Чэшскi Краток прыехаў у Крупкі

У Мінску адкрыта выстава ілюстрацый да мультфільма «Krtek»

Герой знакамітага мульціка працягвае сваё падарожжа па Беларусі

Нагадаць пра добрага і вясёлага анімацыйнага персанажа — сумесная задума Пасольства Чэхіі ў Беларусі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. З іх «лёгкай рукі» выстава ілюстрацый да мультфільма «Krtek» вядомага мастака Здэнэка Мілера, якія прадаставіла яго дачка Катаржына, пабачыла ўжо залы Мінска і Гомеля, атрымала безліч захопленых водгукаў. І вось зараз амаль што месяц яна будзе радаваць крупчан. «Для мяне дапамога ў арганізацыі гэтай выставы была не працай, а радасцю. На сэрцы цёпла ад таго, што Кратка ведаюць і тут», — сказала на адкрыцці экспазіцыі другі сакратар Пасольства Чэхіі ў Беларусі Дагмар Дзідзенка-Наваградска.

На выставе — 40 ілюстрацый і ліцэнзійны DVD з серыямі мультфільма. У першы ж дзень і дзеці, і дарослыя праявілі непадробную цікавасць, бо многія памятаюць з савецкіх часоў сімпатычнага звярка з вялікімі разумнымі вачанятамі. «Добра, што ўзгадалі. Дагэтуль мульцік быў неяк не на слыху, таму і забыліся. А зараз паглядзелі, і ў памяці ўзніклі добрыя ўспаміны з дзяцінства. Абавязкова набудзем для сваіх дзетак, ды і самі перагледзім, будзе падстава па-добраму пасмяяцца», — адзначалі дарослыя гледачы, а малыя захоплена разглядалі пацешныя карцінкі і смяяліся над прыгодамі на экране.

Дарэчы, першая серыя мультфільма выйшла на экран у 1956 годзе, і адразу Мілер атрымаў узнагароду на Венецыянскім кінафестывалі. Адметна, што гэта серыя адзіная, дзе была мова, а для агучвання Мілер выкарыстаў галасы сваіх дачушак. Далей жа героі паказвалі эмоцыі толькі гукамі, што было зроблена для таго, каб мульцік стаў зразумелым дзецям з розных краін. Усяго ж выпушчана 57 мультфільмаў з вясёлым Кратком, іх пабачылі гледачы больш як 80 краін. А ў Чэхіі і зараз гэты герой надзвычай папулярны.

Выстава ілюстрацый — гэта не толькі цікавая падзея, але і падстава для таго, каб успомніць яшчэ шмат якіх добрых мульцікаў з таго перыяду. Што, без усялякіх сумненняў, надзвычай карысна, бо не шкодзіць часцей адводзіць дзяцей ад мультыплікацыйных монстраў, ад той дынамічнай напругі, дзе ўсё выбухае, рвецца ў бяздонную прастору, ад герояў з ненатуральнымі зласлівымі грымасамі на тварах.

Час перагледзець відэакалекцыі сваіх дзяцей!

На здымку: Вольга, Алінка і Аляксей СУРДОВЫ — сапраўдныя аматары мультыплікацыі.

Фота: Аляксандр БУДЗЬКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter