Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Чым багаты “Крывічы”

На чарговым справаздачна-выбарчым сходзе кіраўніком вядомай у Іркуцку беларускай суполкі зноў абрана Воля Галанава

Змястоўнай, цікавай атрымалася справаздача старшыні Беларускага клуба “Крывічы” Волі Галанавай: бо добра працавала суполка. За тры гады, з красавіка 2015-га, мы правялі мноства сацыяльна-значных мерапрыемстваў, масавых народных святаў, гістарычных вечарын, тэматычных круглых сталоў... Самымі значнымі былі, пэўна, штогадовыя “Беларускія кірмашы” — міжнародныя фэсты, на якія едуць як беларускія гурты й выканаўцы з усёй Іркуцкай вобласці, так і госці з іншых рэгіёнаў Расіі. Сустракаем і вядомых артыстаў з Беларусі: у 2015-м быў блюзавы й джазавы выканаўца, аўтар песень і музыкі Юры Несцярэнка, у 2016-м — таленавіты бард, выканаўца рамантычнай музыкі й песень Таццяна Беланогая, у 2017-м — яркі народны музыка-віртуоз, саліст Беларускай дзяржфілармоніі, кіраўнік гурта “Вурай” Сяргей Доўгушаў. Таленавітыя госці з Бацькаўшчыны падарылі нам, усім іркуцянам незабыўныя, унікальныя хвіліны эстэтычнай асалоды.

Дружнаю сям’ёй жывуць у Іркуцку беларускія “Крывічы” 

Знакавай падзеяй для Іркуцка сталі восеньскія Дажынкі-2015: у нас гасцяваў папулярны беларускі гурт “Без білета” й здымачная група Беларускага тэлебачання (АНТ). Вынік? Нашы “Крывічы” шыкоўна правялі Дажынкі ў вёсцы Тургенеўцы — разам з мінскімі артыстамі, з’явіўся 40-хвілінны фільм, паказаны на канале АНТ: пра Іркуцк, Байкал, іркуцян ды пра мясцовых беларусаў.

Пра справы нашага клуба можна расказваць бясконца. Штомесяц мы праводзім свае яркія імпрэзы, бярэм удзел — як госці — у мерапрыемствах іншых суполак, арганізацый, устаноў. А ўсе, хто быў на справаздачным сходзе, самі “рухавікі” ды “галоўныя дзейныя асобы” ў тых праектах. Таму аднагалосна працу старшыні клуба “Крывічы” Волі Галанавай ацанілі на “Выдатна”, хоць у пратакол, кіруючыся канцылярскім рэгламентам, давялося пісаць: “Здавальняюча”.

Дарэчы, за тыдзень да сходу “Крывічы” зладзілі Дзень Беларускай культуры ў вёсцы Тарнопаль Балаганскага раёна Іркуцкай вобласці: там, за 305 км ад Іркуцка, і цяпер жывуць нашчадкі беларускіх перасяленцаў. Гэта — наш стыль працы: ісці “ў народ”. Вёска Тарнопаль — вельмі каларытная, імпрэзы ж праходзілі на базе вясковай сярэдняй школы. Мы зладзілі для супляменнікаў вялікую праграму. Спачатку ў актавай зале прайшоў невялікі канцэрт, відэапрэзентацыя нашага клуба. Затым правялі мы некалькі майстар-класаў па традыцыйных беларускіх рамёствах: выцінанка, выраб птушак-вясьнянак ды лялек-абярэгаў, арнаментальных зорачак. Былі майстар-класы па аўтэнтычных спевах, беларускіх побытавых танцах. Прычым праграма доўжылася ўвесь дзень. Вось так мы працуем!

Воля Галанава сама тчэ ручнікі

Рабіла справаздачу на сходзе й рэвізійная камісія. Хоць нашай суполцы і ўдаецца прыцягваць трохі сродкаў для рэалізацыі сваіх планаў, ды ў асноўным усё робіцца за кошт ахвяраванняў актывістаў клуба. Праўда, суполцы ўдалося выйграць грант у 2015-м: з абласнога бюджэту нам выдзелілі 168 тысячаў рублёў. 

У тым жа годзе мы занялі 3-е месца ў гарадскім конкурсе “Лепшы нацыянальна-культурны цэнтр Іркуцка” (прэмія 30 тысяч), у 2016-м сталі другімі (60 тысяч), у 2017-м — зноў 3-е месца (30 тысяч). Былі таксама субсідыі з абласнога бюджэту на частковае пакрыццё выдаткаў на міжнародныя паездкі (2016-ы — 35
тысяч, 2017-ы — 59 тысяч). А летась клуб атрымаў субсідыі ад Упраўлення культуры Іркуцка на рэалізацыю праекта “Трэці міжнародны фестываль “Беларускі кірмаш” (58 тысяч). Усе грошы пайшлі на статутную дзейнасць суполкі. Быццам бы й сума была немалая, ды яна не пакрывае й паловы нашых выдаткаў.

Пасля такіх ды іншых неабходных працэдур мы выбралі новы актыў суполкі на бліжэйшыя тры гады. Пасля дэбатаў старшынёй Іркуцкага Беларускага клуба “Крывічы” зноў абралі Волю Галанаву. Ва Управу (Раду) абраныя Алег Рудакоў, Юля Гайсіна, Таня Чарапанава, Дзяніс Белавусаў. Рэвізійная камісія цяпер — гэта Каця Камінская (старшыня), Ліза й Вадзім Таранушэнкі. 

І ўжо новая справа ў падноўленага кіраўніцтва клуба “Крывічы”: 4-ы Міжнародны фэст “Беларускі кірмаш-2018”. Запрасілі на фэст Алег Хаменку з Мінска: музыка, прадзюсар, радыёвядучы, выкладчык, кампазітар. Ды і ўвогуле чалавек-легенда, які шмат робіць для пашырэння беларускага фальклору праз кампазіцыі ў стылі фольк-мадэрн, які праз творчасць спрыяе ўзаемапранікненню ды ўзаемаўзбагачэнню культур. Ён і — стваральнік, мастацкі кіраўнік фолк-мадэрн гурта “Палац”, сябар Беларускага Рэспубліканскага савета па справах культуры й мастацтва. Што было ў праграме фэсту? Выступалі амаль 20 беларускіх гуртоў ды салістаў з Іркуцка й вобласці, прыязджаў беларускі гурт “Чараўніцы” з Томска, прайшлі майстар-класы па беларускіх народных побытавых танцах, традыцыйных беларускіх рамёствах. Працаваў кірмаш: прадаваліся бела­рускія тавары й вясковыя прадукты. Фэст наш, уваход на які быў вольным, праходзіў ля кінатэатра “Художественный” 26 мая з 13 да 17 гадзін. І гэта быў вельмі прыгожы падарунак гораду, ягоным жыхарам, гасцям сталіцы Усходняй Сібіры ад беларускай дыяспары.

Голас Радзімы № 20 (3572), чацвер, 31 мая, 2018 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...