Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Усё большую папулярнасць у Беларусі набывае конкурс “Эўрыдыка”, на якім гучаць песні з рэпертуару знакамітай спявачкі Ганны Герман

Часцінкі прыгожай душы

У Мінску, у Малой зале Палаца Рэспублікі прайшоў VI агульнанацыянальны фестываль-конкурс “Эўрыдыка”, на якім выконваюцца песні з рэпертуару Ганны Герман. Вітаючы спевакоў, гледачоў, Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік нагадаў, што імпрэза мае важнае значэнне ў кантэксце 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных стасункаў паміж незалежнай Беларуссю і Польшчай. З кожным годам, адзначыў дыпламат, фестываль развіваецца і набывае вышэйшы ўзровень. А гэта сведчыць, што песні Ганны Герман важныя і для палякаў, і для беларусаў. Амбасадар падзякаваў дырэктару і арганізатару фестывалю Марыне Таварніцкай, калектывам, хорам і салістам, якія цягам двух дзён выконвалі песні Ганны Герман. Конкурс ладзілі Амбасада і Кансулят Польшчы ў Мінску, Інстытут польскі ды Зеленагурскі цэнтр культуры.

Удзельнікі фестывалю-конкурсу “Эўрыдыка”
фота: Эла Дзвінская

Выступленні ў трох намінацыях ацэньвала журы у складзе шасці чалавек: пані Агата Медыньска, артыстка Белдзяржфілармоніі Таццяна Старчанка, спявак Пётр Ялфімаў, польскі кампазітар Марэк Раўскі і біёграф Ганны Герман, аўтар трох кніг пра яе Іван Ільічоў з Масквы. У зале былі прадстаўнікі польскай дыяспары, святары мінскага Чырвонага касцёла, выкладчыкі, студэнты Беларускай Акадэміі музыкі.

Голас Ганны Герман па гэты час — з намі. Сама ж яна, як адзначалі арганізатары конкурсу, даўно стала сімвалам чысціні, спакою і шчырасці. На ранейшых фестывалях гучалі вершы розных паэтаў, прысвечаныя спявачцы. Яўгенія Янішчыц пісала: “Вы ўся такая маладая,/ і валасы шумяць як травы,/ Смяецца голас і вітае/ на сціплых вулачках Варшавы”. Ганна Герман валодала чыстым і пяшчотным голасам: з ім асацыяваліся лепшыя жаночыя рысы, ён кранаў сэрцы мільёнаў. Удзельнікі фестывалю-конкурсу “Эўрыдыка” пранікліся духам яе творчасці, набліжаліся да вялікай спявачкі па танальнасці выканання.

У гала-канцэрце, які адбыўся ў Дзень работнікаў культуры Беларусі, выступілі дыпламанты і лаўрэаты фестывалю: Іна Траян, Паліна Данская, гурт “Бліскавіца” і гурт “Piątka”, ансамбль “Арс-Лонга” з Ракаўскай школы мастацтваў. Гучалі песні пра каханне, спевы пра восень. Наталля Каспяровіч і Надзея Бронская выканалі песню, прысвечаную маці. Юлія Скурко ды Іван Ільічоў з Масквы праспявалі восеньскую мелодыю. Паліна Данская была тэмпераментнай у “Тango de amor”.

Гран-пры фестывалю атрымала артыстка Белдзярфілармоніі Галіна Сакольнік з цудоўным мецца-сапрана, знешне падобная да спявачкі. Летам яна ўдзельнічала ў турнэ па Польшчы, дзе яе цёпла прымалі слухачы.

Фота: Эла Дзвінская

Жыццё Ганны Герман, як вядома, было няпростым. Нарадзілася яна 14 лютага 1936 года ў Савецкім Саюзе. Бацька загінуў пад час сталінскіх рэпрэсій. У гады Вялікай Айчыннай вайны пасля доўгіх скітанняў маці яе, Ірма Мартэнс, выйшла замуж за Германа Бернера, афіцэра войска Польскага. Калі дзяўчынка закончыла першы клас, яе сям’я пераехала ў Польшчу. Пасля заканчэння Уроцлаўскага ўніверсітэта Ганна атрымала дазвол працаваць на эстрадзе. Паспяхова дэбютавала на III Міжнародным фестывалі песні ў Сопаце (1963). Атрымаўшы стыпендыю Міністэрства культуры, дзяўчына паехала ў Італію браць урокі вакала. У 1965-м выйшаў яе першы дыск, і яна стала папулярнай у Еўропе.

На піку славы спявачка перанесла цяжкія выпрабаванні: аўтакатастрофа пазбавіла яе магчымасці тры гады выходзіць на сцэну. Сіла духа і настойлівасць дапамаглі вярнуцца да эстраднай творчасці. У 37 гадоў яна ўзяла шлюб з даўнім сябрам Збігневам Тухольскім, а праз два гады нарадзіла сына Збышака. Свае пачуцці да каханага, пяшчоту да сына, любоў да маці Ганна Герман перадавала ў песнях. Таму й сёння тыя творы маюць у сабе часцінкі прыгожай душы спявачкі, гучаць свежа і шчыра ў выкананні беларускіх і польскіх артыстаў.


Эла Дзвінская

Голас Радзімы № 40 (3544), чацвер, 19 кастрычніка, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter