Будні і памяць сямісотгадовага Чырвонага Берага

Чырвоны Бераг: мемарыял дзіцячай Хатыні і белы ветразь надзеі

КРОПЛІ летняга дажджу, нібы слёзы, блішчаць на сімвалічных белых мармуровых партах, настаўніцкім стале “мёртвага класа”, у якім ніколі не загучаць галасы школьнікаў. Ціха шапочуць лістотай яблынькі ў адкрытым дзесяць гадоў таму ў жлобінскай вёсцы Чырвоны Бераг мемарыяле “Дзецям — ахвярам вайны”, створаным сталічнай творчай групай пад кіраўніцтвам заслужанага архітэктара Беларусі Леаніда Левіна.


Сюды прывозілі фашысцкія вылюдкі адабраных у бацькоў малалетак з Гомельшчыны. Праз дзіцячы канцлагер прайшло звыш 15 тысяч маленькіх ахвяр. Звыш пяці тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак загінулі ад рук нелюдзяў…

Бурнае развіццё атрымаў Чырвоны Бераг ў канцы ХIХ стагоддзя пасля адкрыцця чыгуначнага руху з Бабруйска да Гомеля.

Заможныя ўладальнікі маёнтка ваенны інжынер генерал-лейтэнант Міхаіл Гатоўскі і яго жонка дваранка Марыя-Юзэфа ў маляўнічай мясціне на беразе ракі Добасны па праекце рускага архітэктара Віктара Шротэра ўзвялі грандыёзны палац. Побач з архітэктурным комплексам садавод Францішак Шаніёр, які адказваў за каралеўскі парк у Варшаве, спланаваў англійскі парк. Апошнім гаспадаром чырвонабярэжскіх уладанняў быў Вікенцій Козел-Паклеўскі.

Ветэран вайны і працы Вольга ЯЎРЭЗАВА

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі маёнтак нацыяналізавалі. У палацы размясцілася сельгасвучылішча. Арганізаваўся калгас “Чырвоны Бераг”. Працавалі крухмальны завод, павідлаварка, якая стала варэнневарачным заводам. Адкрылася новая школа-сямігодка.

Вайна спыніла мірнае жыццё. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі побач з адным з пяці беларускіх дзіцячых донарскіх канцлагераў у былым маёнтку дзейнічаў шпіталь, дзе гітлераўцы лячылі сваіх параненых. Савецкія воіны пасля паспяховага завяршэння аперацыі “Баграціён” у канцы чэрвеня 1944 года вызвалілі Чырвоны Бераг.

Кіраўнік спраў сельсавета Таццяна МІХАЛЕНКА

Аднавілі дзейнасць крухмальны і кансервавы заводы, калгас. Спецыялістаў для сельскай гаспадаркі стаў рыхтаваць саўгас-тэхнікум. Вёска Чырвоны Бераг — цэнтр сельсавета — атрымала статус аграгарадка. Восенню 2013 года па чыгунцы на Жлобін прайшоў першы электрацягнік.

Сёння на дзяржаўныя сродкі рэстаўрыруецца палацава-паркавы комплекс, у які ўваходзяць сядзібны дом, флігель, гаспадарчыя пабудовы, мураваная агароджа, спіртзавод і парк англійскага тыпу. Унікальны ансамбль уключаны ў турыстычны маршрут “Залатое кальцо Гомельшчыны”.

Загадчыца Чырвонабярэжскага дзіцячага мемарыяльнага комплексу Марыя ТКАЧОВА

ВІЗІТНУЮ картку Чырвонага Берага — мемарыяльны комплекс “Дзецям — ахвярам вайны” — адкрывае скульптура кволай дзяўчынкі-падлетка з ускінутымі рукамі. З гэтай святыні пачалася вандроўка па выцягнутым на некалькі кіламетраў уздоўж чыгункі аграгарадку. Сэрца шчыміць, калі чытаеш выбітыя на мармуровай школьнай дошцы мемарыяльнага класа перадсмяротнае пісьмо пятнаццацігадовай Каці Сусанінай бацьку з фашысцкай няволі: “…Завяшчаю, тата! Адпомсці за маму і за мяне! Твая дачка Каця Сусаніна. 12 сакавіка 1943 года”. На зваротным баку дошкі — карта Беларусі, дзе пазначаны 16 канцлагераў, у якіх фашысты таксама ўтрымлівалі ў няволі дзяцей. Кароценькія жыцці тысяч ні ў чым не павінных хлопчыкаў і дзяўчынак паглынула фашысцкая фабрыка смерці. 

— Сёлета 22 чэрвеня з малітвай за ахвяр Вялікай Айчыннай вайны заклалі ў крыпту зямельку з дзіцячага мемарыяла і перадалі на вечнае захоўванне ў мінскі храм Усіх Святых, — расказвае загадчыца Чырвонабярэжскага дзіцячага мемарыяльнага комплексу Марыя Ткачова. — У народзе наш комплекс атрымаў назву дзіцячай Хатыні.

Маці-гераіня Марыя КАРОЛЬ

На беларускай зямлі раней не было помнікаў, прысвечаных маленькім ахвярам вайны, у якіх укралі дзяцінства, будучае жыццё. Чырвонабярэжскі — адзіны ў сваім родзе. Былі прапановы стварыць такі мемарыял каля Масквы ці Віцебска, па дарозе з Мінска на Хатынь.

Народны скульптар Беларусі Леанід Левін за аснову будучай скульптурнай кампазіцыі ўзяў тэму дзіцячага донарства і месцам рэалізацыі задумы абраў яблыневы сад на ўскрайку Чырвонага Берага. Тут метамарфоза “фашысцкія крывапіўцы” набыла страшэнную рэальнасць. 

Начальнік паштовага аддзялення Ала КАТОВІЧ

Звар’яцелыя гітлераўцы лёталі па акупіраваных вёсках і азвярэла адбіралі дзетак у мацярок і бабуль. На чырвонабярэжскім зборным пункце малалеткі праходзілі медагляд. Іх мылі ў лазні, бралі кроў для аналізаў. Кожнаму на шыю чаплялі бірку з адзнакай групы крыві. Амаль дзве тысячы маленькіх донараў адправілі ў Нямеччыну. Падлеткі, што не падыходзілі для донарства, выкарыстоўваліся на розных працах у нямецкіх гаспадароў.

У БУДЗЁННЫ дзень ціха і немнагалюдна на дзіцячым мемарыяле, дзе кожны фрагмент асэнсаваны. Разам з групкай наведвальнікаў пакідаем “школьны клас”, за якім як сімвал дзіцячых мрояў плыве “Белы ветразь”. А за ім на мальбертах-вітражах — дзіцячыя малюнкі з фрагментамі шчаслівага жыцця пад мірным небам. 

Традыцыяй стала маладым воінам прымаць тут прысягу. Маладажоны пасля ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу ўскладаюць кветкі да скульптурных кампазіцый, на Карабліку Надзеі выбіраюць імя нашчадкаў. Сюды збіраюцца на ўрачыстасці навучэнцы сярэдняй школы і аграрнага каледжа, якому праз тры гады споўніцца сто гадоў. Рыхтуюць у ім арганізатараў вытворчасці, аграномаў, тэхнікаў-механікаў.

Майстар вытворчага навучання Аляксандр ГОНЧАНКА і навучэнец Уладзімір ЦЫБУЛЬКА

Разам з майстрам вытворчага навучання каледжа Аляксандрам Гончанкам адпраўляемся ў студэнцкі гарадок у палацава-паркавым комплексе, праз які нясе свае воды рэчка Добасна. Векавыя муры добра захаваліся. 

Чырвонабярэжская сядзіба — свайго роду даведнік па гісторыі архітэктурных стыляў у інтэр’еры: гатычны, раманскі, ракако, ман’ерызм, барока, класіцызм… Гэта адзіная беларуская сядзіба, пры аздабленні якой выкарыстаны арабскі стыль — альгамбра.

Акружае будынкі высокая мураваная сцяна. Пасярод — класічная парадная брама з вежамі, выкла- дзенымі чырвонай цэглай. Асфальтаваная дарога вядзе да вытворчай базы каледжа, у гаражах сельскагаспадарчая тэхніка. Аляксандр Рыгоравіч знаёміць з выхаванцамі — трэцякурснікамі Уладзімірам Цыбулькам, Раманам Дубадзелавым, Сяргеем Царкевічам, Дзмітрыем Фешчанкам. Сам ён вадзіцель першага класа. Працаваў шафёрам у гаспадарках Жлобінскага раёна. Прайшоў перападрыхтоўку ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце і ўжо дзесяць гадоў займаецца з навучэнцамі каледжа. Выпускнікі працуюць у гаспадарках Гомельшчыны. Некаторыя працягваюць вучобу па скарочаным курсе ў аграрных вышэйшых навучальных установах.

Пасля заканчэння каледжа плануе атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Валянціна Фёдарава:

— У нас традыцыя, каб мара здзейснілася, падыдзі да каменя-валуна ў форме савы. Ляжыць ён непадалёк ад рэчкі Добасны ў парку. Шчыра папрасі — задуманае здзейсніцца.

Навучэнцы каледжа Раман ДУБАДЗЕЛАЎ, Валянціна ФЁДАРАВА, Сяргей ЦАРКЕВІЧ, Дзмітрый ФЕШЧАНКА

ЗАПАВЕТНАЯ мара дзяцінства ў ветэрана вайны і працы Вольгі Яўрэзавай — стаць медыкам. Закончыла Жлобінскую школу медсясцёр. Збіралася вучыцца далей, але грымнула вайна. Першымі яе пацыентамі сталі параненыя байцы партызанскага атрада “Жалязняк” з прыдняпроўскіх лясоў. Суправаджала параненых у бяспечную зону, адкуль падтрымлівалася паветраная сувязь з “Вялікай зямлёй”. Восенню 1943 года партызаны з байцамі Чырвонай Арміі вызвалялі Жлобін. Каля вёскі Горваль завязаўся цяжкі бой. З-пад абстрэлу медсястра вынесла восем параненых байцоў. За гэты подзвіг атрымала медаль “За адвагу”. У арсенале баявых узнагарод Вольгі Антонаўны — ордэн Айчыннай вайны I ступені, ганаровы медаль “Партызану Айчыннай вайны” II ступені. 

У вызваленых ад акупантаў вёсках медсястра Вольга Яўрэзава змагалася з эпідэміяй тыфу. У першыя пасляваенныя гады працавала сакратаром Чырвонабярэжскага сельсавета. Закончыла Бабруйскую фельчарска-акушэрскую школу і вярнулася загадваць ФАПам сельгас- тэхнікума. У семдзесят гадоў пайшла на заслужаны адпачынак. Разам з мужам выхавалі дваіх сыноў.

Пад адным дахам з легендарнай медсястрою жыве маці-гераіня Марыя Кароль. У Чырвоны Бераг прыехала з сям’ёю з петрыкаўскай вёсачкі Ільіч, якую знеслі. Амаль два дзесяцігоддзі даіла там калгасных кароў. І ў Чырвонабярэжскім вучгасе ўзяла дойную групу. Дапамагалі на ферме муж і сямёра дзяцей. Дзеці выраслі, займелі свае сем’і. Даяркамі сталі дочкі Таццяна і Наталля і ўнучкі Святлана і Алеся. Усе працуюць на малочна-таварнай ферме “Гарбачоўка” КСУП “Чырвонабярэжскі”. Атрымалі жыллё ад гаспадаркі. Сыны Барыс і Мікалай таксама засталіся на вёсцы, вырошчваюць хлеб.

Брыгада «хуткай дапамогі»: Юрый БРУШКОЎ, Святлана ПІНЧУК, Серафіма КУЗЬМІНАВА

Трынаццаць унукаў і дзесяць праўнукаў у аўдавелай Марыі Антонаўны. За кожнага хвалюецца, перажывае. Хваробамі адгукаецца цяжкая праца даяркі ў мінулым. Зусім іншыя ўмовы цяпер на фермах КСУП “Чырвонабярэжскі”, якім кіруе Карэн Мурадзян. Аўтаматызаваны дойка, кармленне жывёлы. 

Энерганасычаная тэхніка дазваляе спраўляцца з сельгасработамі. Камбайны ў чаканні жніва. Убіраць збожжавыя хлебаробам дапамогуць навучэнцы каледжа, рабочыя са Жлобіна. На палях і фермах гаспадаркі заняты паўтары сотні мясцовых жыхароў. Пасля закрыцця крухмальнага і кансервавага заводаў паўстала праблема працаўладкавання. 

– Для больш эфектыўнай дзейнасці крухмальны завод перадалі Гомельскаму тлушчакамбінату, — тлумачыць старшыня Жлобінскага райсавета дэпутатаў Міхаіл Касюкоў. — Але кіраўніцтва прадпрыемства мер не прыняло. Вытворчасць стаіць. Рабочыя страцілі працоўныя месцы. Шукаем варыянты выйсця. Не вытрымаў канкурэнцыі кансервавы завод, ён перададзены ва ўласнасць Белспажыўсаюза. Частку памяшканняў арэндуе будаўнічая фірма. Плануем у Чырвоным Беразе актыўна развіваць турызм. Выдзяляюцца дзяржаўныя сродкі на пачарговае абнаўленне палацава-паркавага комплексу. Архітэктурны шэдэўр, дзе зараз адміністрацыя каледжа, будзе перададзены музейнаму комплексу. У адрэстаўрыраваным палацы адкрыем кафэ. У радыусе трыццаці кіламетраў ад Жлобіна ў вёсках няма пакінутых сядзіб. Гараджане скупляюць участкі пад лецішча, актыўна будуюцца і вяскоўцы. 

Чырвонабярэжскі палац. Пачатак ХХ стагоддзя.

– НЯМА пустуючых сядзіб і ў нашым аграгарадку, — адзначае кіраўнік спраў сельсавета Таццяна Міхаленка. — Пабольшылася жыхароў пасля чарнобыльскай катастрофы. Маладзечанскія і жлобінскія спецыялісты аператыўна забудавалі дзве новыя вуліцы для перасяленцаў. Паганянскай назвалі вуліцу, куды перабраліся жыхары хойніцкай вёскі Пагоннае. 

За апошнія гады з’явіліся тры новыя забудаваныя прыгожымі катэджамі вуліцы: Маладзёжная, Лясная і Першамайская. Там жывуць у асноўным сем’і працаўнікоў КСУП “Чырвонабярэжскі”. Пад забудову бяруць надзелы маладыя. Выдзелілі сядзібу сям’і Настассі і Ігара Багданцоў. 

Летась дваццаць пар зарэгістравалі шлюб у сельсавеце. Дзясятак новых сем’яў папоўнілі аграгарадок і сёлета. Звычайна восень — час вяселляў. Няхай яна выдасца шчодрай і на іншыя добрыя справы ў сямісотгадовым Чырвоным Беразе.

Жлобінскі раён

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter