Чытай, малышка, кніжку!

У Мiнску прайшоў кірмаш дзіцячай кнігі «Кніжкі ў штанішках»

Праз знаёмства з высакаякаснай літаратурай арганізатары выставы-кірмашу маюць намер навучыць дзяцей мысліць крэатыўна

Пагаварыць аб праблемах дзіцячага чытання, прэзентаваць новыя імёны і творы, прывіць густ да якаснай друкаванай літаратуры — такую мэту паставілі перад сабой арганізатары і ўдзельнікі ў рамках правядзення Другой спецыялізаванай выставы-кірмашу дзіцячай кнігі «Кніжкі ў штанішках». Дарэчы, сімвалічна, што першае такое мерапрыемства азнаменавала Год кнігі — прайшло ў самым яго пачатку.

Агранізатары — выставачнае прадпрыемства «Экспафорум» сумесна з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і Саюзам пісьменнікаў Беларусі — не выпадкова звярнулі ўвагу менавіта на дзіцячую кнігу. «Той, хто не прывучаны чытаць добрую літаратуру з маленства, не будзе здольны крэатыўна мысліць. Вельмі дрэнна, калі будучае краіны будзе вызначаць пакаленне, якое вырасла на камп’ютарных гульнях», — гаворыць член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, старшыня праўлення Міжнароднага творчага аб’яднання дзіцячых аўтараў Андрэй Смятанін.

Таму ўпершыню будзе праведзены Чытальніцкі марафон з удзелам каля 30 пісьменнікаў з Беларусі і Расіі. Наведвальнікі выставы-кірмашу змогуць сустрэцца з такімі знакамітымі беларускімі аўтарамі, як Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак, Таццяна Дашкевіч, Уладзімір Ліпскі, Алесь Савіцкі. У госці таксама завітаюць вядомыя дзіцячыя пісьменнікі з Расіі: аўтар папулярных «Смешариков» Ігар Шаўчук, Алег Трушын, Міхаіл Прыдвораў, Таццяна Шыпошына і іншыя. Задача марафону — прэзентаваць кнігу і чытанне як нешта вясёлае і захапляльнае. Адсюль выснова: юных наведвальнікаў і іх бацькоў чакае багатая культурна-гульневая праграма. А яшчэ шмат розных акцый і конкурсаў. Іх назвы гавораць самі за сябе: «Пішам кнігу разам...» ці «Любімую кнігу невядомаму сябру», «Мама, папа, я — чытаючая сям’я!».

— Я не згодна з тым, што дзеці зараз не чытаюць. Праблема, хутчэй, у слабым інтарэсе да нацыянальнай літаратуры. Мы прыкладваем шмат намаганняў, каб дзеці ведалі сваіх аўтараў, незалежна ад таго, на якой мове яны пішуць. Гэта праца ўжо прыносіць пазітыўныя вынікі. Пасля знаёмства з творамі беларускіх пісьменнікаў хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем адзначаюць, што ім было цікава чытаць гэтыя кнігі. Дарэчы, кожная з 18 дзіцячых бібліятэк Мінска працуе па прыярытэтным напрамку, напрыклад гэта можа быць тэматыка развіцця дыялога культур ці сямейнае выхаванне. Таксама працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі. Мы робім усе магчымае, каб бібліятэка не была для дзяцей і іх бацькоў сумным месцам, — дзеліцца замдырэктара ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк Мінска» Анжаліка Карзанава.

Спецыялісты кніжнага рынку адзначаюць: багацце на кніжных паліцах сёння, хутчэй, ілюзія. Якаснай літаратуры для дзяцей не так і шмат. Тое, што дзеці мала чытаюць, — таксама не больш чым дрэнны міф. Дзеці чытаюць! Але што гэта за літаратура? Як прывіць свайму дзіцяці густ да добрай мастацкай кнігі? Па гэтым і другім важным пытанням сямейнага выхавання бацькі змогуць атрымаць на выставе-кірмашы сапраўдны «майстар-клас».

Цікавым мерапрыемства абяцае быць і для спецыялістаў, для якіх прадугледжана свая дзелавая праграма. На экспазіцыі будуць шырока прадстаўлены навінкі выдавецтваў і кнігагандлёвых арганізацый. Выстава-кірмаш пройдзе ў Мінску з 6-га па 10 снежня ў памяшканні Палаца дзяцей і моладзі (Старавіленскі тракт, 41).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter