў таму захапіўся трусагадоўляй у пухавіцкай вёсцы Азярычына Валерый ЛЕАНАВЕЦ. Сельсавет выдзеліў яму амаль тры гектары зямлі для вырошчвання кармоў. Сваімі рукамі Валерый Васільевіч пабудаваў памяшканні для ўтрымання далікатнай жывёлы, закупіў у элітных гаспадарках рэспублікі племянное пагалоў’е. Наладзіў справу так, што за мінулы год атрымаў амаль пяць тон дыетычнага мяса, якое запатрабавана ў краіне.  І надалей руплівец плануе павялічыць вытворчасць запатрабаванага ў грамадстве далікатэснага прадукта харчавання.



У ПАСЛЯВАЕННЫЯ гады вясковая моладзь масава выязджала на заробкі ў хлебаробныя гаспадаркі поўдня Украіны і Расіі. Разам з сяброўкамі з невялікай беларускай вёсачкі Крушын адправілася на ўборку збожжавых у Харкаўскую вобласць Украіны Яўгенія Вабішчэвіч. Уладкавалася моладзь на збудаваным  палявым   стане.   Рук не шкадавалі  на  працы  ў   полі   і    на   зернепрыёмніку. Кіраўніцтва гаспадаркі аддзячыла добрым заробкам. Дзяўчаты вырашылі яшчэ на сезон застацца ў гаспадарцы, дзе шмат працавала землякоў. Беларускаму юнаку Васілю Леанаўцу прыглянулася старанная Яўгенія Вабішчэвіч. Пазнаёміліся і сталі сустракацца. У раённым цэнтры Чырванаград зарэгістравалі шлюб і засталіся працаваць у мясцовай гаспадарцы. Нарадзіўся першынец Валерый. Падрастаючаму сыну бацькі расказвалі пра беларускія краявіды, якія штоночы сніліся. Чакалі пісьмаў з бацькаўшчыны.

— З дзяцінства захавалася ў памяці бяскрайняя збожжавая ніва з камбайнамі, — узгадвае Валерый Леанавец. – Горы збажыны ўзвышаліся на зернепрыёмніку, дзе працавала маці. Бацька займаўся будаўнічымі справамі ў гаспадарцы. Мне і сямі гадоў не было, як ён захварэў і не ўдалося яго ўратаваць. Аўдавелая маці вырашыла вярнуцца да беларускіх сваякоў. Яны нас цёпла сустрэлі, дапамаглі ўладкавацца. Маці даіла кароў на калгаснай малочна-таварнай ферме. Нам выдзелілі невялікую кватэру ў двухпавярховым доміку, дзе і цяпер жыве матуля. 

Пасля заканчэння васьмігодкі з сябрамі падаўся вучыцца на трактарыста ў Ваўкавыскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі. Збіраўся на службу ў армію, але з-за пералому нагі камісавалі. Дапамагаў маці па гаспадарцы, збіраў журавіны і з сябрамі вазіў прадаваць у Маскву і Ленінград. 

Аднойчы на ленінградскім рынку ў мяне ўкралі сумку з грашыма і дакументамі. Звярнуўся ў міліцыю, дзе дзяжурыў зямляк – маёр з Жыткавіцкага раёна. Ён уважліва выслухаў, супакоіў і дапамог вярнуцца дамоў. Пасля гэтага выпадку больш не вазіў прадаваць журавіны. 

Арганізавалі брыгаду і адправіліся ў Пухавіцкі раён на калгасныя будоўлі. У вёсцы Азярычына пазнаёміўся з аўдавелай жанчынай Валянцінай Пятроўнай, якая працавала ў бухгалтэрыі гаспадаркі. Дачку Вікторыю і сына Валерыя адна выхоўвала. Са сваімі родзічамі мяне пазнаёміла. Так і сталі мы разам жыць, дзяцей гадаваць.

Азярычынскі калгас далучылі да суседняй гаспадаркі “Агра-Абярэг” Пухавіцкага раёна, і Валянціна Пятроўна перайшла на працу ў школьную бібліятэку. 

Непадалёку ад нас у пасёлку Дружны жыве мая цётка Вольга, якая ў маладыя гады па закліку камсамола асвойвала цалінныя землі Казахстана. Там выйшла замуж і з сям’ёю пераехала ў Мінск. Працавала з мужам на ўзвядзенні першай лініі метро. Цяпер яны на пенсіі і часта наведваюцца да нас, любуюцца гадаванцамі на трусінай ферме.

— Валерый Васільевіч, што падштурхнула заняцца развядзеннем трусоў?

— Трымаем карову, каня, свіней і птушак. Завялі і некалькіх трусоў для сваіх патрэб. За кароткі тэрмін пагалоў’е павялічылася, і лішкі павезлі прадаваць на Мар’інагорскі рынак. Умомант тушкі раскупілі. Вырашылі сур’ёзна заняцца вырошчваннем трусоў. Выпісалі ў лясгасе дошак. На сваім дрэваапрацоўчым станку з Валеркам апрацавалі іх і паставілі дзве павеці, пад якімі ўсталявалі клеткі для маладняку. Бляшаныя прыстасаванні для кармлення і паення трусоў майстраваў сам. 

— Вырошчванне гэтых далікатных грызуноў патрабуе спецыяльных ведаў, вопыту. У каго вучыліся?

— Падтрымліваем сувязь з трусаводамі рэспублікі. Выпісваем часопісы, у якіх падрабязна расказваецца пра тэхналогію трусагадоўлі. Зарэгістравалі сваю фермерскую гаспадарку. Жонка вядзе бухгалтарскія справы. Яна мае спецыяльную адукацыю, цудоўна разбіраецца ва ўсіх тонкасцях уліку, і за гады фермерства не ўзнікала недарэчнасцей. 

А мае абавязкі — упраўляцца па самой гаспадарцы. На любой тэхніцы магу працаваць. Планую набыць бабруйскі міні-трактар у лізінг на сем гадоў. А пакуль уся нагрузка на цягавітую кабылку Стрэлку. Суседні фермер Уладзімір Шабан на трактары дапамагае вясною апрацоўваць поле. Ён быў членам Рэспубліканскай грамадскай асацыяцыі фермераў. Але яна чамусьці распалася. Захавалася абласная суполка. У нашым раёне падтрымліваем сувязь паміж фермерскімі гаспадаркамі. У добрых адносінах мы і з мясцовай гаспадаркай “Агра-Абярэг”, якою кіруе Пётр Казак. Збажыну на фураж для нас выпісвае, калі неабходна, сенам дапамагае. Жыўнасці на зімовы перыяд неабходна як мінімум дванаццаць тон сена. Амаль гектар засеялі сумессю люцэрны, цімафееўкі, канюшыны. Ранняй вясною канём пабаранавалі сенажаць і ўручную падсеялі канюшыну. Кабылка і карова непераборлівыя да корму. Для іх коннай касілкай скошваем траву. А для трусоў косім траву і варочаем пакосы ўручную, каб лішняга паху не было. Перавозім копны ў хлеў, дзе няма пылу. Спецыяльна дошкамі паслалі падлогу. У сена падсыпаем соль, каб не было цвілі. 

— Паспяваеце ў сухое надвор’е справіцца з уборкай сена?

— Усёй сям’ёю выходзім на луг, імкнёмся без дажджу высушыць і перавезці сена на падворак. Так, аднойчы спяшаліся перад навальніцай справіцца з работай. Валянціна стаяла на возе, а я падаваў віламі сена. Кабылка схамянулася і тузанулася па няроўнай сенажаці. Воз перавярнуўся, і жонка апынулася пад коламі. Атрымала цяжкую траўму і ледзьве не страціла нагу. Доўга перакідалася па бальніцах. Дзякуючы залатым рукам мінскіх вопытных хірургаў Івана Разуванава, Аляксандра Сухарава, Івана Навіцкага ўсё абышлося. Удваіх даглядаем нашу жыўнасць. Трусоў кормім двойчы ў суткі сенам, канцэнтратамі і зернем.

— Дзе набываеце камбікорм?

— Раней заказвалі на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе, а цяпер купляем на Мар’інагорскім камбінаце хлебапрадуктаў. Ехаць недалёка, і якасць фуражу выдатная. Самі вырошчваем авёс і ячмень. За квартал расходуем на кармленне каля двух тон канцэнтратаў. 

— Якія пароды трусоў на ферме?

— Бельгійскі і белы велікан, вялікая шыншыла, бабачка, чэшскі альбінос, вялікае светлае срэбра. Некаторыя гадаванцы за паўгода набіраюць вагу да 12 кілаграмаў. Матачнае пагалоў’е абнаўляем, абменьваемся з іншымі трусаводамі краіны. Па працоўным пагадненні абслугоўвае вопытны ветурач з суседняй вёскі Віктар Ладнаў. У яго многаму вучуся.

Сёлета ўпершыню разводзім мясныя пароды бельгійскіх веліканаў і вялікай шыншылы. З браслаўскай гаспадаркі “Межаны” прывёз некалькі трусоў перспектыўнай пароды вялікае светлае срэбра.

— Валерый Васільевіч, што для вас лягчэй: выгадаваць пагалоўе ці рэалізаваць гатовую прадукцыю?

— Усё клопатна, але цікава і захапляльна. Ужо не магу сябе ўявіць без гэтага занятку. Пра нашу трусагадоўчую ферму ёсць інфармацыя ў часопісе “Хозяин”, і аматары з розных куткоў Беларусі прыязджаюць за маладняком на развядзенне. Зараз на трусаферме звыш семісот галоў. За мінулы год выгадавалі больш за паўтары тысячы трусоў і рэалізавалі 4,5 тоны мяса. Прадавалі на Камароўскім рынку Мінска, забяспечвалі сталоўку Беларускага экзархата. 

Да нас звяртаюцца з Расіі з прапановай пастаўляць на іх рынак далікатэснае мяса. Закупляе тушкі Аршанкі мясакамбінат для вытворчасці дзіцячых мясных кансерваў. У савецкія часы мода была на футра, а зараз шкуркі высушваем і даволі танна здаём нарыхтоўшчыкам. У першыя гады цяжка было ўсведамляць, што ў клетках таварная прадукцыя. Такія яны прыгожыя і ручныя. Чужога адразу адчуваюць і пачынаюць хвалявацца. Нярвуюцца, калі чуюць побач курыльшчыка. Цяжка было пераадолець бар’ер, калі трэба было рыхтаваць гадавалых трусоў на рэалізацыю.

— Сэрца не трымцела?

— Спачатку не маглі звыкнуцца. Сам Валера спрытней за мяне налаўчыўся свежаваць тушкі. Ён закончыў Мінскае прафтэхвучылішча металістаў і сем гадоў на канвееры МАЗа збіраў аўтамабілі. Не вытрымаў гарадскога тлуму, вярнуўся ў Азярычына. Дапамагаў па гаспадарцы. Нядаўна ўладкаваўся вадзіцелем на фірму. Плануем будаваць яшчэ адну павець для павелічэння пагалоў’я, і без яго дапамогі будзе цяжка нам спраўляцца. І сам Валерый настроены ладзіць сваё будучае ў вёсцы. 

Часта наведваецца з Мінска і зяць з унукам Мацвейкам, які заканчвае першы клас. Ні хвіліны не сядзяць без справы. Усё лета хлопчык з намі на гаспадарцы. Дапамагае траву грузіць, раскладваць у кармушкі.

Ад дзеда па лініі маці дасталася мне саха. Перарабіў, падладзіў яе, і так лёгка араць зямлю. Яе змайстравалі на пачатку мінулага стагоддзя. На жаль, дзеда Арсена мне не давялося бачыць. Ён загінуў, калі фашысты бамбілі вёску. Чуў ад сваякоў, што ва ўсёй акрузе гаспадарліваму дзеду Арсену не было роўных. Яго зямельныя надзелы сталі калгаснымі, а сахой бацька зямлю апрацоўваў, сваякам перадаў, і яны мне яе збераглі. Сапраўдная рэліквія.

— Мацвея будзеце вучыць за гэтым стагадовым плугам хадзіць?

— Хлочык прагне да сялянскай працы, і гэта імкненне мы падтрымліваем. Каму, як не яму, далей весці фермерскую гаспадарку. Дай Бог, каб спадзяванні здзейсніліся! 

Уладзімір Субат

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter