Чужую бяду адвяду...

Час налажыў на нас свой адбiтак, але не настолькi, каб вынiшчыць усё лепшае

Часам прыходзiцца чуць: маўляў, няма  цяпер у людзей былой высакароднасцi, спагады, мы сталi больш жорсткiмi, прагматычнымi. У нейкай ступенi з такiмi думкамi можна пагадзiцца. Час, канешне, налажыў на нас свой адбiтак, але не настолькi, каб вынiшчыць усё лепшае.

Напэўна, многiя чыталi пра здарэнне ў Бабруйску, калi сабакi ледзь не закусалi да смерцi маладую дзяўчыну, i ёй давялося ампутаваць руку. Пацярпелай спатрэбiўся пратэз. Але дзе ўзяць грошай, калi ён каштуе чатыры тысячы еўра?

У “Рэспублiцы” была надрукавана мая заметка “Хто дапаможа Танi?”. I ведалi б, якую рэакцыю яна выклiкала! Аднымi з першых адгукнулiся на яе з Глыбокскага энергазбыту: маўляў, частку грошай сабралi, але не ведаем, на якi рахунак пералiчыць, падкажыце. Iнiцыятарам гэтай задумы стала юрыст арганiзацыi Iрына Казлоўская. Мы з Iрынай Пятроўнай потым неаднойчы перазвоньвалiся, наводзiлi даведкi, удакладнялi адрасы. Да гэтага часу памятаю яе прачулы, якi iшоў ад сэрца, душы, голас: “Не дай Бог, калi б у каго з нас такое здарылася. Як не адгукнуцца на чужую бяду?!” А яшчэ яна расказвала, што ў iншых арганiзацыях гарадка збiраюць пацярпелай грошы, i я быў удзячны i ёй самой, i яе таварышам, усiм, хто так блiзка да сэрца прыняў чужое гора. Мне Глыбокае стала блiжэй.

А цi ж не заслугоўвае адабрэння ўчынак Мiкалая Трафiмовiча, якi працуе старшым майстрам на заводзе масавых шын вытворчага аб’яднання “Белшына”. Ён за свае грошы вырашыў прэмiраваць лепшых навучэнцаў спецыяльнай школы-iнтэрната. Думаеце, у самога гэтых грошай шмат? Як ва ўсiх, а яшчэ дзвюх дачок трэба падтрымаць матэрыяльна. Але праявiў дабрачыннасць. Тым больш сам некалi зведаў хлеб сiроцкай установы. Нядаўна Мiкалай Iванавiч уручыў такiя “прэмiяльныя” дзецям школы з парушэннем слыху i мовы, а яшчэ раней – сiроцкай установе горада Мсцiслава. Самае важнае, што ў сям’i знайшоў падтрымку. А на працы, калi даведалiся пра ўчынак Трафiмовiча, прапанавалi запрасiць дзяцей на экскурсiю па прадпрыемстве: “Мы тут iх накормiм, усё зробiм, як трэба!”

Да гэтага часу не магу ўсвядомiць i ўчынак намеснiка старшынi гарвыканкама Мiхаiла Кавалевiча. У яго двое сваiх дзяцей, ужо дзядуля, а ён раптам бярэ на выхаванне яшчэ дзвюх дзяўчынак. Чым кiраваўся, якiмi матывамi? Ды, бачна, той жа высакароднасцю, спагадай.

Ён ведаў гэтых дзяцей раней — па суседству былi дачы. Дзеткам жылося несалодка: у адной мацi трагiчна загiнула, а ў другой — запiла... Вось i аказалiся малыя ў прытулку. Як не наведаць? Адзiн раз прыйшоў, другi, а потым i выспела рашэнне забраць iх да сябе. Жонка Наталля Паўлаўна падтрымала: “Яшчэ сiлы ёсць, выгадуем!” Вось ужо гадоў колькi дзецi ў новай сям’i. Новых бацькоў татам i мамай называюць, а тыя iх – дочачкамi.

— Ну як вашы дзецi? – не прамiнуў пры сустрэчы спытаць Мiхаiла Сiдаравiча.

— Ды ўжо вялiкiя (хоць iм па дзесяць гадоў), — адказвае. — Добра вучацца, займаюцца ў розных гуртках. Iмкнёмся развiваць iх здольнасцi. Трохi i пестуем, але не абыходзiцца без строгасцi, павучанняў. Нас яны разумеюць – i гэта галоўнае!

Завяршаючы артыкул, я не стаўлю кропку. Хацелася б, каб нашы чытачы прадоўжылi размову, дапоўнiлi яе сваiмi фактамi i назiраннямi. Мне здаецца, яна заслугоўвае таго.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter